Прапаганда замест гістарычнай памяці. Як Хатынь ператварылі ў інструмэнт маніпуляцый і інфармацыйнай вайны

Ганаровая вахта кадэтаў у Хатыні, архіўнае фота

22 сакавіка адзначаецца дзень памяці Хатынскай трагедыі, калі нацысцкі карны атрад спаліў жыўцом і расстраляў 149 жыхароў беларускай вёскі Хатынь на Лагойшчыне. Тэма Хатыні — важны складнік нацыянальнай гістарычнай памяці беларусаў, як і Курапаты, Трасьцянец, помнік ахвярам габрэйскага гета «Яма».

Хатынская трагедыя — неаспрэчны факт, жудасная старонка ў гісторыі Беларусі. Але сёньня, калі дзяржаўная ідэалёгія спрабуе манапалізаваць права на «гістарычную праўду», Хатынь ператварылася зь месца смутку ў сродак інфармацыйнай вайны. Разьбіраемся, як працуюць мэханізмы гэтай маніпуляцыі.

Хто паліў Хатынь?

Карную акцыю праводзілі 118 паліцэйскі батальён і батальён СС Дырленвангера. Гэта была помста за забойства партызанамі некалькіх нямецкіх вайскоўцаў.

У савецкія часы інфармацыю пра дачыненьне партызанаў замоўчвалі, бо на думку ідэолягаў гэта кідала цень на партызанскі рух.

«У савецкія часы нашым экскурсаводам забаранялі казаць, што напярэдадні трагедыі тут стаяў партызанскі атрад», — расказвалі Свабодзе яшчэ ў 2018 годзе супрацоўнікі хатынскага мэмарыялу.

118-ы паліцэйскі батальён, які браў удзел у зьнішчэньні Хатыні, называлі ўкраінскім па месцы фармаваньня. Ён сапраўды быў сфармаваны ў Кіеве, але этнічна быў неаднародным.

Сёньня прапаганда часта факусуецца на тым, што вёску спалілі выключна «бандэраўцы» ці «ўкраінскія нацыяналісты», і экстрапалююць віну на сучасную Ўкраіну.

У рэальнасьці склад гэтага батальёну паказвае больш складаную карціну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спаленыя вёскі: няскончаная размова. Чаго мы ня ведаем пра Беларусь у мінулай вайне

Рэальны склад батальёну і ўкраінскі фактар

Асноўная маса ў складзе 188-га паліцэйскага батальёну — былыя вайскоўцы Чырвонай арміі, якія трапілі ў палон і пайшлі на службу да нацыстаў. У склад батальёну таксама ўваходзілі добраахвотнікі розных нацыянальнасьцяў — украінцы, беларусы, расейцы.

А кіраўніцтва было нямецкім, якое і аддавала загады, кіравала апэрацыяй сумесна з батальёнам Дырленвангера.

Хоць у складзе батальёну і было шмат этнічных украінцаў, сярод якіх былі выхадцы з АУН (Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў), называньне яго ўкраінскім нацыяналістычным батальёнам — будзе маніпуляцыяй.

Начальнік штабу гэтага батальёну, украінец Рыгор Васюра, наагул ня меў дачыненьня да нацыяналістычных арганізацый. Ён быў афіцэрам Савецкай арміі, а зь лягера ваеннапалонных пайшоў добраахвотнікам на службу да нацыстаў.

У савецкія часы гэтыя дэталі прыхоўвалі і абмяжоўваліся фармулёўкамі пра датычнасьць «нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Савецкія ўлады не жадалі прызнаваць, што Хатынь палілі ў тым ліку людзі, якія зусім нядаўна давалі прысягу СССР. Сёньня ж у беларускіх уладаў і прапаганды акцэнты іншыя: яны ігнаруюць ролю нямецкага камандаваньня і іншых калябарантаў, факусуючыся выключна на ўкраінскім паходжаньні часткі карнікаў, каб апраўдаць сучасную антыўкраінскую рыторыку і саюз з Расеяй.

Манаполія на гістарычную памяць

Пасьля падзеяў 2020 году рэжым Лукашэнкі пачаў актыўна выкарыстоўваць гістарычную памяць для барацьбы з апазыцыяй і легітымізацыі рэпрэсій. Так, у 2022 годзе быў прыняты загон «Аб генацыдзе беларускага народу», які манапалізаваў інтэрпрэтацыю поглядаў на падзеі Другой усясьветнай вайны.

Гэтым законам улады ўвялі крымінальную адказнасьць за «адмаўленьне генацыду беларускага народу» — пад такое вызначэньне сёньня можна падпасьці любое меркаваньне, матэрыял ці дасьледаваньне, якое ставіць пад сумнеў афіцыйныя лічбы ці адзначае складанасьць тэмы калябарацыянізму. Гэтым самым закон стварае бар’ер для вольнай навуковай дыскусіі і дазваляе перасьледаваць дасьледчыкаў, журналістаў ды звычайных грамадзян.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суды над мёртвымі. Навошта беларускія ўлады абвінавачваюць нябожчыкаў у генацыдзе беларускага народу

«Прыхільнікі пераменаў — духоўныя нашчадкі карнікаў»

З дапамогай Хатыні прапаганда ў Беларусі пачала выбудоўваць лінію пераемнасьці паміж карнікамі 118-га батальёну, калябарацыяністамі і ўдзельнікамі пратэстаў 2020-га, прыхільнікамі дэмакратычных зьменаў у Беларусі. Гэтую сувязь спрабуюць давесьці ў тым ліку праз нацыянальную сымболіку — бел-чырвона-белы сьцяг. І хаця 118 батальён ніколі яго не выкарыстоўваў, улады і прапаганда апошнія гады прасоўвалі наратыў, што пратэстоўцы з нацыянальнымі сьцягамі зьяўляюцца «духоўнымі нашчадкамі» хатынскіх карнікаў. Такім чынам, трагедыя Хатыні выкарыстоўваецца для дэгуманізацыі апанэнтаў рэжыму.

Дастаецца таксама і «калектыўнаму захаду». Улады і афіцыйныя СМІ трансьлююць ідэі нібыта ён непасрэдна ўдзельнічаў у генацыдзе беларусаў ці прынамсі апраўдвае і замоўчвае яго сёньня.

Такім чынам, Хатынь з сымбаля вялікай трагедыі ўсіх спаленых вёсак і месца смутку ператварылася ў інструмэнт прапаганды, якая стварае вобраз крэпасьці ў аблозе, што дазваляе ўладам апраўдваць ізаляцыю краіны і рэпрэсіі супраць грамадзтва пад відам абароны гістарычнай памяці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сьмялей шаг! Ярчэй выгляд!» Ліст да менскага сябра пра пачвараў на морскім дне