— Прапагандысты заявілі, што ў Беларусі варта змагацца з «ценевымі дармаедамі» — людзьмі, якія ходзяць на працу, плацяць падаткі, але робяць вельмі мала. Пра што сьведчыць гэтая заява? Ці гэта адзінкавы выпадак, проста жаданьне ўладаў усё кантраляваць, ці ўсё ж гэта сыгнал аб праблемах у эканоміцы і недахопе працоўнай сілы?
Аліса Рыжычэнка: Безумоўна, гэта сьведчыць пра стан эканомікі. І рэч ня толькі ў недахопе працоўных рук, але і ў неабходнасьці папаўняць дзяржаўны бюджэту. Мы бачым, што ў бюджэце на гэты год закладзены значны рост паступленьняў ад штрафаў — амаль у васямнаццаць разоў. Таксама растуць тарыфы на розныя паслугі. Раней ужо павышалі падаткі, уводзілі новыя рэгуляваньні і штрафы, але, нягледзячы на гэта, бюджэту ўсё роўна бракуе сродкаў. Таму ўлады шукаюць новыя спосабы — у тым ліку праз выяўленьне так званых «дармаедаў». Такіх людзей могуць абавязаць плаціць паводле поўных тарыфаў за камунальныя паслугі, штрафы і іншае.
— Ці будзе ў гэтай ініцыятывы працяг у выглядзе новых законаў? І колькі людзей можа трапіць у катэгорыю «ценевых дармаедаў»?
Андрэй Махоўскі: Складана сказаць, бо магчымыя розныя сцэнары. Але відавочна, што праблема недахопу працоўнай сілы існуе, і ўлады спрабуюць знайсьці людзей дзе толькі магчыма. Рэсурсы фактычна вычарпаныя: пэнсіянэры, якія хацелі працаваць, ужо працуюць; міграцыйныя пляны, напрыклад, прыцягненьне вялікай колькасьці пакістанцаў, не рэалізаваліся. Як у Савецкім Саюзе было — да кожнага трэба ўчастковага прыстаўляць, каб ён там зь ім працаваў. Гэта такія адчайныя спробы знайсьці працоўную сілу. І, вядома, папоўніць дзяржаўны бюджэт, чаму ж не. Гэта ўлады заўсёды вельмі любяць рабіць.