На тэрыторыі парахавога заводу ў Казані каля 18-й гадзіны адбыўся пажар і частковае абрушэньне канструкцыяў. Паводле афіцыйнай вэрсіі, прычына здарэньня мае тэхнагенны характар.
У сацыяльных сетках людзі пісалі пра выбух у раёне заводу. Аднак у прэс-службе кіраўніцтва Татарстану заявілі, што «гучны гук і хвалю людзі адчувалі, бо спрацавала спэцыяльная сыстэма скіду ціску, прадугледжаная тэхнікай бясьпекі акурат для такіх выпадкаў», перадае «Татар-информ».
Пацярпелі два чалавекі, іх шпіталізавалі з траўмамі рознай ступені цяжкасьці, паведаміла рэгіянальнае Міністэрства аховы здароўя.
Зьвестак пра налёт украінскіх дронаў ці ракет у Татарстане ў аўторак не было, адзначыла Руская служба Бі-бі-сі.
Казанскі парахавы завод — найстарэйшы ў Расеі. Прадпрыемства выпускае ўсе маркі пораху і зарады практычна да ўсіх відаў узбраеньня, а таксама іншыя хімічныя вырабы.