Пажар на чэскім абарончым прадпрыемстве расьсьледуюць як тэракт. Невядомыя заявілі пра помсту за супрацоўніцтва з Ізраілем

Наступствы пажару ў Пардубіцах, 20 сакавіка 2026 году

Улады Чэхіі расьсьледуюць як наўмысны напад пажар, які адбыўся ў ноч на пятніцу на тэрыторыі прамысловага цэху ў горадзе Пардубіцы, за 120 кілямэтраў на ўсход ад Прагі.

Раніцай 20 сакавіка чэскія журналісты атрымалі паведамленьне ад невядомай раней групоўкі «Фракцыя землятрусу». Як паведамляе навіновы сайт Aktuálně.cz, групоўка зьвязвае свае дзеяньні з пратэстам супраць вытворчасьці на аб'екце ў Пардубіцах зброі для Ізраіля.

«Мяркуючы па наяўнай у нас інфармацыі, верагодна, інцыдэнт можа быць зьвязаны з тэрарыстычным актам», — заявіў міністар унутраных спраў Чэхіі Любамір Мэтнар.

У выніку пажару на складзе ніхто не пацярпеў, але агонь перакінуўся на яшчэ адзін будынак. Чэская абаронная кампанія LPP Holding у заяве на сваім сайце пацьвердзіла факт пажару на адным са сваіх прадпрыемстваў у пятніцу і заявіла аб супрацоўніцтве з уладамі.

«Мы ня будзем будаваць здагадкі аб прычынах або абставінах інцыдэнту і будзем чакаць афіцыйных высноваў расьсьледаваньня», — заявілі прадстаўнікі кампаніі.

Тры гады таму LPP Holding абʼявіла пра пляны супрацоўніцтва з ізраільскай кампаніяй Elbit Systems для вытворчасьці бесьпілётнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Чэхіі адбыўся выбух на складзе боепрыпасаў