Дзьве сотні расейскіх вайскоўцаў, сярод якіх — удзельнікі вайны ва Ўкраіне, змогуць атрымаць пуцёўкі ў беларускія санаторыі ў 2026 годзе задарма. За такое «аздараўленьне» возьмуцца тры беларускія санаторыі, а фінансаваць яго давядзецца ў тым ліку і беларусам.
Пра гэта стала вядома ў выніку праведзенага 20 сакавіка ў Маскве паседжаньня конкурснай камісіі Пастаяннага камітэту так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. На ім вызначалі пераможцаў адкрытага тэндэру, абвешчанага гэтай установай на права аказаньня паслуг «арганізацыі санаторна-курортнага лячэньня вэтэранаў і інвалідаў Вялікай Айчынай вайны і баявых дзеяньняў» у 2026 годзе.
Пачынаючы з 2011 году, такія паслугі, згодна з пастановай Савету Міністраў Саюзнай дзяржавы, надавалі толькі беларускім і расейскім вэтэранам і інвалідам, што ўдзельнічалі ў Другой усясьветнай вайне. Але 24 лістапада 2022 году, ужо пасьля пачатку поўнамаштабнай расейскай агрэсіі ва Ўкраіне, у тэксьце пастановы зьмянілі фармулёўкі. Туды дадалі шырэйшае паняцьце – «вэтэран баявых дзеяньняў». Гэта значыць, што ў пералік тых, хто мае права атрымоўваць бясплатныя пуцёўкі ў санаторыі Беларусі і Расеі, трапілі ўсе расейскія вайскоўцы, што ўдзельнічалі ў вайне ва Ўкраіне.
За лячэньне такія вайскоўцы нічога не заплацяць. Фінансуюцца пуцёўкі за кошт бюджэту Саюзнай дзяржавы, які ў сваю чаргу напаўняецца зь бюджэтаў Беларусі і Расеі. На гэта прадугледжана выдаткаваць 33,6 мільёна расейскіх рублёў (прыкладна 415 тысяч даляраў).
Згодна з інфармацыяй зь дзяржаўнага расейскага тэндэру, дакумэнты з пацьверджаньнем гатоўнасьці аказаць паслугі лячэньня і рэабілітацыі ў конкурсную камісію даслалі тры беларускія санаторыі і адзін расейскі. Так, пра жаданьне засвоіць усю вылучаную на праграму суму і вылучыць 400 пуцёвак для вэтэранаў пагадзіўся Лепельскі вайсковы санаторый, засвоіць частку грошай і надаць 120 пуцёвак — баранавіцкі санаторый «Чабарок», 40 пуцёвак — менскі санаторый «Сасновы бор» адкрытага акцыянэрнага таварыства «Белдзяржздраўніца». 250 пуцёвак гатовы даць расейскі кардыялягічны санаторны цэнтар «Переделкино».
Паводле канчатковага дакумэнту конкурснай камісіі, апублікаванага 23 сакавіка 2026 году, прынята рашэньне ўва ўсе чатыры санаторыі выдаць 361 пуцёўку, зь якіх 201 пуцёўка — у тры беларускія. Лепельскаму вайсковаму санаторыю нададзена права «аздараўленьня» 155 вэтэранаў, баранавіцкаму санаторыю «Чабарок» — 26 і менскаму санаторыю «Сасновы бор» — 20 вэтэранаў.
Сярод паслуг, якія мусяць забясьпечыць беларускія санаторыі: дыягнастычная, лячэбна-аздараўленчая, рэабілітацыйная дапамогі, арганізацыя вольнага часу, правядзеньне «заездаў і мерапрыемстваў па тэматыцы Саюзнай дзяржавы». За свой уласны кошт санаторыі маюць даставіць вэтэранаў ад бліжэйшага вакзалу ці аэрапорту, правесьці экскурсіі «па мясьцінах баявой славы», а таксама раздрукаваць групавое «фота на памяць».
За сьпісы вэтэранаў для рэабілітацыі адказная толькі адна беларуская дзяржаўная установа — Рэспубліканскі цэнтар азадараўленьня і санаторна-курортнага лячэньня насельніцтва Беларусі, а таксама адразу дзесяць адміністрацыяў і ўрадаў расейскіх вобласьцяў (Калінінградзкай, Уладзімірскай, Ленінградскай, Калускай, Пскоўскай, Смаленскай, Тульскай, Бранскай і Цьверскай).
Свабода знайшла некалькі публікацыяў у расейскіх рэгіянальных мэдыя і на публічных старонках дабрачынных фондаў у пацьверджаньне таго, што Лепельскі вайсковы санаторый займаецца рэабілітацыяй расейскіх вайскоўцаў, якія яшчэ нядаўна ўдзельнічалі ў вайне супраць Украіны. Некаторыя зь іх плянуюць вярнуцца назад на фронт.
З фронту ў Лепель
У адным з паведамленьняў, апублікаваных расейскім фондам «Защитники Отечества» 19 верасьня 2025 году, гаворыцца: «У рамках супрацоўніцтва паміж Урадам Ленінградзкай вобласьці і Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы вэтэраны баявых дзеяньняў, якія бралі ўдзел у спэцыяльнай ваеннай апэрацыі, прайшлі санаторна-курортнае лячэньне ў Лепельскім вайсковым санаторыі».
Расейскія вайскоўцы, што ўдзельнічалі ў акупацыі Ўкраіны, пасьля рэабілітацыі ў Лепельскім вайсковым санаторыі ў верасьні 2025 года
На апублікаваным фатаздымку 13 мужчын трымаюць сьцяг Ленінградзкай вобласьці Расеі. Як высьветліла Свабода, усе яны сапраўды маюць дачыненьне да гэтага расейскага рэгіёну, а ў іхных сацыяльных сетках можна знайсьці фатаздымкі, зьвязаныя з вайной ва Ўкраіне.
Напрыклад, мужчына зь сьцягам у цэнтры вельмі падобны на Міхаіла Фралова. У сьнежні 2025 году ён узгадваецца ў сюжэце расейскага тэлеканалу «Выборг ТВ» пад назвай «Выбарскі раён стварае ўмовы для працаўладкаваньня вэтэранаў СВА (так расейскія ўлады называюць вайну ва Ўкраіне. — РС)». Там яго называюць добраахвотнікам ПВК «Вагнэр», які «ваяваў зь імі на самых гарачых кірунках», а цяпер працуе ў адной камунальных абслуговых кампаніяў майстрам вытворчасьці. Прычым у артыкуле расейскага выданьня пазначана: Міхаіл не выключае, што вернецца назад на вайну.
Былы баец расейскай ПВК «Вагнэр» Міхаіл Фралоў (у цэнтры), які, імаверна, увосень 2025 году праходзіў рэабілітацыю ў Лепельскім вайсковым санаторыі, на працы ў камунальнай кампаніі ў Выбаргу
Раней журналісты Беларускага расьсьледніцкага цэнтру (БРЦ) знайшлі і ідэнтыфікавалі двух вайскоўцаў з Пскоўскай вобласьці Расеі, якія таксама праходзілі рэабілітацыю ў Лепельскім вайсковым санаторыі. Іх фота апублікаваў расейскі фонд «Защитники отечества». У паведамленьні таксама значылася, што ў лепельскім санаторыі амаль месяц — з 20 лістапада па 10 сьнежня 2024 году — адпачылі 9 «вэтэранаў СВА».
Журналісты зьвязаліся з вайскоўцамі на фота. У тэлефонных размовах тыя пацьвердзілі свой удзел у вайне супраць Украіны і расказалі, што былі накіраваныя на аднаўленьне ў Беларусь пасьля баявых дзеяньняў.
«Мне вельмі спадабалася [у Лепельскім санаторыі. — БРЦ]. Па-першае, само стаўленьне да нас было на самым высокім узроўні. Харчаваньне абалдзеннае. Усе мерапрыемствы, якія праходзілі, — вельмі класныя, спадабалася. Не параўнаць з рускімі [санаторыямі. — БРЦ]», — расказаў журналістам БРЦ вайсковец, што да гэтага служыў снайпэрам-выведнікам і ўдзельнічаў у баях за горад Крамянная у Луганскай вобласьці Ўкраіны.
31 кастрычніка 2024 году раённая газэта «Лепельскі край» апублікавала фатаздымкі зь сьвяткаваньня так званага «Дня Саюзнай дзяржавы» ў лепельскім санаторыі, дзе былі і мясцовыя чыноўнікі. У допісе пад імі сказана:
«Сярод тых, хто адпачывае, ёсьць ячшэ зусім маладыя хлопцы, але яны ўжо спазналі глыбокі сэнс слова „вайна“. 18 чалавек — удзельнікі спэцыяльнай вайсковай апэрацыі ва Ўкраіне».
Вельмі падобнага мужчыну, якому ў той дзень уручылі падарункі, Свабода знайшла у сацыяльнай сетцы «Ўкантакце» пад імем Іван Кузянкоў. Сваю старонку там ён не абнаўляе, але на аватарцы профілю, апублікаванай летам 2025 году, ён стаіць у вайсковай форме з аўтаматам. У падпісках – суполкі «Путин В. В.», «Сводки СВО», «ЧВК Вагнер».
Меркаваны расейскі вайсковец Іван Кузянкоў, што мог праходзіць рэабілітацыю ў Лепельскім вайсковым санаторыі ў кастрычніку 2024 году
Іншы мужчына, якому таксама ўручылі падарунак, вельмі падобны да расейскага вайскоўца, удзельніка вайны ва Ўкраіне Андрэя Максімава. Банэры зь ім можна сустрэць на мностве расейскіх сайтаў, дзе ён стаіць у форме расейскага вайскоўца з ордэнам Мужнасьці на ёй. Подпіс пад банэрам заклікае ісьці служыць у армію Расеі.
Меркаваны расейскі вайсковец Андрэй Максімаў, што мог праходзіць рэабілітацыю ў Лепельскім вайсковым санаторыі
Расея шукае беларускай падтрымкі ў рэабілітацыі параненых
Колькасьць расейскіх вайскоўцаў, якія вымагаюць рэабілітацыі ў пяты год поўнамаштабнай вайны супраць Украіны, можа дасягаць некалькіх соцень тысяч. Лічба тых, хто можа праходзіць рэабілітацыю ў Беларусі, адносна невялікая — колькі соцень чалавек. Але неўзабаве яна можа значна павялічыцца, бо расейскія ўлады актыўна шукаюць розныя варыянты супрацы зь беларускімі дзяржаўнымі мэдычнымі ўстановамі. Пры гэтым фінансаваньне такіх праграмаў, імаверна, будзе адбывацца ня толькі ў межах саюзных дамоваў.
У траўні 2024 году ў Беларусі адбыўся круглы стол на тэму лячэньня і рэабілітацыі расейскіх вайскоўцаў, што атрымалі траўмы і калецтвы ў агрэсіі супраць Украіны. Адным з арганізатараў выступіў вышэйзгаданы расейскі фонд «Защитники отечества». Яго кіраўніца — Ганна Цывілёва, як пішуць мэдыя, магчымая сваячка Ўладзіміра Пуціна. У жніўні 2024 году яна стала статс-сакратаркай — намесьніцай міністра абароны Расеі. Займаецца пытаньнямі сацыяльнага забесьпячэньня вайскоўцаў.
Ганна Цывілёва, кіраўніца фонду «Защитники Отечества», на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным 2 красавіка 2024 году
Зь беларускага боку прысутнічаў адзін з кіраўнікоў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру мэдычнай экспертызы і рэабілітацыі Васіль Смычак, галоўны доктар Рэспубліканскага клінічнага шпіталя мэдычнай рэабілітацыі ў Аксакаўшчыне Сяргей Малышка, а таксама кіраўнік дабрачыннага фонду Аляксей Талай, які ў тым жа месяцы атрымаў ордэн Дружбы з рук Уладзіміра Пуціна.
Амабасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў у сваім прывітальным лісьце да ўдзельнікаў круглага стала зазначыў, што разьлічвае на актыўны ўдзел беларускіх мэдыкаў і вытворцаў у забесьпячэньні «аб’ектыўна павялічаных патрэбаў Расеі» ў тэхнічных сродках сацыяльнай рэабілітацыі.
30 верасьня 2025 году ў Беларусь прылятаў губэрнатар Ленінградзкай вобласьці Аляксандар Дразьдзенка, які сустракаўся зь першым намесьнікам беларускага прэм’ера Мікалаем Снапковым. Расейская дэлегацыя не хавала, што галоўным вынікам візыту стала дамоўленасьць аб стварэньні «пастаяннай праграмы рэабілітацыі байцоў СВА» і іхных сем’яў – для 800 жыхароў Ленінградзкай вобласьці штогод. Згоду на гэта нібыта даў сам Снапкоў.
Такое ж пытаньне Дразьдзенка падымаў на сустрэчы з Снапковым яшчэ ў верасьні 2023 году. А ў 2024 годзе губэрнатар Ленінградзкай вобласьці прапанаваў выкарыстоўваць беларускія курорты для аздараўленьня расейскіх салдатаў і самому Аляксандру Лукашэнку. Той быццам бы выказаў гатоўнасьць дапамагчы. Але, як вядома з даступных Свабодзе зьвестак, за амаль два гады справа моцна ня зрушылася.