Як расейцы набываюць нерухомасьць ў Беларусі і на што гэта можа паўплываць

Ілюстрацыйнае фота

У сакавіку 10% актаў куплі нерухомасьці ў Менску зрабілі расейцы. Хто пераяжджае, якое жытло яны выбіраюць, як таргуюцца і колькі яшчэ расейцаў зьмесьціць Беларусь, — разьбіраемся з экспэртамі.

Сьцісла:

  • Расейцы сталі купляць больш нерухомасьці ў Беларусі, але гэта мала ўплывае на агульны рынак і цэны на ім.
  • Пераяжджаюць у Беларусь перадусім небагатыя рабацягі зь невялікіх гарадоў і работнікі IT.
  • Расейцы заўзята таргуюцца, адрозна ад беларусаў.
  • Кліенты з Расеі часьцей купляюць таньнейшае, а не зручнейшае жытло нават для сябе.
  • Масавага пераезду чакаць ня варта.


Расейцы апошнім часам сталі набываць больш нерухомасьці ў Беларусі. Там зьяўляюцца публікацыі з падрабязнымі тлумачэньнямі, як гэта рабіць. На найбуйнейшым расейскім маркетплэйсе Avito ёсьць разьдзел «Продаж нерухомасьці ў Беларусі».

«Для расейцаў няма ніякіх абмежаваньняў, каб набыць жытло ў Беларусі», — падкрэсьліваюць расейскія мэдыярэсурсы.

Дакладнай статыстыкі, колькі расейцы купілі жытла ў Беларусі, няма. Апошнімі гадамі іншаземцы набывалі каля 5% кватэраў і дамоў у Беларусі ад агульнай колькасьці дамоваў. Сярод пакупнікоў былі прадстаўнікі прыкладна 70 краін, большасьць іх былі з Расеі, Украіны, Казахстану, Латвіі й Літвы.

Разам з тым ужо сёлета ў сакавіку сярод тых, хто купляў кватэры ў Менску, дзясятую частку складалі расейцы, сьцьвярджае рэсурс «Минск Live». Экспэртка рынку нерухомасьці Натальля Літоўская таксама адзначала, што доля расейскіх пакупнікоў ужо дасягнула 10%, хоць у сярэдзіне сакавіка яна прадказвала такія лічбы толькі ў бліжэйшы да лета час. Тады доля расейцаў сярод пакупнікоў жытла ў Беларусі складала 3–4%.

Цэны на жытло ў Беларусі і Расеі адрозьніваюцца, але нязначна — калі ня браць найбуйнейшыя мэгаполісы Маскву і Санкт-Пецярбург. Паводле сэрвісаў продажу нерухомасьці, аднапакаёўка на другасным рынку ў Менску ў сярэднім каштуе $65–75 тысяч, у Маскве — $75–220 тысяч, у Санкт-Пецярбургу — $55–130 тысяч. Аднапакаёўка ў абласных Горадні і Магілёве абыдзецца ў $35–60 тысяч, у Разані — у тыя ж $35–60 тысяч, але ў Екацерынбургу — у $65–90 тысяч. У Віцебску і Смаленску цэны падобныя: $30–60 тысяч. У Воршы, горадзе каля мяжы, аднапакаёўка каштуе $20–45 тысяч, у расейскіх Вялікіх Луках — $30–45 тысяч.

Будаўніцтва жыльлёвага комплексу "Мінск-Мір". Ілюстрацыйнае фота

Прычына, якая можа падштурхнуць расейцаў да пераезду ў Беларусь, — абмежаваньні інтэрнэту і ў прыватнасьці Тэлеграму ў Расеі. У сетках беларусы абураюцца патэнцыйным наплывам расейцаў. Раней Свабода разьбіралася, як насамрэч беларусы ставяцца да гэтай зьявы.

Адным з пацьверджаньняў непрыязнага стаўленьня беларусаў да пераезду расейцаў стаў ролік дзяўчыны з Расеі ў TikTok. Нядаўна яны з мужам пераехалі з Бранску ў Гомель. Зь ейных словаў, уласьнікі трох зь пяці кватэраў хацелі здаваць жытло толькі грамадзянам Беларусі.

На пытаньне, колькі расейцаў патэнцыйна можа зьмясьціць Беларусь, кіраўнік праекту «Кошт ураду» Ўладзімер Кавалкін прапаноўвае параўнаць Беларусь зь Вялікай Брытаніяй. Плошча тэрыторыі гэтых дзьвюх краін падобная. Аднак у астраўной дзяржаве жывуць 70 мільёнаў чалавек, калі ў Беларусі толькі 9 мільёнаў.

«То бок у Беларусь могуць прыехаць і разьмясьціцца яшчэ 60 мільёнаў іншаземцаў, зямлі фізычна не бракуе. Але што будзе зь бюджэтам, з гаспадаркай — гэта іншае пытаньне», — усьміхаецца суразмоўца.

«Мяне гэта палохае»

Гарадзенка Ніна* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) расказала Свабодзе, што заўважыла попыт на беларускую нерухомасьць у жыхароў Расеі яшчэ дзесяць гадоў таму.

«Пачалося гэта даўно. У 2015 годзе ўжо ў кожнай трэцяй вёсцы можна было знайсьці хату, якую набыў расеец. Цяпер я вельмі часта бачу допісы пра тое, што грамадзяне Расеі плянуюць пераяжджаць у Беларусь. Мяне гэта палохае», — прызнаецца беларуска.

Ейная сяброўка некалькі гадоў таму хацела прадаць кватэру, якая засталася ад бабулі ў гістарычным цэнтры Горадні.

«Усе, хто ёй тэлефанаваў, былі выключна расейцы. У цэнтры вельмі вялікія цэны, бо кватэры скупаюць расейцы, і мяне гэта вельмі хвалюе. Калі сытуацыя ў краіне зьменіцца, яны ж застануцца! А яны зусім не паводзяць сябе як госьці. Яны актыўна скардзяцца на беларускую мову і праявы беларускай культуры. У музеі нават прымусілі закрыць выставу пра пэрыяд Рэчы Паспалітай: „тут усё нашае хутка будзе!“», — абураецца суразмоўца.

Ілюстрацыйнае фота

Беларуска адзначае, што яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне яна заўважыла, што расейцы адкрылі ў Горадні вельмі шмат новых рэстарацыяў і кавярняў.

«Нават сутарэньні аддалі пад іх, якія раней было немагчыма выбіць. Па бізнэсе было відаць, што ён прафэсійны, „абкатаны“ і зь вялікімі інвэстыцыямі. Нават бар „Свабода“ зь беларускай мовай і нацыянальнымі кактэйлямі належаў расейцам. Я тады дзівілася, што калі гэта такая масавая зьява, магчыма, расейскі бізнэс ведае болей за нас, і разважала: ці яны маюць гарантыі, ці рэальна разьлічваюць, што неўзабаве гэта будзе іхнае», — дзеліцца думкамі суразмоўца.

Расейцы больш мэтанакіраваныя

Як ананімна расказала Свабодзе беларуская рыелтарка (мы не называем ейнае імя дзеля бясьпекі. — РС), расейцы набываюць у Беларусі пераважна кватэры, у рэдкіх выпадках — нерухомасьць за горадам.

«Што датычыць кватэраў, то попыт, магчыма, крыху расьце. Але мы ня кажам пра калясальныя лічбы, якія б рухалі рынак уверх. Калі браць афіцыйную статыстыку, то 5% ад усіх угодаў куплі-продажу — замежныя грамадзяне, абсалютная большасьць зь якіх расейцы, але гэтыя 5% іншаземцаў не такія шматлікія, каб значна ўплываць на рынак нерухомасьці», — кажа суразмоўца.

Доля нерухомасьці, якую расейцы набываюць як інвэстыцыю, паводле яе, нязначная.

«Камэрцыйную нерухомасьць калі і набываюць, то гэта стандартная працэдура, якая была заўсёды. Нехта прыяжджае з Расеі, інвэстуе, але гэта ня тая сытуацыя, якая б з часам множылася», — расказвае суразмоўца.

Адрозьненьне расейцаў ад беларусаў, расказвае рыелтарка, у тым, што кліенты з усходняй краіны больш мэтанакіраваныя і настроеныя на куплю, бо прыяжджаюць на абмежаваны тэрмін. «Усё, што яны хацелі абдумаць, яны ўжо абдумалі», — кажа суразмоўца. Калі расейцы едуць глядзець нейкую кватэру, то, хутчэй за ўсё, у ёй і застануцца, адзначае яна. Некаторыя загадзя адбіраюць 2-3 кватэры і выбіраюць ужо паміж імі.

Ілюстрацынаей фота

«Гэта можа быць сям’я, якая плянуе пераезд. Яны прыяжджаюць у Менск у адпачынак на два тыдні, едуць па кватэрах. Нават калі спачатку ня маюць дакладнага вобразу, што ж яны хочуць, то вельмі хутка гэты вобраз фармуюць і, як правіла, выходзяць на ўгоду. Або гэта бацькі, якія хочуць купіць сыну-дачцэ жытло. Яны таксама выходзяць на ўгоду даволі апэратыўна», — расказвае спэцыялістка.

Беларусы, менчукі ў той жа час больш «тармозяць», бо яны на месцы і нікуды звычайна не сьпяшаюцца.

«Беларусы менш вызначаныя. Калі кватэру купляе мянчук, то мы можам пачаць зь „Менск-Міру“, а скончыць Новай Баравой. Гэта комплексы абсалютна розныя вайбам, лякацыяй, інфраструктурай», — дзеліцца назіраньнямі суразмоўца.

Пераяжджаюць небагатыя рабацягі

Рыелтарка адзначае, што перавагі ў жытле расейцы маюць такія ж, як і беларусы — новыя жылыя раёны, новыя дамы.

«Камусьці падабаецца Новая Баравая, камусьці „Менск-Мір“ праз падабенства з „Москва-Сити“», — расказвае яна.

Але пры куплі расейцы арыентуюцца перадусім на свой гаманец, зьвяртае ўвагу рыелтарка. Большасьць расейцаў, што пераехалі ў Беларусь, паводле яе, небагатыя. Гэта рабацягі з абласных або невялікіх гарадоў, якім, хутчэй за ўсё, не хапіла б грошай, каб пераехаць жыць у Маскву. Расейцы часта спыняюцца акурат на кватэрах у «Менск-Міры», бо там ёсьць і невялікі мэтраж, і больш даступная цана.

«Калі мы возьмем дзесяць расейцаў, якія пераехалі жыць у Беларусь, то зь іх толькі 1-2 будуць багацеямі. Гэта ня так, што масквічы сядзяць у сваім „Москва-Сити“, ім стала нудна і яны такія: „Менск — кляснае месца! Трэба ўкласьці туды грошы“. Калі людзі едуць з Масквы, то Менск для іх як вёска. Нельга сказаць, што яны едуць паляпшаць умовы або ім надакучыла ў Маскве. Калі яны едуць, то хутчэй ім падабаецца атмасфэра, спакой, Лукашэнку яны нахвальваюць», — адзначае суразмоўца.

Яшчэ адно адрозьненьне расейцаў ад беларусаў, з словаў экспэрткі рынку нерухомасьці, у тым, што тыя заўзята таргуюцца. Таксама, зь ейных назіраньняў, расейцы хутчэй выберуць кватэру таньнейшую, хоць і зь нязручным плянаваньнем, нават калі выбіраюць жытло для сябе. Для беларусаў жа перадусім важна, каб ім падабалася сама кватэра, — і калі выбіраюць для сябе, і часам нават калі набываюць пад здачу.

Ілюстрацыйнае фота

«Беларусы, калі выбіраюць для сябе, то яны выбіраюць для сябе, каб ім плянаваньне лягло на душу, каб быў від з вакна», — тлумачыць суразмоўца.

Рыелтарка заўважае таксама, што, нягледзячы на размовы пра тое, што расейцы масава паехалі ў Беларусі, рынак нерухомасьці з студзеня гэтага году «спыніўся».

«Гэта было рэзкае тармажэньне, бо цэны ўзьляцелі ў космас. Калі раней гэтая машына з інэрцыі ўсё адно рухалася і ўгоды адбываліся, то зіма людзей ацьверазіла: „Няўжо мы будзем набываць гэта за такія грошы?!“ Расейцы ніяк сытуацыю не ратуюць, бо ў іх таксама няма грошай. Зараз я бачу навіны пра тое, што банкі пачынаюць зьніжаць крэдытныя стаўкі, але нават пры даляры, які пачаў расьці, мы з стаўкамі 16,5-17% далёка не паедзем», — мяркуе яна.

Экспэртка адзначае, што беларускія уласьнікі, прадаючы нерухомасьць, ня маюць такіх пажаданьняў, каб не прадаваць жытло расейцам, наадварот — многія на іх спадзяюцца і хочуць прадаць ім даражэй, хоць тыя даражэй не купяць.

«Калі чалавек гатовы даць грошы, то чаму не?» — разважае суразмоўца.

Попыт расейцаў на беларускае жытло, паводле экспэрткі, не ўплывае на цэны рынку нерухомасьці.

«Цэны „разагналі“ самі беларусы. За апошнія год-паўтара мінімум траціну жытла куплялі ў крэдыт. Калі пачалася (поўнамаштабная) вайна ва Ўкраіне, пачаўся „хапун“ на кватэры, бо людзі падаставалі грошы з-пад канапаў і пачалі ўкладаць іх „у бэтон“», — разважае суразмоўца.

Арэнда, а ня купля

Кіраўнік праекту «Кошт ураду» Ўладзімер Кавалкін у камэнтары Свабодзе сказаў, што 3-5% расейцаў сярод пакупнікоў нерухомасьці ў Беларусі — гэта няшмат, яны амаль незаўважныя для рынку. Паводле яго, заўважнымі яны будуць, калі іх стане 10%. Сярод чыньнікаў, якія на гэта могуць паўплываць, — складанасьці з атрыманьнем іпатэкі ў Расеі.

«У іх вельмі высокая працэнтная стаўка. Калі яны знойдуць спосаб узяць іпатэку ў Беларусі пад нізкі працэнт, то ім гэта можа быць выгадна», — камэнтуе сытуацыю экспэрт.

Цяпер у Расеі крэдыт на жытло можна ўзяць прыкладна пад 20%, а ў Беларусі — пад 16,5-19%.

На думку эканаміста, апошні трэнд на пераезд расейцаў у Беларусь на сталае месца жыхарства цяпер нязначна паўплывае на колькасьць набытага імі жытла. У першую чаргу гэта адаб’ецца на рынку арэнды жытла, на цэнах, мяркуе ён, і толькі празь некалькі гадоў — на куплі.

«Большасьць тых, хто прыяжджае ў Беларусь, здымаюць жытло, а не купляюць яго. Звычайна людзі думаюць пра куплю жытла на другі-трэці год сталага жыцьця ў краіне, бо гэта сур’ёзны крок. Ён азначае, што ты пераяжджаеш калі не назаўсёды, то вельмі надоўга, перавозіш усю сваю маёмасьць. Людзі звычайна два-тры гады прыглядаюцца. Калі ўсё падабаецца, тады пераяжджаюць», — тлумачыць ён.

Ілюстрацыйнае фота

Кавалкін заўважае, што некаторыя купляюць жытло як інвэстыцыю, але такіх невялікая доля, бо Беларусь ня надта прывабная для інвэстыцыяў краіна. На думку суразмоўцы, колькасьць расейцаў, якія набываюць жытло ў Беларусі, пакуль застанецца на ўзроўні 3-5%.

На думку кіраўніка праекту «Кошт ураду» Ўладзімера Кавалкіна, масавага пераезду расейцаў у Беларусь не адбудзецца. Ён будзе лякальным. Сярод тых, хто рэлякуецца, будуць супрацоўнікі IT-кампаніяў і фрылансэры ў гэтай сфэры, якія працуюць на вонкавыя рынкі і якім трэба атрымліваць грошы з-за мяжы. У Беларусі ўсё яшчэ ёсьць банкі не пад санкцыямі, якія дазваляюць гэта зрабіць.

«Хутчэй за ўсё гэта будуць IT-кампаніі, якім трэба працаваць, а ім інтэрнэт адсякаюць. Гэта больш рэалістычны сцэнар: нейкая расейская кампанія пачынае рэлякацыю ў беларускі Парк высокіх тэхналёгіяў, перавозіць сваіх супрацоўнікаў. Яны пачынаюць працаваць і шукаць жытло ў Беларусі», — разважае ён.

Кавалкін мяркуе, што іншыя групы насельніцтва наўрад ці масава паедуць у Беларусь.

«Пераезд у іншую краіну зьвязаны зь месцам працы. Блогеры і ўся крэатыўная кляса не паедзе ў Беларусь, бо праблема ня ў тым, што ў іх цяжкасьці з дасяжнасьцю Youtube ці Instagram, а ў тым, што іхная аўдыторыя ня мае дасяжнасьці. Пераезд блогера не разьвязвае праблему. А куды яны пойдуць працаваць — на завод ці ў калгас? Сумняюся», — заўважае ён.

Экспэрт мяркуе, што і працоўная кляса наўрад ці масава пачне пераяжджаць у Беларусь.

«У іх павыбівалі з рынку працы больш за мільён мужчын — загінулых і інвалідаў праз вайну з Украінай. У іх дэфіцыт працоўных рук. Шыла на мыла ім мяняць ня надта цікава. Гэта калі казаць аб працаўніках нізкай і сярэдняй клясы. Ім нецікава ў Беларусь ехаць, бо працы няма», — разважае эканаміст.

На ягоную думку, пераезд працаздольных расейцаў у Беларусь — добрая навіна для рэжыму Лукашэнкі і беларускага бюджэту, калі тыя будуць плаціць падаткі ў Беларусі.

«Гэта людзі 25-45 гадоў. Выдаткаў на мэдыцыну і адукацыю ня надта шмат, а падаткі ўжо ідуць. Лукашэнка быў бы вельмі задаволены гэтым, бо „змагароў“ выгнаў, расейцаў навёз, як яны кажуць, „кармавая база“ павялічваецца. У кароткатэрміновым пляне гэта добрая навіна. У доўгатэрміновым — ня ведаю. Ці захочуць яны стварыць Гомельскую народную рэспубліку ці Магілёўскую? Гэта рызыка», — папярэджвае суразмоўца.

На думку Ўладзімера Кавалкіна, 5-10% расейцаў, якія купляюць жытло ў Беларусі, ня надта паўплываюць, прыкладам, на заробак будаўнікоў, але паспрыяюць росту заробкаў індывідуальных прадпрымальнікаў і фізычных асобаў у сфэры абслугоўваньня: прыватных мэдычных цэнтрах, кавярнях, барах, рэстарацыях, у сфэры прыгажосьці.