Гэтыя рашэньні 2 красавіка падтрымалі 60 заканадаўцаў ад кіроўнай партыі «Дзеяньне і салідарнасьць», партыі «Дэмакратыя дома», а таксама былы прэм’ер-міністар Іён Кіку (ад фракцыі «Альтэрнатыва»), паведамляе Малдоўская служба Радыё Свабода.
Усяго ў парлямэнце Малдовы 101 дэпутат.
Дэпутаты ад Партыі камуністаў і Партыі сацыялістаў галасавалі супраць дэнансацыі пагадненьняў. Яны заявілі, што «выхад Малдовы з СНД будзе мець катастрафічныя наступствы» для эканомікі краіны.
Масква ўжо папярэдзіла, што не дазволіць Кішынёву заставацца ў іншых супольнасьцях, зьвязаных з эканамічнымі адносінамі паміж былымі савецкімі рэспублікамі.
Дэнансацыя пагадненьняў была ініцыяваная МЗС краіны, якое сьцьвярджае, што асноўныя каштоўнасьці і прынцыпы СНД сёньня не выконваюцца некаторымі ўдзельнікамі Садружнасьці.
«Гэты прынцып, які быў асновай для стварэньня СНД, парушаецца Расейскай Фэдэрацыяй, якая вядзе вайну супраць Украіны, зьдзейсьніла акты агрэсіі супраць Грузіі і незаконна ўтрымлівае вайсковыя войскі на тэрыторыі Рэспублікі Малдова», – гаворыцца ў заяве парлямэнту пасьля галасаваньня 2 красавіка.
«Акрамя таго, дэнансацыя пагадненьня СНД зьяўляецца натуральным і непазьбежным крокам на шляху да дасягненьня мэты ўступленьня ў Эўрапейскі зьвяз», — гаворыцца ў тлумачальнай запісцы МЗС Малдовы.
На сёньня дзень з 283 пагадненьняў у рамках СНД Малдовай дэнансаваны ўжо 71 дакумэнт, яшчэ каля 60 — знаходзяцца на стадыі разгляду.
Пасьля таго, як прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду падпіша ўхваленыя дэпутатамі праекты, міністэрства замежных спраў накіруе іх у Выканкам СНД, а выхад са Садружнасьці, паводле венскай канвэнцыі, будзе завершаны праз 12 месяцаў пасьля гэтага.
Малдова спыніла ўдзел ва ўсіх пасяджэньнях СНД з 2022 году.