Загадка дзікага ляснога ката. Чаму беларускія навукоўцы столькі гадоў ня могуць яго знайсьці

Эўрапейскі дзікі лясны кот

Разам з эколягам Інэсай Балоцінай раскажам пра аднаго з самых таямнічых беларускіх дзікіх зьвяроў. А таксама пералічым новыя віды дзікіх жывёлаў, якія ўжо можна нечакана сустрэць у Беларусі.

14 сакавіка ў вёсцы Дзяржынск (Радзівілавічы) Лельчыцкага раёну здарылася незвычайнае. Тутэйшыя жыхары знайшлі ў сваім куратніку жывёлу, якой зусім не чакалі пабачыць. Напярэдадні нехта задушыў у вяскоўцаў некалькі курэй. Справа для вяскоўцаў звыклая — так часта робяць шашкі (тхары). Вяскоўцы вырашылі адвадзіць няпрошанага госьця з дапамогай пасткі, і раніцай таго дня яна захлопнулася. Аднак замест звыклага шашка ў пастку трапіла жывёліна, надзвычай падобная да свойскага ката. Вось толькі паводзіўся ён як сапраўдны дзікі зьвер, а ня хатні гадаванец. Вяскоўцы далей ад бяды вырашылі сысьці, а калі празь некалькі гадзін вярнуліся, зьвера ў куратніку ўжо не было. Уцёк разам з пасткай і ланцугом, да якога тая была прымацаваная.

Засталося відэа. На ім бачна, што жывёліна насамрэч мала падобная паводзінамі да хатняга гадаванца, хоць і моцна нагадвае яго звонку. Экспэрты адразу зрабілі выснову — у Лельчыцкім раёне быў злоўлены дзікі лясны кот, аб вяртаньні якога ў Беларусь чуткі ходзяць ня першы год. Свабода разам з эколягам і экспэрткай альянсу «Зялёная Беларусь» Інэсай Балоцінай разьбіралася, што гэта за жывёла і чаму гэтага ката цяжка злавіць.

Звычайны для Беларусі від

«Кот гэты ў Беларусі быў звычайным відам да сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя, — расказвае Свабодзе Інэса Балоціна. — Але з высечкай лясоў і зьменай ляндшафту ў Беларусі ён зрабіўся радзейшы. Афіцыйна апошняга дзікага ката ў нас злавілі ў 1927 годзе. Гэта значыць, што з таго часу захаваўся пацьверджаны афіцыйна экзэмпляр у выглядзе чучала. Паводле непацьверджаных зьвестак, як мне расказвалі паляўнічыя, гэтага дзікага ката здабывалі на Палесьсі ў 1970-я гады. Таму, скажам так, жывая прырода вельмі гнуткая. Арэалы відаў то пашыраюцца, то зьмяншаюцца. Гэта залежыць шмат ад чаго».

У тым 1927 годзе вялікага дзікага ката пад Барысавам упалявалі паляўнічыя. Пасьля таго здарэньня жывёлу вельмі доўга афіцыйна ў Беларусі ня бачылі. Новая сустрэча, пра якую стала шырока вядома, адбылася толькі ў 2017 годзе, калі ў беларускай частцы чарнобыльскае зоны на фотапастку сфатаграфавалі кагосьці, вельмі падобнага на дзікага ката. У чэрвені 2025-га зьвера зноў сфатаграфавалі на фотапастку ў нацыянальным парку «Прыпяцкі», на гэты раз ужо выразна. Чаму дзікі кот мог вярнуцца ў Беларусь? Арэалы зьмяняюцца раз на 50 гадоў, тлумачыць Інэса Балоціна, ёсьць малыя прыродныя ваганьні, ёсьць узьдзеяньне чалавека.

Кацяняты дзікага ляснога ката

«Хутчэй за ўсё, дзікі кот зь Беларусі нікуды не зьнікаў, — прызнаецца экспэртка. — Магчыма, ён, вобразна кажучы, адседжваўся ў нейкіх менш закранутых чалавекам мясьцінах Беларусі. І чакаў магчымасьці, калі зможа зноў распаўсюдзіцца. На Палесьсі захоўваюцца лясныя масівы. Там маглі сабе жыць некалькі дзясяткаў асобін, паціху размнажаліся, нікуды не выходзілі».

З словаў Інэсы, цягам часу дзікія лясныя каты маглі паступова пашыраць свае тэрыторыі. Эколяг гаворыць, што ката можна аднесьці да так званых фантомных відаў — гэта віды жывёлаў, якія могуць быць у Беларусі, але навукоўцы проста ня маюць матэрыяльных доказаў гэтага. Раней прыналежнасьць жывёлы да нейкага віду правяралі старым спосабам — забівалі яе і фіксавалі месца й абставіны. Зараз навукоўцы часьцей выкарыстоўваюць фота- і відэафіксацыю. Але для дзікага ката яна ня вельмі пасуе.

«Дзікага ката з фота цяжка вызначыць, — кажа Інэса Балоціна. — Ён вельмі падобны да свойскага ката такой жа афарбоўкі. Да таго ж з эўрапейскім лясным катом ёсьць тая праблема, што ён гібрыдызуецца з свойскімі катамі. Навукоўцы рабілі аналізы і высьветлілі, што ў Шатляндыі зараз 80% дзікіх катоў насамрэч гібрыды. У Швайцарыі 20% гібрыдаў, у Францыі каля 30%. Таму колькі іх у Беларусі ўвогуле — невядома. Яны нам толькі пачалі паказвацца».

«Дзікія каты людзей ня любяць»

З словаў Інэсы Балоцінай, у 2011 годзе беларускія навукоўцы прапаноўвалі рэакліматызаваць дзікага ката ў краіне. То бок засяліць лясы Беларусі прывезенымі з-за мяжы жывёламі. Гэтак хацелі зрабіць у Чарнобыльскай зоне. Але на праект патрэбныя былі грошы і спэцыялісты, ён заглух. У 2017 у Палескім радыёлягічным запаведніку дзікага ката сфатаграфавалі, але здымкі не даюць адназначнага адказу, ці ён вярнуўся на тэрыторыю Беларусі для сталага жыхарства.

Дзікі лясны кот, сфатаграфаваны ў Бэльгіі ў 2013 годзе

«Нарэшце летась, у 2025 годзе, у Прыпяцкім нацыянальным парку зноў зрабілі здымкі дзікага ляснога ката, — дадае экспэртка. — Тады шмат хто з спэцыялістаў сказаў, што гэта на выгляд і ёсьць дзікі лясны кот. Але каб на 100% гэта пацьвердзіць, трэба генэтычная экспэртыза, матэрыяльны доказ. Яны там пасьля ставілі пасткі на гэтага ката, каб поўсьць ягоную атрымаць. Існуюць мэтодыкі, калі ставяць пастку, каб кот прыйшоў і пацёрся аб яе, пакачаўся. Але нічога ня выйшла. Пакуль зноў гэты кот не зьявіўся».

Інэса дапускае, што кот у Лельчыцах мог зьнікнуць ня проста так. Для чыноўнікаў гэта новы від. Што з ім рабіць? Няма ката, няма і праблемы. Юрыдычныя пытаньні таксама ўзьнікаюць.

«Кот гэты распаўсюджваецца больш на Поўнач з кожным годам, — дадае Інэса. — Такую тэндэнцыю бачаць украінскія навукоўцы. Ва Ўкраіне ён жыве ў Карпатах, на поўдні ля Адэсы. Клімат зьмяняецца, і кот можа жыць далей на Поўнач. Яму важна, каб можна было перазімаваць, бо кот жа не ўпадае ў сьпячку. Каб сьнегу было ня больш за 20 сантымэтраў. Калі больш, то кату цяжка хадзіць. І яму ж трэба есьці — як ён тую мыш зловіць, калі шмат сьнегу. Кот не лісіца, ён ня можа так сьнег разграбаць».

Дзікі лясны кот на беларускай паштовай марцы з сэрыі "Жывёлы, якія зьніклі з тэрыторыі Беларусі". Магчыма, хутка сэрыю прыйдзецца перарабляць.

Як кажа Інэса Балоціна, апошнімі гадамі ў Беларусі для фіксацыі дзікіх жывёлаў пачалі больш масава выкарыстоўваць відэа- і фотапасткі. Адпаведна сьведчаньняў усё больш.

«Шкоды чалавеку ад дзікага ляснога ката няма, — гаворыць Інэса. — Ён рэдкі. Малаімаверна, што трапіцца нейкі хворы на шаленства. Яны самі ўцякаюць ад людзей. Дзікія каты людзей ня любяць. Ніякай шкоды ім ня чыняць. Тэарэтычна ён, галодны, можа залезьці ў куратнік. Вось як у гэтым апошнім выпадку. Але ніхто ня ведае, ці насамрэч той кот задраў курэй. Магчыма, гэта куніцы зрабілі, або тхор, ці норка залезла. А людзі пастку паставілі і туды выпадкова трапіў кот, які насамрэч першы раз прыйшоў у той куратнік. Такое таксама можа быць».

Інэса просіць у выпадку сустрэчы зь дзікім катом сфатаграфаваць яго або паспрабаваць зьняць на відэа і выкласьці здымкі ў інтэрнэт. Навукоўцы сочаць за ўсімі выпадкамі сустрэчаў людзей з дзікімі жывёламі. Існуе спэцыялізаваная плятформа для гэтага — Inaturalist.org Апублікаваныя там здымкі камэнтуюць у тым ліку і экспэрты.

Якія зьніклыя віды яшчэ могуць жыць у Беларусі

На просьбу Свабоды Інэса Балоціна пералічыла яшчэ некалькі новых відаў зьвяроў і птушак, якія пачалі заўважаць у Беларусі. Эколяг кажа, што яны могуць распаўсюджвацца натуральным чынам, празь міграцыі, але могуць быць так званыя фантомныя віды, або віды, якія вярнуліся дзякуючы дзейнасьці чалавека.

Садовая соня — маленькі грызун, падобны да вавёркі. 12-13 сантымэтраў даўжынёй, мае вострыя вушы і вялікія вочы, чым адрозьніваецца ад мышэй. Актыўная ўначы, харчуецца садавіной на дрэвах у старых закінутых садах. Жыве ў дуплах, у пабудовах. Робіць падобныя да птушыных гнёзды.

Хахуля (на ўсходзе Беларусі). Пра яе не было зьвестак некалькі дзясяткаў гадоў. Але зьвера сустракаюць на памежных тэрыторыях Расеі, таму афіцыйнае зьяўленьне хахулі ў Беларусі — пытаньне часу.

Хахуля на марцы з сэрыі "Жывёлы, якія зьніклі з тэрыторыі Беларусі"

Звычайны хамяк. Апошні раз яго бачылі ў Беларусі тры гады таму. Дакладней, не самаго хамяка, а ягонае жытло. Пакуль звычайны хамяк застаецца ў Чырвонай кнізе Беларусі. З словаў эколяга, зьмена клімату на цяплейшы можа паспрыяць яму і звычайны хамяк зноў распаўсюдзіцца па ўсёй Беларусі.

Вожык эўрапейскі. Ня блытаць зь белагрудым вожыкам, які ў Беларусі ёсьць паўсюль. Эўрапейскі належыць да іншага віду, да белагрудага падобны, але мае іншыя звычкі і жыве ў больш дзікіх мясьцінах. Эколягі лічаць, што зараз эўрапейскі вожык ужо можа жыць у Віцебскай вобласьці.

Хатні вожык-гібрыд. У Беларусі ў дзікай прыродзе масава жывуць белагрудыя вожыкі. Эўрапэйскі адрозьніваецца ад іх больш цёмнай поўсьцю і звычкамі.

Гіганцкая вячэрніца — знайшлася ў Беларусі адносна нядаўна. Вячэрніцы гэта цэлае сямейства кажаноў з густой карычневай поўсьцю. Жывуць як у лясах, так і побач з чалавекам, могуць сяліцца ў старых парках. Актыўныя ўвечары і на досьвітку, харчуюцца кузуркамі.

Шмат новых відаў рыбы у асноўным зьяўляюцца ў Беларусі празь дзейнасьць чалавека. Інэса Балоціна вылучае сонечнага акуня. Гэта плямістая рыба зь яскравай афарбоўкай жоўтага і нават памаранчавага колеру. Сярэдні памер — каля 10 сантымэтраў, але могуць вырастаць і да 30. Радзіма гэтай рыбы — Паўночная Амэрыка, але зараз яе можна злавіць і ў беларускіх рэках і азёрах.

Янот-паласкун. У Беларусі яго можа быць ужо каля 100 асобінаў у раёне Налібацкай пушчы, кажа Інэса Балоціна. Від таксама з Паўночнай Амэрыкі. Нядаўна адзін такі зьвер нават дабраўся да Беларусі самастойна ў набытым на амэрыканскім аўкцыёне аўтамабілі.

Яноты паласкуны

Чарапаха чырванавухая, зьявілася ў Беларусі праз чалавека. Зімой яна часта гіне ад маразоў, але не заўсёды. Гэты від моцна канкуруе зь беларускай балотнай чарапахай, таму ў апошняй узьнікаюць праблемы.

Эгіпецкая гусь. Нягледзячы на назву, да звычайнай нам гусі эгіпецкая (або нільская) ня вельмі падобная. Гэта моцная рознакаляровая птушка. Памерам сярэдняя — паміж качкай і звычайнай гусьсю. Селіцца на зямлі, але можа жыць і на дрэвах. Асноўны арэал — Афрыка. Але пачала распаўсюджвацца і ў Эўропе. У Эўразьвязе гэтая птушка нават пад забаронай, яе нельга завозіць, нясе небясьпеку як інвазіўны від.

Азіяцкі шэршань ужо дабраўся да Чэхіі, куды прыляцеў з Францыі, а ў Францыю трапіў з Кітаю. З словаў Інэсы Балоцінай, зьяўленьне гэтага віду ў Беларусі таксама хутчэй пытаньне часу. Калі гэта адбудзецца, то ў беларускіх пчолаў зьявіцца вялікая праблема — азіяцкі шэршань іхны вялікі вораг.

Зялёны папугай Крамэра таксама можа неўзабаве зьявяцца ў Беларусі, як бы дзіўна гэта ні гучала. У гарадах Эўропы гэтыя птушкі ўжо ўтвараюць папуляцыі, таму эколягі перакананыя, што папугаі паступова прыйдуць і да нас і будуць жыць у беларускіх гарадах, як галубы.

Плямісты алень

Плямісты алень. Пачынае распаўсюджвацца самастойна. Асобныя іх статкі ўжо можна сустрэць у Берасьцейскай вобласьці.

Качка-мандарынка. Яе пачынаюць больш-менш рэгулярна сустракаць у Берасьцейскай вобласьці. Ад звычайнай качкі адрозьніваецца яркай афарбоўкай.

Сіваграк. Гэты від, як і дзікі лясны кот, быў вельмі распаўсюджаны ў Беларусі. Яшчэ ў 1970-я гады ў краіне было шмат гэтых птушак. Зараз сівагракаў пэрыядычна назіраюць спэцыялісты, від працягвае сваё скарачэньне, альбо трымаецца на вельмі нізкім узроўні.