Іран зноў закрыў Армускую пратоку ў адказ на амэрыканскую морскую блякаду. Танкеры трапілі пад абстрэл

Некалькі караблёў 18 красавіка пасьпелі прайсьці Армускую пратоку

Паводле прадстаўніка цэнтральнага штабу Ірану, кантроль над пратокай «вярнуўся ў ранейшы стан» і яна знаходзіцца пад «пад строгім кіраваньнем і кантролем» іранскіх вайскоўцаў.

У Тэгеране падкрэсьлілі, што абмежаваньні захаваюць да таго часу, пакуль Вашынгтон не адмовіцца ад морскай блякады.

Пасьля гэтай заявы цераз пратоку прайшоў круізны лайнэр пад сьцягам Мальты — ён выйшаш з Дубаю пасьля амаль што 47 дзён прастою. За лайнэрам на маршрут цераз Армускую пратоку пачалі вяртацца і нафтавыя танкеры.

Пазьней агенцтва Reuters паведаміла, што сама меней два гандлёвыя караблі пры спробе прайсьці цераз пратоку 18 красавіка трапілі пад абстрэл.

Паводле Брытанскага агенцтва гандлёвага суднаходзтвя (UKMTO), на якое спасылаецца агенцтва, інцыдэнт адбыўся за 20 марскіх міляў (прыблізна 37 кілямэтраў) на паўночны ўсход ад Аману. Абстрэл вялі з двух кананэрскіх чаўноў, падобна, зьвязаных з іранскім Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі.

На адным з караблёў пашкоджаныя кантэйнэры, сам вадаплаў і экіпаж нібыта не пацярпелі.

17 красавіка міністар замежных справаў Ірану Абас Арагчы абвясьціў пра адкрыцьцё Армускай пратокі на час дзеяньня пагадненьня аб спыненьні агню паміж Лібанам і Ізраілем.

Пасьля гэтага прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў аб працягу морскай блякады Ірану. «Армуская пратока цалкам адкрытая і гатовая да бізнэсу і поўнага праходу, але морская блякада будзе заставацца ў поўнай сіле і дзеяньні выключна ў дачыненьні да Ірану — да таго часу, пакуль наша ўгода з Іранам ня будзе завершаная на 100%. Гэты працэс павінен прайсьці вельмі хутка, бо большасьць пунктаў ужо ўзгодненая», — напісаў Трамп у Truth Social.

Празь некалькі гадзін пасьля гэтых заяваў Ірану і ЗША нафта патаньнела больш як на 10%, а фондавыя рынкі паказалі імклівы рост.

  • Праз Армускую пратоку праходзіць больш за 20% усясьветных паставак нафты і звадкаванага газу. Іран спыніў рух гэтым маршрутам неўзабаве пасьля пачатку супольнай ізраільска-амэрыканскай апэрацыі, а з 13 красавіка ЗША ўвялі блякаду іранскіх партоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Іран адкрыў Армускую пратоку. Трамп заявіў, што блякада іранскіх партоў працягнецца да заключэньня ўгоды


Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану

28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.

Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.

Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.

Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.

Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.

Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.

У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.

2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.

У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.

8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.