Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё на сваёй старонцы ў сетцы Х паведаміў пра вызваленьне амэрыканскай журналісткі Шэлі Кітлсан, якую нядаўна выкралі ўдзельнікі тэрарыстычнай арганізацыі «Катаіб Хэзбала» каля Багдаду.
«Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША выказвае падзяку Фэдэральнаму бюро расьсьледаваньняў, Дэпартамэнту вайны, супрацоўнікам розных ведамстваў ЗША, а таксама Найвышэйшай судовай радзе Іраку і нашым ірацкім партнэрам за дапамогу ў яе вызваленьні. Гэтая рэзалюцыя адлюстроўвае нязьменнае забавязаньне адміністрацыі Трампа бараніць бясьпеку амэрыканскіх грамадзян незалежна ад таго, дзе яны знаходзяцца ў сьвеце», — напісаў Рубіё.
Таксама ён паабяцаў, што ЗША будуць надалей выкарыстоўваць усе сродкі, каб «вярнуць амэрыканцаў дадому і прыцягнуць да адказнасьці вінаватых».
Цяпер, паводле Рубіё, амэрыканскія дыпляматы забясьпечваюць спакойны выезд Кітлсан з Іраку.
Амэрыканская журналістка працуе на Блізкім Усходзе з 2010 году. Яна асьвятляла падзеі ў Іраку, Сырыі, Афганістане. Пераважна працавала з Рыму. Супрацоўнічала з такімі выданьнямі, як Al-Monitor, BBC, Politico, Foreign Policy.
31 сакавіка ў Багдадзе Шэлі Кітлсан выкралі проста на вуліцы каля гатэлю. Вызваліць яе ўдалося ў абмен на некалькіх затрыманых раней удзельнікаў «Катаіб Хэзбала».
Ісламісцкая арганізацыя, якая выкрала амэрыканскую журналістку, дзейнічае ў Іраку і Іране з 2003 году і ставіць мэтай процістаяньне «сіянісцка-амэрыканскаму ворагу».