Івулін патлумачыў, чаму працягвае ствараць беларускі зьмест, калі гэта не грашавітая справа

Аляксандар Івулін

Журналіст і аўтар гістарычнага праекту «Загляне сонца» Аляксандар Івулін патлумачыў, чаму працягвае займацца беларускім зьместам, нягледзячы на абмежаваную папулярнасьць і брак істотнай фінансавай аддачы.

Паводле яго, беларускамоўныя і гістарычныя праграмы традыцыйна лічацца «непапулярнымі» для плятформаў накшталт YouTube. Аднак Івулін называе гэта выклікам.

«Як казаў мой зямляк Уладзімер Караткевіч, „рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як ня робіць ніхто, — і тады пераможаш“. Я раней думаў, што немагчыма нічога рабіць пра беларускі футбол, бо ён нікому не цікавы, так, каб глядзелі дзясяткі тысяч. Немагчыма рабіць інтэрвію зь беларусамі, каб глядзелі дзясяткі тысяч, немагчыма рабіць пра гісторыю. Дык давайце зробім так, каб глядзелі дзясяткі тысяч», — кажа Івулін.

Досьвед паказаў Івуліну, што нават такія нішы могуць зьбіраць дзясяткі тысяч праглядаў. Цяпер яго мэта — дасягнуць такіх жа вынікаў і ў гістарычным праекце.

«Магчыма, гэта прагучыць патасна, але маю адчуваньне, што я ўжо перарос футбольчык. Вельмі хочацца, каб пасьля цябе нешта засталося. Гэта сапраўды вельмі важна», — лічыць журналіст.

Журналіст таксама зьвяртае ўвагу на складанасьці: крыміналізацыю часткі беларускага зьместу і вонкавыя абмежаваньні. Аднак, нягледзячы на гэта, ён імкнецца не замыкацца ў «бурбалцы» і надалей працаваць для сваёй аўдыторыі.

«Хочацца рабіць сваё для сваіх, знаёміць адно з адным і даваць адчуваньне сьвятла», — падкрэсьліў Івулін.

У сакавіку каманда, якая працавала з памерлым летась журналістам Мікітам Мелказёравым, заявіла аб аднаўленьні гістарычнага праекту «Загляне сонца».

«Саша Івулін падхапіў сьцяг свайго сябра Мікіты Мелказёрава і працягне расказваць цікавыя рэчы пра беларускую гісторыю. Нам усё яшчэ цяжка ўсьвядоміць новую рэальнасьць, але разам перажываць гора, здаецца, прасьцей», — паведамілі ў Telegram-канале «Жыцьцё-маліна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Гісторыя Беларусі стала для мяне апірышчам». Івулін пра тое, што дае яму сілу