Суд у Харкаве пастанавіў спагнаць больш за 9 мільёнаў даляраў на карысьць двух данецкіх бізнэсоўцаў з 58 расейскіх і 7 беларускіх прадпрыемстваў за фінансаваньне агрэсіі Расеі супраць Украіны, у выніку чаго яны страцілі свой бізнэс.
Як стала вядома Свабодзе, спачатку данецкія бізнэсоўцы падалі пазоў супраць расейскага «Газпраму», а потым далучылі ў якасьці суадказчыкаў яшчэ 57 расейскіх і 7 беларускіх прадпрыемстваў.
Суд запрашаў прадстаўнікоў гэтых кампаній да ўдзелу ў працэсе праз публікацыю адпаведнай аб’явы. Ніякіх судовых даручэньняў на адрас прадпрыемстваў, якія прызналі саўдзельнікамі расейскай агрэсіі супраць Украіны, не адпраўлялі. На судовым разглядзе іх не было.
Апроч спагнаньня кампэнсацыі стратаў, кожнае прадпрыемства павінна будзе заплаціць ва ўкраінскі бюджэт больш за 16 тысяч грыўняў судовага збору (прыблізна 400 даляраў у эквіваленце. — Свабода).
Фармальна расейскія і беларускія прадпрыемствы могуць абскардзіць гэтае рашэньне суда да 6 красавіка 2026 году. У той жа час, пакуль незразумелы мэханізм выкананьня гэтага рашэньня. Імаверна, што наступным крокам стане зварот бізнэсоўцаў у Міжнародны рэестар шкоды (RD4U), створаны ў Гаазе, і ў Эўрапейскі суд у правах чалавека (ЭСПЧ).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гаазе абвясьцілі старт праекту кампэнсацыі шкоды, нанесенай Расеяй Украіне ў часе агрэсііШто страцілі ўкраінскія бізнэсоўцы
Свабода зьвярнулася па камэнтар да адваката, які прадстаўляў інтарэсы ўкраінскіх бізнэсоўцаў у судзе. Аднак ён, спасылаючыся на адвакацкую таямніцу, адмовіўся ад размовы і прапанаваў даслаць запыт, каб узгадніць свае дзеяньні з кліентамі і магчымасьць разгалашэньня дэталяў гэтай справы. Аднак цягам 10 дзён ён так і не адказаў на запыт.
Свабода мае імёны гэтых бізнэсоўцаў, як і назвы страчаных імі кампаній у Данецкай вобласьці. Аднак, улічваючы пазыцыю адваката і заканадаўчую забарону на раскрыцьцё пэрсанальных зьвестак бяз згоды грамадзян, рэдакцыя вырашыла іх не публікаваць.
Бізнэсоўцы страцілі дзьве кампаніі — юрыдычную і вытворчую (завод па вытворчасьці цэмэнту і іншых будаўнічых сумесяў) з агульным статутным капіталам у 1 170 800 грыўняў (прыблізна 30 тысяч даляраў у эквіваленце. — РС). Гэтыя дзьве кампаніі валодалі трэцяй, якая мела форму карпарацыі і статутны капітал у 400 тысяч грыўняў (прыблізна 10 тысяч даляраў у эквіваленце). Усе знаходзіліся ў Данецку і Макееўцы ў Данецкай вобласьці, якія з 2014 году былі акупаваныя Расеяй.
Праз расейскую акупацыю бізнэсоўцы страцілі некалькі сотняў станкоў і абсталяваньня, а таксама амаль паўтары тысячы квадратных мэтраў прамысловых памяшканьняў. Агульны ўрон склаў 9 167 605,69 даляраў ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна нацыяналізавала актывы беларускага прадпрыемства «Гомсельмаш»Якія прадпрыемствы зь Беларусі прызналі саўдзельнікамі агрэсіі Расеі
У пераліку кампаній, якія мусяць салідарна адказаць за страту перад украінцамі за страту іх бізнэсу, 7 прадпрыемстваў, у тым ліку дзяржаўных:
- ААТ «Беларуськалій» (кантралюе ўрад Беларусі),
- Экспартна-вытворчае прадпрыемства «Беллесэкспарт» (кантралюе Міністэрства лясной гаспадаркі),
- ААТ «Нафтан» (дзяржаўнае прадпрыемства, якім кіруе Дзяржаўны камітэт па маёмасьці),
- Замежнае ТАА «Омск Карбон Магілёў» (дзейнічае ў свабоднай эканамічнай зоне «Магілёў», заснавальнік — прыватная кампанія «Омск Карбон Груп Лімітэд» (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты), якая ўваходзіць у структуру расейскай ТАА «Омсктехуглерод», што таксама належыць кампаніі з ААЭ),
- ТАА «Рэал-Агент» (прыватная кампаніяе, зарэгістраваная ў Менску, як адзначаецца на партале kartoteka.by, займаецца іншай дзейнасьцю па наданьні дадатковых камэрцыйных паслуг),
- ТАА «Садружнасьць Транс-Агра» (лягістычная кампанія, уваходзіць у склад міжнароднай аграпрамысловай групы кампаній «Садружнасьць» з прамысловымі магутнасьцямі ў Калінінградзкай вобласьці Расеі. Кампанію стварылі Аляксандар Луцэнка і ягоная жонка Натальля, якія пачыналі ў Менску ў 1994 годзе зь бізнэсу ў гандлі кармамі і кармавымі дабаўкамі),
- ТАА «Транзіт-Аўта 2003» (згодна з адкрытымі зьвесткамі, уласьнікам кампаніі зьяўляецца Аляксей Шведаў, супраць гэтага прадпрыемства Ўкраіна ўвяла санкцыі за дапамогу расейскай арміі. Кампанія таксама згадвалася ў кантэксьце дзейнасьці, зьвязанай зь бізнэс-інтарэсамі атачэньня, блізкага да Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі).
- Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
- Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
- У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
- За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за 100 тых, хто ваяваў на баку Расеі.