Грамадзян Беларусі разам з супрацоўнікамі «Расатаму» эвакуавалі з Ірану праз Армэнію ў Маскву

Ерэван, ілюстрацыйнае фота

Расейская карпарацыя «Расатам» пры дапамозе Армэніі эвакуавала 164 сваіх супрацоўнікаў з іранскай атамнай электрастанцыі ў Бушэры.

Як паведаміла армянскае інфармацыйнае агенцтва Armenpress з спасылкай на расейскую амбасаду ў Ерэване, іх эвакуавалі з Бушэрскай АЭС 27 сакавіка праз памежны пункт «Нурдуз-Агарак».

Спэцыяльным авіярэйсам у Маскву разам з супрацоўнікамі «Расатаму» накіраваліся грамадзяне Беларусі, Таджыкістану і Ўзбэкістану.

У пачатку сакавіка Амбасада Беларусі ў Іране рэкамэндавала беларускім грамадзянам праз закрыцьцё паветранай прасторы Ірану выкарыстоўваць наземныя шляхі для эвакуацыі з зоны канфлікту.

Дыпляматы назвалі КПП «Нурдуз-Агарак» па маршруце ў кірунку Армэніі найбольш аптымальным, паколькі для выезду праз Азэрбайджан трэба папярэдне атрымліваць індывідуальны дазвол. Для таго, каб праехаць праз азэрбайджанскі пункт «Астара» трэба загадзя накіраваць у беларускую амбасаду запыт з указаньнем прозьвішча, нумара пашпарту і тэрміну ягонага дзеяньня, адзнакі аб уезьдзе ў Іран, кантактных тэлефонах і з каляровай копіяй пашпарту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусам, якія захочуць выехаць з Ірану праз Азэрбайджан, патрэбна атрымаць індывідуальны дазвол