У сьвеце даражэе паліва, у Беларусі — зарадка для электрамабіляў. Чаму так адбываецца і што далей будзе з цэнамі на бэнзін

Ілюстрацынае фота

Праз крызіс на Блізкім Усходзе цэны на паліва ў ЭЗ вырасьлі: у суседніх краінах да 17%. У Беларусі пры гэтым цэны застаюцца на адным і тым жа ўзроўні, але на 12% вырасла цана на электрычнасьць для электракараў. Што будзе далей з палівам і зарадкай для аўтамабіляў, разьбіраемся.

Праз канфлікт на Блізкім Усходзе падаражэла нафта, а сьледам за ёй і паліва па ўсім сьвеце. У суседняй Літве бэнзін за тыдзень (з 2 па 9 сакавіка) падаражэў на 7,3%, дызельнае паліва — на 17,6%.

У Польшчы за гэты час бэнзін падаражэў на 8%, дызэльнае паліва — на 12,5%. Даражэюць яны амаль ува ўсіх краінах ЭЗ.

У Беларусі ж цэны на бэнзін і дызэльнае паліва не зьмяніліся, але амаль на 13% падаражэла зарадка для электракараў. Разьбіраемся, што адбываецца і чаму.

Што ў Беларусі будзе з палівам

Калі ў ЭЗ цэны на паліва рэгулюе рынак, то ў Беларусі іх вызначаюць адміністрацыйна. Калі ўлады вырашаць, тады і будзе павышэньне. Беларусь імпартуе нафту з Расеі і ўжо на сваіх магутнасьцях нафтаперапрацоўчых заводаў перапрацоўвае яе на паліва.

Паводле старшай навуковай супрацоўінцы Beroc Анастасіі Лузгіной, цэны на паліва вырастуць і ў Беларусі, бо гэта адбываецца па ўсім сьвеце.

«Усясьветная эканоміка функцыянуе ва ўмовах павышаных цэнаў на нафту ўжо некалькі тыдняў і будзе так функцыянаваць і надалей. Хутчэй за ўсё, „Белнафтахім“ у нейкі момант усё ж вырашыць павышаць цэны на бэнзін на ўнутраным рынку. Тады гэта будзе адбывацца паводле таго ж сцэнару, што і ў 2022 годзе, калі бэнзін даражэў паступова, па 1–2 капейкі кожны тыдзень ці два», — прагназуе эканамістка.

Танкер у Армузскай пратоцы, ілюстрацыйнае фота

Беларусь сама ёсьць прадаўцом нафтапрадуктаў, то бок бэнзіну і дызэльнага паліва, у іншыя краіны. Да санкцыяў і поўнамаштабнай вайны асноўнымі пакупнікамі былі краіны ЭЗ і Ўкраіна. Цяпер гэтыя рынкі недасяжныя. Таму лёгка зарабіць ва ўмовах росту цэнаў на паліва па ўсім сьвеце ня ўдасца, папярэджвае Анастасія Лузгіна.

«Трэба разумець, што Беларусь вымушаная гандляваць нафтапрадуктамі ва ўмовах жорсткіх санкцыяў. Яна гэта робіць, зарабляе на гэтым, беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы функцыянуюць. Але выгаднасьць гэтага працэсу меншая, чым было б пры адсутнасьці санкцыяў. Цяпер эўрапейскі рынак недаступны, даводзіцца пастаўляць праз Расею нафтапрадукты ў больш аддаленыя краіны. І з улікам усіх санкцыяў, па-першае, іх прадаюць з дысконтам, а па-другое, гэта значна менш выгадна, бо лягістыка дарагая», — кажа экспэртка.

«Электракар усё яшчэ выгаднейшы»

У Беларусі з 10 сакавіка вырасьлі цэны на зарадку электрамабіляў, што зьвязана з рашэньнем міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю. Цэны на электрычнасьць, якую пастаўляе «Белэнерга» для заправак, вырасьлі на 12,9%, для супэрхуткіх электрычных заправак — на 17,4%. Аднак у дзяржаўнай сетцы Malanka цэны вырасьлі менш — на 12,2–12,3%.

Усьлед за дзяржаўным апэратарам цэны на зарадку падняла таксама сетка forEVo — на 12% і больш.

Ілюстрацыйнае фота

Свабода пагаварыла на ўмовах ананімнасьці з уладальнікамі электрамабіляў у Беларусі. Суразмоўцы кажуць, што «электрычка» усё яшчэ застаецца больш эканомнай за бэнзінавы рухавік, калі езьдзіць па горадзе.

«Падаражэла зарадка зусім неістотна. Уладальнікаў электрамабіляў гэта надта не падкосіць. „Электрычкі“ дзеляцца на бюджэтныя і прэміюм-клясы. На забясьпечаных людзях гэта ніяк не адаб’ецца наагул. Электракар у горадзе і на трасе — розныя рэчы, калі гаворка пра бюджэтныя мадэлі цаной да 20 000 даляраў. На трасе, калі ехаць хутчэй за 100 кілямэтраў на гадзіну, электракар пачынае спажываць значна больш. Бэнзін у гэтым пляне менш клопатны. У горадзе электракар будзе больш эканомны», — расказвае адзін з суразмоўцаў.

Пры гэтым аўтааматары не чакаюць хуткага падаражэньня паліва: чэргаў на запраўках няма. У Менску электрамабіляў большае, перадусім менавіта бюджэтных мадэляў, расказваюць суразмоўцы.

«Людзям трэба кудысьці ўладкаваць грошы, ідуць буйныя рэклямныя кампаніі ад вытворцаў. Людзі спакушаюцца таннасьцю эксплюатацыі. Geely бэнзінавыя каштуюць крыху даражэй, электрычныя можна знайсьці таньней», — расказаў суразмоўца.

З словаў чыноўнікаў, цяпер у Беларусі 51 000 электрамабіляў. У краіне дзейнічае 2100 зарадных станцыяў.

«Трэба плаціць крэдыт за АЭС»

У Беларусі працуе Астравецкая АЭС, то бок энэргіі хапае, але яна даражэе, у тым ліку тая, што для запраўкі электракараў. Гэта зьвязана з дарагім абслугоўваньнем АЭС, а таксама патрэбай сплочваць крэдыт за станцыю, тлумачыць Анастасія Лузгіна.

«Людзі, якія абслугоўваюць атамную электрастанцыю, — гэта высокааплатныя спэцыялісты. Акрамя таго, каб шырэй маглі карыстацца электраэнэргіяй з АЭС розныя спажыўцы, неабходна адпаведна адаптаваць інфраструктуру. Ну і, безумоўна, трэба выплачваць Расеі крэдыт за станцыю. Цэны на тавары і паслугі ў Беларусі паступова павышаюцца, і ўсё гэта таксама ўплывае на рост цаны электраэнэргіі. Безумоўна, на пачатковых этапах, гэта значыць папулярызацыі і стымуляваньня выкарыстаньня электрамабіляў, могуць уводзіць ільготныя тарыфы для спажыўцоў. Аднак з пашырэньнем выкарыстаньня электрамабіляў гэтыя льготы, вядома, будуць скасоўваць», — мяркуе эканамістка.


Апошні раз паліва ў Беларусі даражэла летась, у сярэднім на 16 капеек за літар, цэны расьлі паэтапна — на 2 капейкі ў тыдзень. Праз падаражэньне ў ЭЗ утварылася вялікая розьніца паміж цэнамі ў Беларусі і ў суседніх краінах.

Польшча:

Бэнзін АІ-95 — €1,518

Дызэль — €1,85

Літва:

Бэнзін АІ-95 — €1,69

Дызэль — амаль €2

Беларусь:

Бэнзін АІ-95 — 2,60 рубля, ці 0,75 эўра

Дызэль — 2,60 рубля, ці 0,75 эўра