У суправаджэньні ўзмоцненых нарадаў паліцыі шэсьць замежнікаў, абвінавачаных у тэрарызме, 1 красавіка даставілі ў акруговы суд у Шаўлях, піша агенцтва BNS. На закрытым паседжаньні суд а 14 гадзіне пачаў разгляд справы аб спробе падпалу дапамогі для Ўкраіны.
У судовую залу абвінавачаных — пецярых мужчын і адну жанчыну — суправаджалі каля дзесяці супрацоўнікаў Аддзела спэцыяльнай гатоўнасьці паліцыі, некаторыя зь іх былі ўзброеныя аўтаматамі.
Паліцыя не дазволіла журналістам паразмаўляць з гішпанамоўнымі абвінавачанымі, а з двума іншымі зь іх адвакаты размаўлялі на расейскай мове.
Усе абвінавачаныя знаходзяцца пад арыштам.
Чаму суд закрыты?
Акруговы суд прыняў рашэньне разглядаць справу ў закрытым рэжыме, каб не раскрываць службовую або камэрцыйную таямніцу, а таксама з улікам таго, што ў справе могуць быць дапытаныя ананімныя сьведкі.
Агенцтва BNS паведамляла, што ў гэтай перададзенай у суд у студзені справе грамадзяне Беларусі, Калюмбіі, Гішпаніі, і Калюмбіі, Кубы і Расеі абвінавачваюцца ва ўдзеле ў тэрарыстычнай групе, замаху на ўчыненьне тэрарыстычнага акту і фінансаваньні тэрарыстычнай дзейнасьці.
Паводле пракуратуры Літвы, у верасьні 2024 года абвінавачаныя плянавалі атаку на інфраструктуру і прадукцыю кампаніі TVC Solutions коштам каля 5, 5 млн эўра — мабільныя станцыі аналізу радыёчастотнага спэктру, прызначаныя для Узброеных сіл Украіны.
Што пагражае абвінавачаным?
Паводле праваахоўных органаў, абвінавачаныя спрабавалі ўчыніць дывэрсію па ўказаньні і ў інтарэсах Галоўнага выведвальнага ўпраўленьня Расеі (ГРУ). Фігурантам пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
Прозьвішча падсуднага беларуса не называюць, пазначаюць толькі ягоныя ініцыялы — М. Б.
У справе праходзяць яшчэ пяць чалавек з грамадзянствам Калюмбіі, Гішпаніі, Кубы, Расеі, адзін з падвойным грамадзянствам Гішпаніі і Калюмбіі.
Справу перадалі ў суд у сярэдзіне студзеня, але дату пачатку яе разгляду яшчэ не прызначылі. Абвінавачаньні зьвязаныя з спробай учыніць тэракт у Шаўлях ў верасьні 2024 году.
Два фігуранты пасьля няўдалай спробы падпалу ўцяклі ў Латвію, але там іх злавілі, затрымалі і перадалі ў Літву. Празь некалькі дзён пасьля гэтай спробы ў Літву прыехалі грамадзяне Расеі і Беларусі, якія змаглі зрабіць падпал, але тэхніка не пацярпела. Пасьля гэтага грамадзянка Кубы павінна была ацаніць нанесеную шкоду. Яшчэ адзін грамадзянін Кубы выконваў пасярэдніцкія функцыі і забясьпечваў фінансаваньне гэтай арганізаванай групы.