У Беларусі па-ранейшаму можна выклікаць дактароў дахаты, і многія людзі ахвотна гэтым карыстаюцца. У краінах ЭЗ такой опцыі практычна няма — у большасьці выпадкаў трэба ехаць на прыём да доктара або, калі стан вельмі цяжкі, выклікаць хуткую дапамогу. Якая сыстэма больш эфэктыўная і мэтазгодная? Пра гэта мы запыталіся дактароў і пацыентаў. Дактары аднадушныя ў тым, што гэтую практыку трэба спыняць, пакінуўшы некаторыя выняткі, а вось думкі пацыентаў падзяліліся.
Пэдыятарка: Выклік на дом азначае непавагу да лекара
Дзіцячая доктарка Мая Церакулава шмат гадоў працавала ў Беларусі ўчастковай доктаркай, а таксама доктаркай у прыёмным пакоі стацыянару. Мая страціла працу праз тое, што ў 2020 годзе ўступіла ў незалежны прафсаюз мэдыкаў «Панацэя», у выніку засталася адна з трыма дзецьмі, бяз працы і жытла. Яна пераехала ў Польшчу, вывучыла польскую мову, цяпер у працэсе пацьвярджэньня мэдычнага дыплёму, працуе сямейным лекарам. Яе асабістая думка — выклік на дом азначае непавагу да лекара.
«Пятнаццаць гадоў навучаньня, вялікая колькасьць ведаў і часу, укладзеных у прафэсію, фактычна прыраўноўваюцца да працы кур’ера. Мой час траціцца на тое, каб дайсьці да пацыента. У Эўразьвязе праца доктара вельмі цэніцца, і выкарыстоўваць яго так — нерацыянальна і занадта дорага. Гэта адна з прычынаў, чаму ўчастковыя лекары зь Беларусі зьяжджаюць у краіны, дзе ім ня трэба хадзіць па дамах і дзе да іх ставяцца як да спэцыялістаў. Што я магу зрабіць дома? Калі стан лёгкі, стандартная вірусная інфэкцыя — я параю парацэтамол і шмат пітва. Калі няма іншых сымптомаў, нічога іншага я не прызначу. Калі стан цяжкі, усё адно трэба ехаць у лякарню, здаваць аналізы, рабіць дасьледаваньні. У абодвух выпадках мой візыт дадому бессэнсоўны».
Мая Церакулава згадвае, як яна працавала ўчастковай пэдыятаркай у Беларусі.
«За чатыры гадзіны прыёму — каля шасьцідзесяці пацыентаў, а потым яшчэ выклікі. Дыспэтчар не адмаўляе нікому, і доктар абавязаны пайсьці, інакш гэта можа лічыцца неаказаньнем дапамогі. Бывае і дваццаць пяць выклікаў. Я брала сваіх дзяцей з садка і ехала зь імі на выклікі. Яны чакалі мяне каля пад’ездаў, пакуль я заходзіла да пацыентаў. І часам гэта былі падлеткі з тэмпэратурай, якім проста не далі парацэтамол і не адправілі ў паліклініку».
Часта ў Беларусі людзі выклікаюць доктара дадому праз тое, што ім патрэбны бальнічны ці даведка пра хваробу для дзіцяці ў школу. Мая Церакулава кажа, што гэтую праблему ў многіх краінах разьвязала тэлемэдыцына.
«У Беларусі яе фактычна няма. Хоць на практыцы лекары часам нефармальна кансультуюць па тэлефоне і адкрываюць бальнічныя. Але так нельга рабіць паводле закону. Тэлемэдыцына магла б істотна разгрузіць дактароў у Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Хацела заставацца ў Беларусі і лячыць сваіх пацыентаў». Гісторыя пэдыятаркі, якая трапіла ў «чорныя сьпісы» мэдыкаўБылы загадчык аддзяленьня: «Часта гаворка ідзе пра пацыентаў, якія могуць, але ня хочуць ісьці ў паліклініку»
Наступны суразмоўца пажадаў захаваць ананімнасьць з прычынаў бясьпекі. Гэта доктар зь вялікім досьведам працы, ён спэцыяліст і мэдычны мэнэджар высокага ўзроўню. Цяпер ён жыве ў Літве і разам з камандай дактароў (у тым ліку з прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінэту Станіславам Салаўём) распрацоўвае пакет рэформаў беларускай мэдычнай сыстэмы.
«Калі мы гаворым пра рэформы, трэба разумець: тое, што прапануе група распрацоўнікаў, — гэта толькі іх бачаньне. У кожным разе ўсе зьмены будуць праходзіць праз парлямэнт, грамадзкае і прафэсійнае абмеркаваньне. Таму незалежна ад таго, наколькі радыкальнымі будуць ідэі, у выніку ўсё вызначыць грамадзтва».
Доктар лічыць малаімаверным, што людзі адразу пагодзяцца на поўнае скасаваньне візытаў лекараў на дом. Але з гледзішча эфэктыўнасьці ўзьнікаюць пытаньні, кажа экспэрт.
«Часта пацыенты могуць, але ня хочуць ісьці ў паліклініку. Пры гэтым доктар траціць час на дарогу, а на месцы мае толькі мінімальныя інструмэнты — фактычна рукі, фанэндаскоп і таномэтар. Эфэктыўнасьць такіх візытаў нізкая. У той жа час у паліклініках бракуе дактароў, прыёмы кароткія, і мэдыкі не заўсёды пасьпяваюць паўнавартасна агледзець пацыента. Пэўны час ідзе на непрадуктыўныя выезды. У паліклініцы ж ёсьць магчымасьць здаць аналізы, атрымаць кансультацыю вузкіх спэцыялістаў — эндакрыноляга, нэўроляга і іншых».
Суразмоўца кажа пра катэгорыі пацыентаў, якіх трэба наведваць дома. Гэта людзі з інваліднасьцю першай групы і малыя дзеці. Доктар падкрэсьлівае, што ў краінах ЭЗ асноўны акцэнт зроблены на тэрміновую дапамогу: дыспэтчар ацэньвае стан пацыента і вырашае, ці патрэбны выезд, ці чалавек можа зьвярнуцца да лекара сам.
«Асобная праблема ў Беларусі — бальнічныя падчас эпідэміі. Калі пачынаецца сэзон грыпу, у паліклінікі ідзе вялікая колькасьць выклікаў. Замест таго каб атрымаць кансультацыю дыстанцыйна і аформіць бальнічны онлайн, чалавек вымушаны выклікаць лекара на дом. Гэта неэфэктыўна. У многіх выпадках дастаткова тэлефоннай ці онлайн-кансультацыі, рэкамэндацыяў і прызначэньня лекаў».
Паводле былога загадчыка аддзяленьня шпіталя, сучасная мэдыцына павінна балянсаваць паміж даступнасьцю і якасьцю — калі сыстэма робіць упор толькі на даступнасьць (напрыклад, каб лекар абавязкова прыйшоў дадому), гэта часта шкодзіць якасьці дапамогі.
«Сёньня праблема ў тым, што дапамога фармальна даступная, але не заўсёды якасная. Пры дэфіцыце кадраў залучаюць студэнтаў і малакваліфікаваных супрацоўнікаў. Гэта небясьпечна, бо адказнасьць застаецца, а ўзровень дапамогі можа быць ніжэйшым».
Што датычыцца будучых рэформаў, галоўная задача — не адразу зьмяніць сыстэму, а падрыхтаваць пляцоўкі для абмеркаваньня, падкрэсьлівае суразмоўца.
«Адна з важных задачаў — разгрузіць дактароў ад непатрэбнай працы. Да яе адносяцца неабавязковыя візыты на дом, празьмерная папяровая справаздачнасьць, выкананьне „плянаў“ (напрыклад, вакцынацыі ці дыспансэрызацыі). Такія пляны часта прыводзяць да фальсыфікацыяў і не павінны быць абавязковымі. Калі вызваліць гэты час, дактары змогуць надаваць больш увагі пацыентам і палепшыць якасьць дапамогі. У цэлым разьвіцьцё онлайн-кансультацыяў, разумнае выкарыстаньне рэсурсаў і акцэнт на якасьці — асноўныя кірункі, у якіх павінна рухацца сыстэма аховы здароўя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Доктар у кішэні»: беларусы распрацавалі бясплатную аплікацыю Doctorina«Калі доктар прыходзіць дадому толькі з фанэндаскопам, гэта выглядае як нешта зь мінулага стагодзьдзя»
Ураджэнка Беларусі доктар-пульманоляг Вольга Жарнасек працуе ў Чэхіі ўжо больш за 13 гадоў. Таксама яна ўзначальвае грамадзкую арганізацыю «Доктар Чэхаў», якая аб’ядноўвае замежных лекараў, што працуюць у Чэхіі. Вольга ня лічыць беларускую сыстэму выкліку дактароў на дом эфэктыўнай і расказвае, як гэта арганізавана ў Чэхіі.
«Сыстэма, калі, напрыклад, у дзіцяці тэмпэратура 39° і адразу выклікаюць доктара на дом, на маю думку, зусім неэфэктыўная. Дома лекар можа памераць ціск, тэмпэратуру, агледзець горла — і на гэтым усё. Калі ж пацыент прыходзіць у амбуляторыю, магчымасьці значна шырэйшыя. Можна правесьці патрэбныя абсьледаваньні, зрабіць аналізы, у тым ліку вызначыць узровень С-рэактыўнага бялку, і атрымаць вынік значна хутчэй. У параўнаньні з гэтым візыт на дом, калі доктар прыходзіць толькі з фанэндаскопам, выглядае як нешта зь мінулага стагодзьдзя. Калі выпадак сапраўды цяжкі — напрыклад, у дзіцяці высокая тэмпэратура, ваніты, ёсьць прыкметы абязводжваньня, — то, безумоўна, ня трэба чакаць доктара. Трэба проста сабрацца і ехаць у шпіталь або выклікаць тэрміновую дапамогу».
Вольга Жарнасек лічыць марнаваньнем рэсурсаў выклік лекара на дом пры тэмпэратуры трыццаць восем з паловай.
«У пацыентаў, асабліва з постсавецкіх краін, ёсьць запыт на такую паслугу, і многія абураюцца: як гэта — з хворым дзіцём трэба кудысьці ехаць? Але на практыцы ў амбуляторыі доктар можа зрабіць значна больш і больш якасна дапамагчы».
Доктарка Жарнасек расказвае, як і для каго арганізаваныя візыты дактароў на дом у Чэхіі.
«Урэшце, візыты на дом тут таксама ёсьць, але ў асноўным для цяжкіх, хранічных пацыентаў, якія ня могуць самастойна перамяшчацца. Імі займаецца спэцыяльная служба патранажных мэдсёстраў. Яны праводзяць агляд, кантралююць стан і пры патрэбе выклікаюць доктара. Ён прыходзіць толькі ў асобных выпадках. У цэлым сыстэма, якая дзейнічае ў Чэхіі, выглядае вельмі эфэктыўнай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У паліклініках вялізныя чэргі, выклікаць лекара на дом — праблема. Што нарабіў «Омікрон» у БеларусіПэдыятар: Гэта зручна для малых дзяцей і людзей з абмежаванай мабільнасьцю
Доктар-пэдыятар Алег пасьля 2020 году пры пагрозе арышту быў вымушаны выехаць у Чэхію, дзе цяпер працуе дзіцячым доктарам у паліклініцы пры рэгіянальнай лякарні. Паводле яго, прыход дактароў дадому мае сэнс, але толькі ў пэўных сытуацыях.
«З плюсаў — гэта зручна для малых дзяцей (першыя візыты да нованароджаных, напрыклад) ці людзей з абмежаванай рухомасьцю. Як плюс можна запісаць і тое, што зьніжаецца рызыка кантакту зь іншымі хворымі. Зь мінусаў — дома вельмі абмежаваныя дыягнастычныя магчымасьці. Няма доступу да лябараторных аналізаў, візуалізацыі, кансультацыяў вузкіх спэцыялістаў. Гэта можа прывесьці да недаацэнкі стану або затрымкі дыягностыкі. Акрамя таго, гэта менш эфэктыўна з гледзішча арганізацыі сыстэмы аховы здароўя — адзін выклік займае шмат часу. У Чэхіі такая практыка існуе, але вельмі абмежавана. Пацыенты самі прыходзяць на прыём да доктара, а выклікі дадому бываюць рэдка і звычайна толькі паводле паказаньняў (напрыклад, як пісаў вышэй, для людзей з абмежаванай рухомасьцю). У неадкладных выпадках выклікаюць хуткую дапамогу».
Пэдыятру Алегу чэская сыстэма здаецца больш эфэктыўнай мадэльлю, бо яна «дазваляе хутчэй атрымаць поўную дыягностыку і дапамогу — хатнія візыты, вядома, маюць сваё месца, але як дадатак».
«Гэта можа дапамагчы не давесьці справу да „хуткай“ і шпіталя»: аргумэнты пацыэнтаў «за» выклікі дактароў дадому
Што думаюць пацыенты пра зручнасьць і мэтазгоднасьць візытаў дактароў дадому? Мы правялі ў сацыяльных сетках апытаньне, у якім паўдзельнічалі як патэнцыйныя пацыенты зь Беларусі, так і беларусы, што мусілі пакінуць краіну і цяпер карыстаюцца мэдычнай дапамогай у краінах ЭЗ.
Адэля зь Берасьця, у якой муж за кратамі і якая адна вымушана даглядаць малое дзіця, сьведчыць, што цяпер вельмі няпроста выклікаць пэдыятра дадому, і спасылаецца на свой сумны досьвед.
«У малога зьявіўся моцны кашаль. У прынцыпе зразумелая рэакцыя, брак тэмпэратуры супакойвае, але, вядома, хочацца, каб яго паглядзелі-паслухалі. Паспрабавала выклікаць доктара. Як пачулі, што няма тэмпэратуры, мне сталі грубіць. Аказваецца, без тэмпэратуры — ніякага доктара дахаты, трэба ісьці на прыём. То бок хворае дзіцё несьці да іншых хворых дзяцей, сядзець там немаведама колькі (што хвораму дзіцяці нялёгка). Разумею, што дактары моцна загружаныя гэтымі выклікамі дахаты, але ўсё ж нешта ня так. Вядома, у Беларусі ў мэдыцыне і так шмат праблемаў, і калі проста скасаваць опцыю выкліку доктара дахаты, гэта пагоршыць сытуацыю. Трэба адначасова рабіць захады, каб хворыя маглі атрымліваць кансультацыі праз тэлефон».
Маці дваіх дзетак Настасься зь Менску лічыць, што ёсьць сытуацыі, калі выклік доктара дадому мэтазгодны.
«Па-першае, гэта вельмі малыя дзеці (да году), асабліва калі ў мамы не адно дзіця. У такой сытуацыі мала шанцаў, што мама своечасова дацягне хворае дзіця да лекара. Гэта можа дапамагчы не давесьці справу да „хуткай“, шпіталя і г. д. Таксама людзі сталага веку, ляжачыя цяжкахворыя. У Беларусі створана сыстэма, пры якой доктар можа прыйсьці на выклік сваякоў, можна выклікаць спэцыяліста (хірурга, псыхіятра, акуліста) дадому да такога чалавека і нават аналізы крыві зрабіць дома. Так, рэдка, так, цяжка бывае дабіцца, але можна. Везьці такога чалавека ў паліклінікі, шпіталі, ды нават вынесьці з дому па прыступках — ужо трэба арганізоўваць спэцапэрацыю з удзелам Міністэрства надзвычайных сытуацыяў. Але гэта вельмі важная дапамога, якая дапамагае годна дажыць. Хуткая дапамога ў такіх выпадках мала што можа зрабіць, акрамя абязбольных лекаў. А вось добры лекар можа прапісаць падтрымальную тэрапію і падказаць, як аблегчыць жыцьцё».
Былая палітзьняволеная Алена зь Віцебску, якая даглядае старую хворую маці, лічыць візыты дактароў дахаты неабходнымі.
«У мяне мама — інвалід першай групы, сама ня тое што да паліклінікі дайсьці ня зможа — з хаты ня выйдзе. А выклікаць „хуткую“, калі ў яе простая застуда, — ну такое сабе... Можа, гэтая „хуткая“ патрэбная камусьці, у каго інфаркт ці інсульт».
Іншая суразмоўца Тацяна вітае магчымасьць выкліка доктара дамоў.
«Перадусім праз тое, што калі я маю патрэбу ў доктары (лёгкая прастуда і г. д. ня лічыцца, яна і бяз доктара лекуецца), значыць, мне кепска. Вельмі кепска. І ў такім стане цяжка і адэкватна цяміць, і перасоўвацца. Банальна: калі тэмпэратура і пацееш — ну ня надта добра мокрай хадзіць, чакаць пад кабінэтам, калі хочацца ляжаць у позе эмбрыёна. Гэта ня кажучы пра больш сур’ёзны стан: у такім стане ў Беларусі я звычайна званіла сябрам-мэдыкам па парады. Бо як уяўлю, як у такім стане сядзець пад дзьвярыма „даўрачэбнага кабінэту“, то ўжо лепей да хуткай дапамогі дацягнуць. Дома ж можна чакаць доктара ў камфорце. Іншая рэч, як гэта рэалізуецца. У большасьці выпадкаў мяне б задаволіла тэлефонная ці відэакансультацыя (чым сябры, уласна, і дапамагалі). Зараз я ў Літве, і мяне вельмі радуе, што тут дактары часам і кансультуюць праз тэлефон, і накіраваньне выпісваюць, і бальнічны адкрыць можна дыстанцыйна — гэта эканоміць і іхны, і мой час».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Умовы працы мэдыкаў у Беларусі блізкія да рабства». Доктар Салавей пра новага міністра, «дэградацыю сыстэмы» і сьмерці ў радзільнях«Я лічу выклікі доктара на дом неэфэктыўнай тратай рэсурсаў». Аргумэнты пацыентаў «супраць» выклікаў дактароў дадому
Сьвятлана мусіла зьехаць зь Беларусі, цяпер жыве ў Літве. Тамтэйшую сыстэму аховы здароўя яна лічыць лепшай за беларускую.
«Калісьці ў 2020-м калі ў мяне быў цяжкі ковід, я выклікала доктара дамоў. Але гэта было бессэнсоўна, тэрапэўта хваляваў ня мой стан здароўя, а тое, што я не працягнула своечасова заяву на абслугоўваньне ў паліклініцы. Агулам я лічу выклікі доктара на дом неэфэктыўнай тратай рэсурсаў. У Літве ёсьць опцыя замовы кансультацыі свайго сямейнага доктара праз тэлефон, таксама, перш чым выклікаць хуткую, можна спачатку па спэцыяльным нумары пракансультавацца з спэцыялістамі, што рабіць у канкрэтнай сытуацыі — ці варта выклікаць хуткую, калі не — то яны параяць, у якую лякарню можна зьвярнуцца. Тэрміновая дапамога з выклікам хуткай тут бясплатная для ўсіх».
Беларуска Вольга з Швэцыі лічыць, што калі хочацца, каб усе людзі мелі доступ да таннай і якаснай мэдыцыны, то давядзецца абысьціся без прыходу дактароў дадому.
«Гаворка не пра тэрміновыя выпадкі, вядома. Калі мэдыкам плаціць добра, то ніякая сыстэма, нават найбагацейшая, такой раскошы сабе ня зможа дазволіць. У Швэцыі пацыенты наагул не заўсёды даходзяць да доктара — першасны прыём звычайна з мэдсястрой».
Інэса, якая цяпер жыве ў Нямеччыне, параўноўвае свой досьвед у Беларусі зь нямецкім.
«Калі ўспамінаць Беларусь, дактары там палову дня праводзілі ў паліклініцы, а другую палову — на выкліках, штодня пешшу ходзячы па адрасах пры ўсякім надвор’і і ў розных умовах. Гэта былі стомленыя і раздражнёныя людзі, было відаць, што такая праца закранае іхнае пачуцьцё ўласнай годнасьці: яны ішлі па нязначных выкліках у чужыя кватэры, дзе маглі сутыкнуцца з агрэсіўнымі жывёламі або непрадказальнымі сытуацыямі. Пры выкліку на дом магчымасьці доктара вельмі абмежаваныя — як правіла, гэта зводзілася да выпіскі бальнічнага і прызначэньня элемэнтарных лекаў, пра якія, як правіла, ты і сам ведаеш. У той жа час у Германіі прыём звычайна не абмяжоўваецца размовай: як правіла, адразу робяць патрэбныя дасьледаваньні, напрыклад аналізы крыві або кардыяграму, што дазваляе атрымаць больш поўную і дакладную кансультацыю. У Германіі я таксама магу ў відавочнай сытуацыі напісаць свайму доктару або зьвязацца зь ім праз тэлефон — і звычайна гэта зручней для абаіх. Магчыма, сам прынцып выкліку доктара на дом варта пакінуць, але зрабіць яго платным, каб гэты рэсурс выкарыстоўвалі больш разумна».
Натальля з Чэхіі, якая мае дваіх дзетак, лічыць, што візыты на дом павінны быць платнымі:
«Я дакладна не хачу плаціць больш за мэдычнае страхаваньне, каб магчы выклікаць хуткую дапамогу, калі яна непатрэбная. Мне даецца, што гэта безадказныя паводзіны — выклікаць хуткую, бо ня хочацца ехаць у лякарню і чакаць у чарзе. Рэсурсы заўсёды абмежаваныя, і вельмі не хацелася б, каб сыстэма была абцяжарана і было б менш рэсурсаў на сапраўднае выратаваньне людзей. Ці, як у Беларусі, страшна малыя заробкі лекараў. У нармальнай краіне лекары б звольніліся, таму выйсьце — значна большыя падаткі. Людзі хочуць камфорту — лекара дадому, але плаціць неяк ня вельмі хочуць».
Як візыты да пацыентаў на дом апісаныя ў праекце Кодэкса аб ахове здароўя
У праекце Кодэкса Беларусі аб ахове здароўя візыты дактароў на дом не вылучаюцца як асобная і абавязковая норма для ўсіх выпадкаў. Яны разглядаюцца як адна з формаў амбуляторнай мэдычнай дапамогі. Гэта значыць, што дапамога могуць аказваць ня толькі ў паліклініцы, але і ў месцы жыхарства пацыента, калі гэта неабходна. Асноўны прынцып, які тут дзейнічае, — даступнасьць мэдычнай дапамогі. Калі чалавек з прычыны стану здароўя ня можа самастойна прыйсьці ў мэдычную ўстанову, яму могуць арганізаваць агляд і дапамогу дома. Аднак у Кодэксе няма дакладнага пераліку сытуацыяў, калі доктар павінен прыходзіць абавязкова. Канкрэтныя паказаньні для візыту на дом вызначаюцца ў падзаконных актах — інструкцыях Міністэрства аховы здароўя і ў клінічных пратаколах.