«І ня дай бог нейкі канфлікт на гэтым кірунку, Расея заўсёды павінна мець тут ядро ўзброеных сіл, якія падключацца да дзеяньняў беларускага войска, каб абараніць нашу прастору», — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.
На сустрэчы Лукашэнка таксама заявіў, што АДКБ «трэба быць больш карэктнымі і акуратнымі ў рабоце з Армэніяй».
«Вы ведаеце, што Армэнія быццам бы і не падтрымлівае работу ў АДКБ, але ў той жа час застаецца ў Арганізацыі, — цытуе Лукашэнку БелТА. — Трэба быць вельмі карэктнымі. У Армэніі складаная сытуацыя ў гэтым пляне, асабліва ў электаральны пэрыяд».
Сёлета 7 чэрвеня ў Армэніі маюць прайсьці парлямэнцкія выбары. З 2024 году Армэнія прыпыніла ўдзел у палітычных і вайсковых мерапрыемствах АДКБ. Сёлета ў сакавіку Армэнія афіцыйна апавясьціла сакратарыят АДКБ, што ня будзе плаціць складак у бюджэт арганізацыі.
АДКБ — вайскова-палітычны блёк, мэтамі якога заяўленыя «ўмацаваньне міру, міжнароднай і рэгіянальнай бясьпекі і стабільнасьці, абарона на калектыўнай аснове незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту дзяржаваў-удзельніц». У яго ўваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея і Таджыкістан.