Міністэрства прыроды перад Радаўніцай выступіла за забарону штучных плястыкавых кветак

Штучныя кветкі на магіле ў Беларусі. Архіўнае фота

Беларусам раяць высаджваць на могілках жывыя кветкі, невялікія хваёвыя расьліны, сеяць траву.

Як паведамляе агенцтва БелТА, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Беларусі цяпер рыхтуе праект Экалягічнага кодэксу.

Адной зь яго мэтаў будзе забарона вытворчасьці некаторых тавараў, адыходы ад якіх цяжка ці немагчыма перапрацаваць. Праект Экалягічнага кодэксу прадугледжвае паўнамоцтвы Савету Міністраў на зацьверджаньне такога сьпісу, у тым ліку ўключэньне ў яго штучных плястыкавых кветак.

Прычына — штучныя кветкі доўга раскладаюцца, нэгатыўна ўплываюць на навакольле, забруджваюць глебу і падземныя воды. «Каб мінімізаваць утварэньне адыходаў, для якіх у краіне няма магчымасьці выкарыстаньня і нэўтралізацыі, стратэгія абыходжаньня з адыходамі вытворчасьці і спажываньня прадугледжвае ўвод абмежаваньняў на вытворчасьць і пастаўку тавараў, якія ў выніку прыводзяць да ўтварэньня гэтага віду адыходаў», — паведамляе Міністэрства прыроды.

Там раяць высаджваць на могілках жывыя кветкі, газонную траву, невялікія хвойнікі.

Адмыслоўцы называюць штучныя кветкі «сьмецьцем, якое наносіць шкоду прыродзе, вылучаючы таксычныя рэчывы, забруджваючы глебу, паветра і грунтовыя воды». Пры іх спальваньні вылучаюцца цяжкія мэталы і дыяксыны, якія нэгатыўна ўплываюць на здароўе.

Штогод пасьля сьвятаў на палігоны цьвёрдых камунальных адкідаў вывозяць каля 1 мільёна плястыкавых кветак. Тэрмін іх раскладаньня — ад 100 да 500 гадоў. Перапрацаваць іх немагчыма, — падкрэсьліваюць у Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя.

Яшчэ дзесяцігодзьдзе таму ў Беларусі не было традыцыі масава прыносіць на могілкі плястыкавыя кветкі. Раней завязвалі на помнікі і крыжы ручнікі й стужкі, саджалі жывыя кветкі й дрэвы.

Супраць упрыгожваньня магілаў плястыкам выступаюць і царкоўныя ўлады — як каталіцкія, так і праваслаўныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Экалягічнае бедзтва. Міністэрства прыроды перад сьвятамі заклікала адмовіцца ад плястыкавых кветак на могілках