У Калюмбіі ўпаў вайсковы самалёт. На борце былі 125 чалавек

Самалёт Hercules C-130, архіўны здымак

Міністэрства абароны паўднёваамэрыканскай дзяржавы пацьвердзіла, што самалёт Lockheed Martin Hercules C-130 трапіў у аварыю на поўдні краіны.

Мясцовае выданне BluRadio паведаміла, што на борце знаходзілася 114 жаўнераў і 11 сяброў экіпажу.

Міністар абароны Калюмбіі Пэдра Санчэс заявіў, што аварыя адбылася, калі самалёт узьлятаў з Пуэрта-Легуісама, разьмешчанага ў глыбіні паўднёвай Амазоніі ў Калюмбіі на мяжы з Пэру, паведамляе Reuters.

«Дакладная колькасьць ахвяр і прычыны катастрофы пакуль не вядомыя», — сказаў ён.

BluRadio са спасылкай на ўлады паведаміла, што на борце былі 110 жаўнераў, а катастрофа адбылася ўсяго за 3 км ад цэнтру гораду. Амэрыканская абаронная кампанія Lockheed Martin не адразу адказала на просьбу аб камэнтары.

Пазьней крыніца паведаміла, што ў самалёце было больш асобаў, чым сьпярша заяўлялася. Першыя вынікі ратаўнічай апэрацыі паказалі, што больш за 60 чалавек з траўмамі, у тым ліку цяжкімі, даставілі ў шпіталі. Апэрацыя працягваецца.

Здымак зь месца авіякатастрофы

Самалёты Hercules C-130 былі ўпершыню выпушчаныя ў 1950-х гадах, а першыя мадэлі Калюмбія набыла ў канцы 1960-х гадоў.

Нядаўна кампанія мадэрнізавала некаторыя старыя C-130 на новыя мадэлі, адпраўленыя з ЗША ў адпаведнасьці з законам, які дазваляе перадаваць выкарыстаную або лішнюю вайсковую тэхніку.

У канцы лютага яшчэ адзін Hercules C-130, які належыць балівійскім ВПС, разьбіўся ў густанаселеным горадзе Эль-Альта, ледзь не зачапіўшы жылыя дамы. Больш за 20 чалавек загінулі і яшчэ 30 атрымалі раненьні, а банкноты з грузу самалёта разьляцеліся па горадзе, што выклікала сутычкі паміж жыхарамі і сіламі бясьпекі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Катары ўпаў у мора вайсковы верталёт. Загінулі 7 чалавек