Падазраваны ў нападзе на «Русский дом» у Празе здаўся паліцыі

«Русский дом» увечары 26 сакавіка, фота чэскай паліцыі

У Празе падазраваны ў нападзе на будынак Расейскага цэнтру навукі і культуры (так званы «Русский дом») здаўся паліцыі.

Як гаворыцца ў паведамленьні чэскай паліцыі, падпальшчыкам аказаўся замежнік, які сам 30 сакавіка прызнаўся ў нападзе. Пра грамадзянства затрыманага не паведамляюць. Сьцьвярджаецца, што ён плянаваў напад зь лета 2025 году. Іншыя дэталі пакуль невядомыя.

У будынак Расейскага цэнтру навукі і культуры ў Празе кінулі некалькі бутэлек з лёгкаўзгаральным рэчывам увечары 26 сакавіка. Будынак атрымаў нязначныя пашкоджаньні — разьбілася шыба, узьнік пажар, які быў патушаны.

Паліцыя тады абвясьціла, што пачала крымінальную справу па артыкуле аб пашкоджаньні чужой маёмасьці.

Кіраўнік расейскага цэнтру Ігар Гірэнка адзначыў, што «па шчасьлівым зьбегу абставін тры з шасьці „кактэйляў Молатава“ ня выбухнулі» і ня сталі прычынай пажару.

Падобныя цэнтры ў розных краінах дзейнічаюць у сыстэме расейскага фэдэральнага агенцтва «Россотрудничество». Звычайна яны рэгулююцца міжурадавымі пагадненьнямі, і іх дзейнасьць не спынілася пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, нягледзячы на заходнія санкцыі, уведзеныя супраць «Россотрудничества». У Беларусі ёсьць чатыры такія ўстановы.

Актывісты і журналісты-расьсьледнікі зьвяртаюць увагу на тое, што, акрамя арганізацыі культурных мерапрыемстваў, дзейнасць цэнтру таксама накіравана на распаўсюджваньне пракрамлёўскіх наратываў, у тым ліку пра вайну Расеі супраць Украіны.