Сьцісла
- За дзесяцігодзьдзі пасьля аварыі зацьвердзілася ўяўленьне пра беларускае грамадзтва як чарнобыльскую нацыю, моцна траўмаваную гэтай катастрофай.
- Чарнобыльская праблематыка была важным чыньнікам фармаваньня апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці ў краіне.
- Улады перахапілі ў апазыцыі чарнобыльскую тэму ў сярэдзіне 1990-х гадоў і манапалізавалі яе, адсякаючы ўсякія альтэрнатывы.
Чарнобыльская траўма
26 красавіка будзе роўна 40 гадоў з дня адной з самых страшных усясьветных тэхнагенных катастрофаў. Як вядома, Беларусь больш за іншых пацярпела ад Чарнобыльскай аварыі.
За гэтыя дзесяцігодзьдзі ў асяродзьдзі публіцыстаў і экспэртаў зацьвердзілася ўяўленьне пра беларускае грамадзтва як чарнобыльскую нацыю, моцна траўмаваную гэтай катастрофай. Беларусь панесла вялізныя эканамічныя страты. 23% яе тэрыторыі, на якой жылі амаль 2 мільёны чалавек, было заражана радыенуклідамі. Гаспадарчая дзейнасьць там або стала зусім немагчымая, або зьвязаная зь вялікімі праблемамі.
Чарнобыльская праблема стала важным кірункам дзяржаўнай палітыкі
Чарнобыльская праблема стала важным кірункам дзяржаўнай палітыкі. У першыя гады пасьля аварыі паўстаў адмысловы орган — Дзяржаўны камітэт у праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У краіне зьявіўся невядомы ў іншых дзяржавах сацыяльны пласт — чарнобыльцы.
Напісаныя горы літаратуры (навуковай і мастацка-публіцыстычнай), у якой даказваецца, што Чарнобыль як знак бяды глыбока ўмантаваны ў масавую сьвядомасьць грамадзтва, стаў неад’емнай часткай мэнталітэту, гістарычнай памяці беларускага народу. Гэтая тэхнагенная катастрофа ператварылася ў сымбаль, культуралягічны вобраз («праўны Чарнобыль», «эканамічны Чарнобыль»).
Сьвятлана Алексіевіч у сваёй «Чарнобыльскай малітве» паказвае, што аварыя стала цяжкай псіхалягічнай траўмай для грамадзтва.
Чарнобыль як фактар палітыкі
Некаторыя дасьледнікі менавіта постчарнобыльскім сындромам тлумачылі праблемы дэмакратычнай трансфармацыі Беларусі, выводзілі беларускую сацыяльную мадэль наўпрост з Чарнобылю. Маўляў, патэрналісцкая мадэль дзяржавы — гэта адэкватны адказ на існаваньне вялікай колькасьці чарнобыльцаў, то бок сацыяльна неабароненых людзей зь нізкімі рэсурсамі, якім патрэбная апека ад улады. І гэта ў пэўным сэнсе пацьвярджалі факты.
Самымі масавымі вулічнымі акцыямі апазыцыі ў 1989–1996 гадах былі «Чарнобыльскія шляхі»
Ува ўсіх электаральных кампаніях першых дзесяці гадоў кіраваньня Лукашэнкі чарнобыльскія раёны дэманстравалі найвышэйшы ўзровень падтрымкі ягонаму курсу. Гэтак, на рэфэрэндуме 1996 году ў Веткаўскім раёне ўдзельнічалі ў галасаваньні 99,3% выбарнікаў (агулам у краіне, паводле афіцыйных зьвестак, — 84%), прэзыдэнцкі праект Канстытуцыі падтрымалі 98,5% чалавек (у цэлым у Беларусі — 70%).
Чарнобыльская праблематыка была важным чыньнікам палітычнай сілы і для апазыцыі. Можна сказаць, што БНФ узьняўся на мяжы 1980–1990-х гадоў менавіта на чарнобыльскай тэме. Самымі масавымі вулічнымі акцыямі апазыцыі ў 1989–1996 гады былі «Чарнобыльскія шляхі».
Кіраўнік найбольш вядомага дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобыля» Генадзь Грушавы любіў апавядаць, што чарнобыльскія ініцыятывы — гэта аснова фармаваньня грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Сапраўды, падобных фондаў, ініцыятываў было ў 1990-я гады шмат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Я ня дам Чарнобылю ніякіх шанцаў». 75 гадоў таму нарадзіўся Генадзь ГрушавыПарадаксальная рэакцыя грамадзтва
І на гэтым постчарнобыльскім фоне, здавалася б, Беларусь стане апошняй краінай, дзе будзе пабудаваная атамная электрастанцыя ці разьмешчана ядзерная зброя, і толькі палітычны самагубца можа выступіць з падобнай прапановай.
І тым ня менш гэта здарылася. Ужо пяць гадоў як працуе Беларуская АЭС у Астраўцы, пабудаваныя два энэргаблёкі, абмяркоўваюцца пляны будаўніцтва трэцяга. У 2023 годзе было аб’яўлена аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай ядзернай зброі. Ніякай шокавай рэакцыі ў грамадзтве гэта ня выклікала. Большасьць насельніцтва абсалютна абыякава ўспрыняла гэтую навіну. Ніякіх больш-менш масавых пратэстаў не адбылося нават да 2020 году, калі гэта яшчэ было магчыма. Дык ці існуе чарнобыльская траўма?
Вось апошняя вайна пакінула глыбокую рану ў гістарычнай памяці народу. І гэта адгукаецца ў культавай формуле народнага фальклёру «абы не было вайны». Наконт няўдзелу Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны ў грамадзтве існуе кансэнсус. Дык чаму ж беларусы кажуць «абы не было вайны», але ня кажуць «абы не было АЭС»? Чарнобыль такой чорнай меткі не пакінуў?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Як мянялася стаўленьне да вайны беларусаў, украінцаў і расейцаў? Агляд апытаньняўСацыялёгія і палітыка ўладаў
Сацыялягічныя апытаньні ў Беларусь аб стаўленьні да будаўніцтва АЭС праводзілі зь сярэдзіны 2000-х гадоў. Яны паказваюць прыкметную эвалюцыю грамадзкай думкі — ад скепсісу да ўмеркаванай падтрымкі. Напачатку станоўча ставіліся да разьвіцьця атамнай энэргетыкі каля 30% насельніцтва, супраць былі амаль 45–50%. Потым пад узьдзеяньнем дзяржаўнай прапаганды суадносіны выраўняліся. Апошнімі гадамі, калі АЭС ужо запрацавала, падтрымка АЭС у Беларусі складае звыш 40% (з ваганьнямі да 50% у розныя гады), супраць выказваюцца каля 30–35% рэспандэнтаў.
Што тычыцца разьмяшчэньня ў Беларусі ядзернай зброі, то тут сацыялёгія паказвае, што большасьць насельніцтва адназначна супраць гэтага рашэньня.
На затуханьне чарнобыльскай праблематыкі моцна ўплывае пазыцыя ўладаў
Той факт, што апошнім часам чарнобыльская тэма ў інфармацыйнай прасторы згадваецца раз у год, у гадавіну катастрофы, кажа пра многае. На затуханьне чарнобыльскай праблематыкі моцна ўплывае пазыцыя ўладаў. Аляксандар Лукашэнка даводзіць, што высяленьне людзей з заражанай зоны было памылкай, што трэба вяртаць туды насельніцтва і ўводзіць «брудныя» зямлі ў сельскагаспадарчы абарот. Улады згарнулі большасьць чарнобыльскіх праграмаў, рэзка скарацілі льготы чарнобыльцам.
Чым гэта растлумачыць? Атрафаваным інстынктам самавыжываньня ці бракам чарнобыльскага сындрому ў масавай сьвядомасьці беларусаў?
І зьвярніце ўвагу — нават моцнага экалягічнага руху, уплывовай зялёнай партыі ў Беларусі не ўзьнікла. На палітычнай арэне да 2020 году былі бачныя нацыяналістычныя, лібэральныя, сацыялістычныя, камуністычныя, хрысьціянскія партыі й рухі. А зялёныя заставаліся ў маргінальным стане.
Ці зьнік постчарнобыльскі сындром?
Дык ніякай постчарнобыльскай нацыі няма? І ўся велізарная колькасьць кніг, твораў культуры на гэтую тэму, развагі пра глыбокую траўму, пра паранены соцыюм — ня больш чым мастацка-публіцыстычныя міты і гіпэрбалы?
І так, і не. Постчарнобыльскі сындром існаваў 25-30 гадоў пасьля аварыі, але паступова расьцерушыўся. Па-першае, таму, што зьявіліся іншыя, мацнейшыя пагрозы і небясьпекі, на фоне якіх наступствы Чарнобылю перасталі ўспрымацца як такія. Напрыклад, грамадзтва больш балюча адчувае траўму 2020 году, чым чарнобыльскую.
Грамадзтва больш балюча адчувае траўму 2020 году, чым чарнобыльскую
Па-другое, палітычны рэжым Аляксандра Лукашэнкі здольны моцна ўплываць на масавую сьвядомасьць. Ён удала перахапіў у апазыцыі чарнобыльскую тэму ў сярэдзіне 1990-х гадоў і манапалізаваў яе, адсякаючы ўсякія альтэрнатывы.
Зразумела, гэта не вычарпальнае тлумачэньне. Рызыкну сьцьвярджаць, што калі мы зразумеем, чаму зьнік чарнобыльскі сындром, то адкажам на пытаньне, што ж адбылося зь беларускім грамадзтвам за апошнія 30 гадоў — за час лукашэнкавага панаваньня.
І апошняе. У іншых расколатых нацыях усенародная бяда абʼядноўвае, кансалідуе народ. У Беларусі ўсё наадварот. Кожная гадавіна Чарнобыльскай катастрофы становіцца чыньнікам найбольш вострага грамадзка-палітычнага, інфармацыйнага супрацьстаяньня паміж уладай і апазыцыяй.
Што важна ведаць пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС
Аварыя на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 году лічыцца самай вялікай тэхнагеннай катастрофай XX стагодзьдзя.
- У атмасфэру было выкінута радыеактыўных рэчываў у 300 разоў больш, чым пасьля атамнага бамбаваньня Хірасімы ў 1945 годзе.
- З усіх краін ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы Беларусь пацярпела найбольш — на тэрыторыі Беларусі асела звыш 70% радыенуклідаў, найбольш забрудзіўся 21 раён.
- З 2,2 мільёна чалавек, якія жылі на забруджаных землях, эвакуавалі і адсялілі 138 тысяч, яшчэ каля 200 тысяч самі зьехалі з пацярпелых тэрыторый.
- У 1986 годзе падчас аварыі на ЧАЭС з разбуранага рэактара было выкінута 1850 пэтабэкерэляў радыенуклідаў, пры гэтым на долю радыеактыўнага цэзію прыпала 270 пэтабэкерэляў. Пэрыяд паўраспаду цэзію-137 — 30 гадоў.