Дзьмітрый Жук нарадзіўся 7 ліпеня 1970 года ў вёсцы Леткаўшчына Слуцкага раёна — гэта радзіма ягонага бацькі, вядомага беларускага пісьменьніка, перакладчыка і сцэнарыста Алеся Жука. Дзьмітрый нарадзіўся, калі бацька быў на апошнім курсе філфаку БДУ. Алесь Жук перакладаў на беларускую мову творы Булгакава, Трыфанава, Траепольскага, Кацюбінскага ды іншых. Пісаў па-беларуску: аўтар шматлікіх зборнікаў прозы, аповесьці «Паляваньне на апошняга жураўля». Ён ачольваў выдавецтва «Мастацкая літаратура», тыднёвік «Літаратура і мастацтва», працаваў у часопісах «Маладосьць», «Полымя», «Нёман», «Беларусь». Быў сябрам апазыцыйнага ўладам Саюза беларускіх пісьменьнікаў. Памёр Алесь Жук у 2022 годзе.
Вокладка кнігі бацькі будучага міністра інфармацыі
Напачатку сын пайшоў па сьлядах бацькі, у 1992 годзе Дзьмітрый Жук скончыў філялягічны факультэт БДУ па спэцыяльнасьці «выкладчык беларускай і расейскай мовы і літаратуры». Год адпрацаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў гімназіі № 199 Менску, але пасьля перайшоў у журналістыку.
З 1993 па 1997 гады працаваў у выдавецка-інфармацыйным цэнтры Нацбанка Беларусі. У 1997–1999 гадах — у прадстаўніцтве расейскага інфармацыйнага агенцтва «Интерфакс» у Беларусі.
Па-беларуску Жук, маючы філялягічную адукацыю, не гаворыць, нават калі ягоныя суразмоўцы беларускамоўныя. Гэта можна заўважыць, да прыкладу, у перадачы «Клюб рэдактараў».
У лістападзе 1999 года Дзьмітрыя Жука прызначылі кіраўніком прэс-службы Лукашэнкі. «БелГазета» пісала пра яго ў той час: «Не запомніўся журналістам цяперашні кіраўнік прэс-службы прэзыдэнта Дзьмітрый Жук, усе функцыі якога абмяжоўваліся фільтраваньнем журналістаў, запрошаных на мерапрыемствы з удзелам прэзыдэнта». Карэспандэнтам Радыё Свабода Жук заўсёды ветліва адмаўляў у акрэдытацыі на імпрэзы з Лукашэнкам з фармулёўкай «колькасьць месцаў абмежаваная».
15 гадоў быў дырэктарам БелТА, замяніў Якубовіча ў СБ
У 2003 годзе Дзьмітрыя Жука прызначылі на пасаду кіраўніка праўладнага інфармацыйнага агенцтва БелТА. У той час яму было ўсяго 33 гады. На дзьвярах кабінэта Жука ў БелТА вісела таблічка з выслоўем Чэ Гевары: «Стаміўся — адпачні. Але пасьля гэтага ты ўжо ніколі ня будзеш байцом рэвалюцыі». На гэтай пасадзе Жук адпрацаваў да 2018-га, пасьля чаго быў прызначаны галоўным рэдактарам холдынгу «СБ — Беларусь сегодня», зьмяніўшы на пасадзе легендарнага Паўла Якубовіча, які ачольваў «СБ» цягам 24 гадоў.
Зьлева направа: Ігар Луцкі, Іван Эйсмант, Дзьмітры Жук і Аляксандар Лукашэнка
Пад кіраўніцтвам Жука адыёзныя журналісты кшталту Андрэя Мукавозчыка, Людмілы Гладкай, былой праваабаронцы Алены Красоўскай, а таксама Вадзім Гігін, Аляксандар Шпакоўскі займелі ў СБ уласныя калёнкі.
У жніўні 2022 года ў інтэрв’ю «Звяздзе» Дзьмітрый Жук заявіў, што ўсе супрацоўнікі дзяржаўных мэдыя «так ці інакш апынуліся на перадавой гібрыднай вайны, разьвязанай супраць нашай краіны». Паводле таго ж інтэрв’ю, «вайна пачалася ня ўчора і не пазаўчора, вайна вялася паўтара дзесяцігоддзя дакладна».
Час пасьля 2020-га году Дзьмітры Жук называе выпрабаваньнем, але кажа, што яны таксама далі шэраг «цікавых, яскравых імён»: Андрэя Мукавозчыка, Людмілу Гладкую, Рамана Рудзя, Дзьмітрыя Крата, Максіма Восіпава.
Ганаровыя пасады і ўзнагароды
Дзьмітрый Жук — член Савета Рэспублікі двух скліканьняў, цяпер — намесьнік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы. Член партыі «Белая Русь».
Зь сярэдзіны 2010-х гадоў зьяўляецца пастаянным удзельнікам праграмы БТ «Клюб рэдактараў», якую спачатку вёў Генадь Давыдзька, а цяпер старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант.
У 2014 годзе Жук быў адзначаны ордэнам Пашаны, таксама мае мэдаль «За працоўныя заслугі», шматлікія падзякі і граматы прэзыдэнта. Ляўрэат спэцыяльнай прэміі прэзыдэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва.
Дзьмітрый Жук — член Савета Рэспублікі двух скліканьняў, намесьнік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы. Член партыі «Белая Русь».
Міжнародныя санкцыі: неўязны ў краіны Эўразьвязу
У 2011 годзе разам зь іншымі кіраўнікамі дзяржаўных СМІ Беларусі быў уключаны ў Чорны сьпіс Эўразьвязу ў сувязі з хваляй рэпрэсій пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 года. Дзмітрыю Жуку быў забаронены ўезд на тэрыторыю краінаў ЭЗ, а актывы падлягалі замарожваньню. У 2016 годзе забарона была зьнята.
20 лістапада 2020 года Жука ўнесьлі ў санкцыйныя сьпісы Літва, Латвія і Эстонія. А 5 жніўня 2024 года ён зноў трапіў у сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу.