На падставе абнародаваных статыстычных зьвестак тэлеканал «Белсат» вывучыў зьмены ў злачыннасьці ў Беларусі ў 2025 годзе.
Параўнаньне мінулагодніх зьвестак з 2021 годам дазволіла заўважыць асноўныя тэндэнцыі. Галоўная выснова — што крадзяжоў і вулічных злачынстваў за мінулы год паменела, але застаецца на анамальна высокім узроўні махлярства. Што да карупцыі і фінансавых злачынстваў, то колькасьць гэтых злачынстваў расьце, сьведчыць статыстыка.
Агульная колькасьць зарэгістраваных злачынстваў у Беларусі зьнізілася за 5 гадоў амаль на траціну, сьведчаць зьвесткі Белстата. Калі ў 2021 годзе іх было 87 696, то ў 2025-м — 63 929.
З розных катэгорый злачынстваў заўважней за ўсё ўпала колькасьць маёмасных і вулічных злачынстваў. У першую чаргу гэта крадзяжы: іх колькасьць зьнізілася больш чым удвая — з 25 369 у 2021 годзе да 11 612 — у 2025-м. Істотна скарацілася і колькасьць рабаваньняў (з 1 268 да 634), разбояў (з 84 да 36), а таксама выпадкаў хуліганства (з 3 974 да 2 057).
Адначасова памяншаецца колькасьць найбольш цяжкіх гвалтоўных злачынстваў: забойстваў і замахаў на забойства стала амаль удвая менш — з 297 да 155, сьведчаць зьвесткі Белстату.
Аднак па асобных катэгорыях статыстыка дэманструе рост, паведамляе «Белсат». Перш за ўсё гэта махлярства: за некалькі гадоў колькасьць такіх злачынстваў павялічылася больш чым у два разы — з 4 744 у 2021 годзе да пікавых 12 774 у 2024-м. У 2025 годзе паказьнік нязначна зьнізіўся — да 11 204, аднак застаўся істотна вышэй ранейшых узроўняў.
Акрамя таго, у 2025 годзе зноў вырасла колькасьць выпадкаў хабарніцтва — з 611 да 718.
Падобная тэндэнцыя адзначана і ў катэгорыі іншых эканамічных злачынстваў: пасьля чатырохгадовага росту заўважнае падзеньне. Гэтак, у 2021 годзе было зафіксавана 975 злачынстваў у сфэры эканомікі, да 2024-га іх колькасьць вырасла амаль удвая — да 1 861, а летась паказьнік зьнізіўся да 1 078.
Таксама пасьля росту ў папярэднія гады зьнізілася колькасьць злачынстваў, зьвязаных з ухіленьнем ад выплаты падаткаў: з 283 выпадкаў у 2024 годзе да 218 у 2025, паведаміў «Белсат».