Заплацілі па 70 даляраў. Хто здымаў удзельнікаў Дня Волі ў Вільні для спэцслужбаў Лукашэнкі

Украінскія студэнты Мікола і Ганна на вулічнай акцыі беларусаў на Дзень Волі ў Вільні; перапіска Міколы зь яго ананімнай онлайн-сяброўкай, скрыншот з тэлефона

Назаўтра пасьля Дня Волі ў Вільні дзяржаўная прапаганда Беларусі паказала кадры з тварамі ўдзельнікаў акцыяў і пагрозамі ў іх адрас. Як высьветліла Свабода, гэтыя відэа зьнялі ўкраінскія студэнты, якія атрымалі замову праз ананімны акаўнт, нібыта зьвязаны з журналістамі «Новой газеты Европа».

25 сакавіка ў гонар Дня Волі беларусы арганізавалі сьвяточныя імпрэзы ў Вільні. Акцыі пачаліся зранку з пэрформансу каля Сейму Літвы, дзе ўдзельнікі павязалі бел-чырвона-белыя стужкі на дрэвы «Беларускай алеі», а скончыліся ўвечары мітынгам у цэнтры гораду і шэсьцем да амбсады Беларусі. На наступны дзень відэакадры з ідэнтыфікаванымі тварамі ўдзельнікаў акцыяў, а таксама пагрозамі ў іх бок паказаў у сваёй праграме на дзяржаўным тэлеканале СТБ прапагандыст Раман Пратасевіч.

Скрыншот відэа праграмы прапагандыста Рамана Пратасевіча на дзяржаўным тэлеканале СТБ з кадрамі, якія зьнялі студэнты-ўкраінцы на сьвяткаваньні Дня Волі ў Вільні

На ранішняй імпрэзе каля Сейму беларускія журналісты, у тым ліку журналісты Свабоды, заўважылі двух чалавек, якія незвычайна сябе паводзілі і здымалі ці ня кожны крок удзельнікаў акцыі на мабільныя тэлефоны. Гэта былі малады хлопец у байцы і дзяўчына. Твараў яны не хавалі, таму не выклікалі шмат падазрэньняў у прысутных. На пытаньні, навошта яны гэта робяць, маладзёны адказвалі агульна — «для Тэлеграму».

Адразу пасьля гэтага хлопец і дзяўчына адзьнялі пачатак беларускага аўтапрабегу зь бел-чырвона белымі сцьягамі. А ўвечары іх заўважылі за тым жа заняткам на беларускім мітынгу, прысьвечанаму Дню Волі, на Лукіскім пляцы ў цэнтры Вільні. На гэты раз ў кампаніі яшчэ аднаго хлопца, які нічога не здымаў, але стаяў побач зь імі. Тады ж маладымі людзьмі зацікавілася паліцыя, што ахоўвала мітынг, але пасьля кароткай размовы іх адпусьцілі.

«На акцыю амаль у самым пачатку прыйшлі двое хлопцаў і дзяўчына. Яны адразу пачалі запісваць відэа, але не нахабнічалі», — падзялілася ўражаньнямі на наступны дзень беларуская журналістка, што асьвятляла мітынг. «Было дзіўна, што яны так шмат здымаюць, бо не выглядалі як журналісты, хутчэй падлеткі, якія трапілі на падзею выпадкова і мала разумелі, што адбываецца. Мы падышлі да паліцыі сказаць, што гэтыя людзі выклікаюць падазрэньні і могуць запісваць відэа на замову спэцслужбаў Беларусі».

Украінскія студэнты, якія здымалі людзей падчас сьвяткаваньня Дня Волі ў Вільні на замову невядомых

Празь нейкі час журналістка папрасіла знаёмага падысьці да іх яшчэ раз, але тыя, зь яе словаў, не ішлі на кантакт:

«Удалося толькі даведацца, што яны з Украіны. Яны не ішлі ў калёне маршам разам з усімі, а перасоўваліся на левым баку і запісвалі відэа. Падчас маршу адзін з хлопцаў падышоў да мяне і запытаўся, якія ў мяне да яго пытаньні. Ён размаўляў па-ўкраінску, але вельмі кепска. Я запыталася, навошта яны здымаюць відэа, але ён ня змог зьвязаць двух словаў, казаў нешта пра дыплёмную працу. Па завяршэньні маршу я сама падышла да паліцыі. Паліцыянты сказалі, што праверылі дакумэнты незнаёмцаў, што яны з Украіны, але доказаў, што тыя працуюць „на замову“, няма. На гэтым усё скончылася».

Кадры, зьнятыя маладзёнамі, на наступны дзень былі ў праграме Рамана Пратасевіча. Пазьней гэтыя ж кадры апазналі адразу некалькі беларускіх журналістаў, што былі на акцыях.

«Вось з гэтага ракурсу менавіта тая дзеўка мяне фоткала. Я заўважыў гэты момант», — адзначыў адзін зь іх. «Ракурсы іхныя. Севярынца прамову дакладна яны здымалі. Я стаяла побач зь імі і глядзела ў іхны тэлефон», — адзначыла іншая беларуская журналістка.

Скрыншот відэа праграмы прапагандыста Рамана Пратасевіча на дзяржаўным тэлеканале СТБ з кадрамі, якія зьнялі студэнты-ўкраінцы на сьвяткаваньні Дня Волі ў Вільні

Карэспандэнтка Свабоды таксама заўважыла, як падчас ранішняй акцыі на «Беларускай алеі» каля Сейму хлопец у байцы завязваў на дрэва бел-чырвона-белую стужку. Гэта здымала ягоная сяброўка. Пазьней гэты кадар таксама акажацца ў праграме Пратасевіча.

Свабода давелася, што дзяўчына, якая здымала ўдзельнікаў акцыі, вучыцца ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце ў Вільні. Пазьней удалося знайсьці яе імавернае імя.

На наступны дзень супольнасьць беларускіх журналістаў у Літве агульнымі намаганьнямі высьветліла таксама імя хлопца ў байцы. Яго кантакт удалося знайсьці праз студэнтаў унівэрсытэту. Для высьвятленьня ўсіх абставінаў здарэньня Свабода зьвярнулася да яго па камэнтар.

«Па тваім профілі ёсьць праца, можаш зьняць кадры зь мітынгу»

Трое маладых людзей сапраўды аказаліся грамадзянамі Ўкраіны, а дзяўчына — студэнткай Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Вільні. Двое хлопцаў — сябры, з Данецкай вобласьці.

Свабодзе ўдалося пагаварыць з тым зь іх, што быў у байцы і здымаў людзей на мабільны тэлефон. Яго завуць Мікола Багатыр. Дзяўчына, Ганна Б. [поўнае імя вядомае рэдакцыі. — РС], ад размовы адмовілася.

Мікола Багатыр зьлева, Ганна Б. справа. Пасярэдзіне сябра Міколы, які, зь яго словаў, прысутнічаў, але нічога не здымаў

Як сказаў Мікола, яму 19 гадоў. Ён пераехаў у Літву ў 2022 годзе. Да таго жыў у Данецкай вобласьці Ўкраіны, за 30 кілямэтраў ад фронту. Цяпер вучыцца онлайн, завочна ва ўкраінскім унівэрсытэце, спэцыяльнасьць зьвязаная з «мэдыя, СММ». Ён пацьвердзіў, што гэта ягоныя кадры паказалі ў беларускай дзяржаўнай тэлевізіі.

Зь Міколавых словаў, ён ведае, што адбывалася ў Беларусі ў 2020 годзе, і ня першы раз прыходзіць на акцыі, што ладзяць беларусы Вільні, але імя Ціханоўскай Мікола ўзгадаў у размове не адразу.

«У прынцыпе я ведаў, што будзе мітынг, плянаваў пайсьці. Але падштурхнула тое, што знаёмая онлайн-сяброўка напісала: „Па тваім профілі ёсьць праца, можаш зьняць кадры зь мітынгу“. А я ж хачу разьвівацца, мне сапраўды цікавыя здымкі і так далей, а тут яшчэ і мітынг. Так і атрымалася, што прыйшоў», — апавядае Мікола.

Мікола пайшоў на акцыю беларусаў не адзін, а ўзяў з сабою сваю ўкраінскую сяброўку Ганну Б. зь Вільні. Вечарам да іх далучыўся яшчэ адзін ягоны сябар.

«Я распытваў, куды гэта ўсё пойдзе, навошта, што за рэдакцыя», — працягвае Мікола. «Мая онлайн-сяброўка перадала, што гэта для „Новой Газеты Европа“, для рэдактара Ірыны. Гэта ўсё, што мне патрэбна было ведаць. Я прагугліў, что такое „Новая Газета Европа“. Паглядзеў, што добрае мэдыя, што ёсьць такі рэдактар Ірына, чаму не паспрабаваць. Тым больш што паабяцалі 70 даляраў».

І сапраўды, ёсьць такое незалежнае расейскамоўнае выданьне, створанае журналістамі «Новой газеты», якія выехалі з Расеі пасьля пачатку яе поўнамаштабнай вайны супраць Украіны ў 2022 годзе і цяпер працуюць з Рыгі. Сапраўды ў іхным штаце ёсьць такая журналістка Ірына Гарына. Але вядомыя прынамсі ўжо некалькі выпадкаў, калі невядомыя асобы, пачынаючы з 2025 году, адсылаюць нібыта ад імя Ірыны фэйкавыя запыты на інтэрвію палітыкам, грамадзкім дзеячам ў Эўропе, а таксама прадстаўнікам апазыцыйных колаў Беларусі. Пра гэта папярэджвалі самі журналісты «Новой Газеты Европа» і абяцалі правесьці расьсьледаваньне. Апошні вядомы такі выпадак з фэйкавым запытам на інтэрвію прыйшоў былой галоўнай рэдактарцы KYKY.org Насьце Рагатцы ў лютым сёлета.

Ананімная онлайн-сяброўка з кампутарнай гульні

Прапанову пайсьці на мітынг беларусаў і паздымаць на ім удзельнікаў акцыяў нібыта для журналістскага рэпартажу, з словаў Міколы, яму пераслала сяброўка, зь якой яны пазнаёміліся ў папулярнай кампутарнай гульні Dota. Ён кажа, што ніколі ня бачыў яе ўжывую і, як высьветлілася ў размове з Свабодай, хлопец пра яе літаральна нічога ня ведае.

Два гады таму яна напісала яму першая з прапановай пагуляць разам. Пасьля гэтага яны працягнулі перапісвацца і часамі нават фліртаваць. Адзінае, што ён змог агучыць, — што яна называе сябе Ілона і быццам бы жыве ў Рызе. Праз год перапісак яна пачала дасылаць Міколу розныя заданьні на здымкі ў Вільні: ад будынкаў у горадзе да невялікіх сцэнак.

Прыклад замовы на фота ад онлайн-сяброўкі Міколы: надпіс «Пуцін, Гаага чакае цябе» на хмарачосе ў Вільні

«Першае заданьне на здымкі для мяне не было дзіўным, бо я ёй апавядаў, што вучуся здымаць і так далей. Здымалі проста Вільню, проста краявіды, Стары горад амаль увесь, — апісвае хлопец. — Першае, што я запытаўся: для каго працуем, дзе? Нам сюжэт расьпісвалі аб тым, што мы ідзем па Старым горадзе, здымаем архітэктуру, робім мікрасцэнкі, падобныя да тых, якія робім у сваіх курсавых. Усё для Ірыны, для „Новой газеты“ ўсё».

У адказ на пытаньне, ці не ўзьнікала ў Міколы сумневаў у тым, што ён робіць, ён прыгадаў толькі момант, калі іх прасілі выконваць «сцэнкі зь фільмаў». Яму здалося сумнеўным, навошта рэдактару «Новой газеты» такія сцэнкі. Як прыклад ён прыводзіць наступную:

«Умоўна вы барон нейкі, і там у вас сяброўка, умоўна. І вы паказваеце, як у вас шмат усяго, ну вы зразумелі, пра што я?.. Шмат грошай, шмат парашку, мукі».

У якасьці прыкладу заданьня на здымкі ў Вільні Мікола назваў такое: зьняць надпіс «Пуцін, Гаага чакае цябе» на адным з хмарачосаў. І дадаў: «Ну цяпер, вядома, зразумела, навошта было фота пра Пуціна. А таксама яна прасіла фота, калі вісеў на плошчы сьцяг Амэрыкі».

Мікола Багатыр падчас размовы з журналістам Свабоды

Ці ня лічыць ён сябе падманутым? Мікола адказаў:

«Я б ня стаў сьцьвярджаць, што яны нас адкрыта падманулі, але і не скажу, ня буду сьцьвярджаць, што я маю рацыю. Я проста расказваю, як было, і ўсё. Гэта выключна справа для праверкі спэцслужбамі, давайце на гэтым і спынімся».

«Шчыра, ніколі ня думаў, што так пападу»

Мікола апазнаў кадры ў праграме Пратасевіча, якія ён здымаў і адсылаў сваёй ананімнай сяброўцы. Для Міколы таксама дзіўна прагучала, калі Пратасевіч назваў трох украінскіх студэнтаў «нашымі праваахоўнымі органамі» і супрацоўнікамі на службе, якія вялі назіраньне за акцыяй.

Скрыншот відэапраграмы прапагандыста Рамана Пратасевіча на дзяржаўным тэлеканале СТБ

«Мы крычалі „Жыве Беларусь“, „Слава Ўкраіне“ і так далей. З раніцы ўвогуле ніякіх праблемаў не было. Вечарам — так, пачалі коса глядзець на нас», — кажа Мікола. «Шчыра, я ня думаў, што ўсё так павернецца. Калі я даведаўся, што прапагандысцкаму каналу гэта прыйшло, шчыра, я б не хацеў гэта ўсё паўтарыць».

У выніку зробленай працы Міколу і Ганьне заплацілі па 70 даляраў на крыптагаманец. Хлопца хвалюе лёс людзей:

«Мне сказалі, што будуць праблемы ў гэтых людзей. Ну вось мужчына, які прыехаў на машынцы Wolt, ён з намі размаўляў, усьміхаўся. Гэта шчыры чалавек, вельмі добры. Я б не хацеў яго падставіць. З майго боку я прыношу свае прабачэньні. Я ніколі ня думаў, што так пападуся. Асабліва людзей падставіць. Для мяне важная рэпутацыя, таму я з вамі зараз і размаўляю. Я дакладна не хацеў сябе так зарэкамэндаваць. Я маю на ўвазе — я выступаю як чалавек з Украіны, зарэкамэндаваць сваю краіну з такога гнілога боку не хацелася б».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рамана Пратасевіча ўзялі вядоўцам на СТБ
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пратасевіч расказаў, як досьвед працы ў КДБ дапамагае яму ў прапагандзе