Безь віны вінаватыя. Як заходнія санкцыі супраць беларускіх сілавікоў і чыноўнікаў псуюць жыцьцё іх цёзкам за мяжой

Ілюстрацыйнае фота

Некаторыя беларусы за мяжой, чые прозьвішчы супадаюць з дадзенымі людзей у санкцыйных сьпісах, часам сутыкаюцца зь непрыемнымі сытуацыямі. Праблемы могуць узьнікнуць у падарожжах або ў фінансавых апэрацыях.

Існуюць некалькі пэрсанальных санкцыйных сьпісаў, куды ўключаныя грамадзяне Беларусі. Іх уводзяць супраць чыноўнікаў, вайскоўцаў, сілавікоў, прапагандыстаў, зьвязаных зь дзяржавай бізнэсоўцаў. Асобам, якія трапілі ў такія сьпісы, звычайна абмяжоўваюць уезд на тэрыторыю адпаведнай краіны ці блёку, якія ўвялі санкцыі, забараняюць фінансавыя апэрацыі з такімі краінамі, замарожваюць іхныя актывы на тэрыторыі гэтых краін. У санкцыйных сьпісах прозьвішчы соцень чалавек зь Беларусі. Прыкладам, у санкцыйны сьпіс Эўразьвязу на 2026 год уваходзяць 312 грамадзян Беларусі. Маюць асобныя санкцыйныя сьпісы беларусаў Злучаныя Штаты Амэрыкі, Вялікая Брытанія, Канада, Швайцарыя, Украіна.

Аднак санкцыі, уведзеныя супраць удзельнікаў беларускага палітычнага рэжыму, часам закранаюць зусім іншых людзей.

Скасаваньне палёту

Гісторык Аляксандар Пашкевіч расказаў Свабодзе, што пачаў сутыкацца зь непрыемнасьцямі з 2022 году. Тады ён яшчэ не разумеў прычыну. Першая сытуацыя здарылася ў верасьні 2022 году. Тады беларус, які жыве ў Вільні, хацеў вылецець з аэрапорту ў Варшаве за межы Эўразьвязу.

Аляксандар Пашкевіч

З словаў Пашкевіча, на пашпартным кантролі праверка зацягнулася: памежнік доўга ўзіраўся ў ягоны пашпарт, зьвяраў са зьвесткамі ў кампутары, паклікаў калегу. Урэшце беларуса адвялі ўбок ад будкі, дзе правяраюць пашпарты, каб асобна разабрацца. Прыйшлі яшчэ некалькі памежніц, сталі пытацца, калі ён апошні раз быў у Польшчы, ці не парушаў закон. Пашкевіч адказаў, што закону не парушаў, у Польшчы быў апошні раз некалькі гадоў таму.

«Страху не было. Але сытуацыя непрыемная, калі цябе спыняюць, спазьняесься на самалёт, калі пляны руйнуюцца праз гэта. Але я не баяўся, што мяне вось-вось дэпартуюць, бо ня меў адчуваньня віны ў нечым. Было адчуваньне, што гэта непаразуменьне, што з гэтым разьбяруцца, што Польшча — праўная дзяржава», — тлумачыць суразмоўца.

Выявілася, што памежнікі самі ня ведалі, у чым менавіта праблема: сыстэма паказала прозьвішча Пашкевіча як непажаданае ў Польшчы без дадатковых тлумачэньняў, адзначае суразмоўца. Яму далі запоўніць паперы, 10–15 лістоў. Пасьля далі наказ пакінуць тэрыторыю Польшчы цягам трох дзён і адпусьцілі.

На свой самалёт Пашкевіч не пасьпеў. Аднак, працягвае ён, у аэрапорце яму прапанавалі наступны рэйс у тым жа кірунку. Пры гэтым супрацоўнікі заўважылі, што пры ягоным вяртаньні ў Польшчу могуць узьнікнуць падобныя праблемы. Тады беларус вырашыў не рызыкаваць і адмовіцца ад палёту тым разам.

«Тая паездка была неабавязковая, безь яе можна было абысьціся, таму я вырашыў вярнуцца назад у Літву», — кажа суразмоўца.

Цёзка — вайсковец

Пасьля гэтага інцыдэнту Аляксандар Пашкевіч стаў разьбірацца з дапамогай юрыстаў, чаму здарылася такая сытуацыя. Ён адзначае, што перапіска з установамі Польшчы ішла досыць доўга і марудна. Прыкладна праз тры месяцы ён даведаўся, што прычынай праблемаў у аэрапорце быў ягоны цёзка Аляксандар Пашкевіч, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Той быў начальнікам штабу Лунінецкага вайсковага аэрадрому і спрычыніўся да нападу Расеі на Ўкраіну.

Урэшце гісторыку Аляксандру Пашкевічу выдалі паперу ва Ўправе ў справах іншаземцаў у Варшаве, што ён «не фігуруе ў сьпісе іншаземцаў, знаходжаньне якіх на тэрыторыі Рэспублікі Польшча непажаданае, і ў інфармацыйнай сыстэме Шэнген з польскага сьпісу з мэтай адмовы ўезду на тэрыторыю дзяржаваў Шэнгенскай зоны». У дакумэнце таксама пазначаная дата нараджэньня мужчыны, імёны ягоных бацькоў, месца нараджэньня.

Цяпер Аляксандар возіць гэты дакумэнт з сабой і пры патрэбе паказвае. Гэта дапамагае вырашыць праблему. Пашкевіч кажа, што падобныя сытуацыі ўзьнікаюць па-ранейшаму, калі трэба праходзіць пашпартны кантроль. Зь ягоных словаў, так спыняюць толькі ў Польшчы, тады працэдура праходу мяжы зацягваецца недзе на 15 хвілін, але, прыкладам, у Латвіі ці за межамі Эўразьвязу нейкіх затрымак пры вылеце ў яго не было.

«У Польшчы рэгулярна выбівае. Рэгулярна паказвае, нават калі польска-літоўскую мяжу праходзіш, выбівае ў іх, калі яны праводзяць пашпартныя зьвесткі праз свае апараты», — кажа ён.

Другая праблема, зь якой сутыкнуўся беларус, — банкаўскія пераводы. Аляксандар кажа, што яму блякавалі нават дробныя пераводы ў 50 эўра ў Польшчу ці Нямеччыну. Пытаньне вырашаў, зьвярнуўшыся ў банк, там называў сваё імя па бацьку і дату нараджэньня, каб пацьвердзіць, што ён ня той чалавек з санкцыйнага сьпісу.

«Нічога асабліва страшнага ў гэтым няма, заўсёды ўсё вырашаецца станоўча, толькі займае час. Таму калі трэба правесьці плату хутка, то з маім удзелам гэта хутчэй за ўсё не атрымаецца», — падсумоўвае Аляксандар.

Нячастыя супадзеньні

Паводле юрыста ў галіне міжнароднага права, кіраўніка юрыдычнай фірмы Legal Status Алеся Міхалевіча, такія супадзеньні ня вельмі частыя, ён сам вёў некалькі падобных выпадкаў.

«Гэта зьвязана перш за ўсё з тым, што большасьць імёнаў людзей у санкцыйных сьпісах вельмі часта падаецца зь недакладнай транслітарацыяй і часта без дакладнай даты нараджэньня. Такія супадзеньні, на жаль, магчымыя», — кажа Міхалевіч.

Алесь Міхалевіч

Звычайна праблемы, паводле юрыста, зьвязаныя з тым, што памежнікі адмаўляюць ва ўезьдзе ў Шэнгенскую зону, а таксама з адкрыцьцём банкаўскіх рахункаў і вядзеньнем прадпрымальніцкай дзейнасьці. Міхалевіч успамінае, што аднаго зь ягоных кліентаў затрымалі пры спробе выехаць з Польшчы, разглядалі пытаньне ягонай дэпартацыі, але ў выніку адпусьцілі.

«Гэта ўсё, што можа быць, бо ў дачыненьні да гэтых людзей няма ордэру на арышт, адпаведна фармальнага затрыманьня з мэтай экстрадыцыі або суду ня будзе, бо санкцыі — гэта не крымінальнае пакараньне, гэта адміністрацыйная мера з мэтай выправіць паводзіны. Санкцыі рэгулююцца адміністрацыйным правам», — тлумачыць Міхалевіч.

Як вырашаць

Аляксандар Пашкевіч падзяліўся парадамі, што, на ягоную думку варта рабіць, калі нехта сутыкнецца з праблемай цёзкі, як ён.

Па-першае, не панікаваць: «Не сварыцца ні з кім. Спакойна сябе паводзіць, разумеючы, што нічога страшнага ў гэтым няма, але ёсьць непрыемнасьць, якой цяжка пазьбегнуць», — кажа ён.

Па-другое, не пакідаць справу на самацёк, а разьвязаць яе, інакш інцыдэнты будуць паўтарацца. Зьвярнуцца да юрыстаў, каб яны дапамаглі вырашыць пытаньне, атрымаць адпаведны дакумэнт, які пацьвярджае, што чалавек не вінаваты. Задбаць пра тое, каб больш асабістай інфармацыі ўнесьлі ў базы зьвестак, прыкладам, памежнай службы Польшчы, якія паказваюць, чым адрозьніваюцца, прыкладам, два Аляксандры Пашкевічы.

Па-трэцяе, плянаваць дадатковы час на такія працэдуры, як праход пашпартнага кантролю ці банкаўскія пераводы.

Па-чацьвёртае, «гуляць на апярэджаньне».

«Калі бачыш, што замінка, то адразу самому казаць, у чым рэч. Калі ёсьць дакумэнт, то яго адразу далучаць да пакетаў, не чакаючы, пакуль запатрабуюць. Калі праводзіш фінансавыя апэрацыі, контрагента варта папярэдзіць, што можа ўзьнікнуць пытаньне, каб ён не палохаўся, што нейкі крымінал з табой зьвязаны. Загадзя яго забясьпечыць дадатковымі зьвесткамі», — дзеліцца Аляксандар.

Юрыст Алесь Міхалевіч парэкамэндаваў зьвяртацца да юрыстаў, прыкладам, да іхнага адвакацкага бюро, а таксама ў палітычныя структуры: юрыдычную службу офісу Сьвятланы Ціханоўскай або Нацыянальнае антыкрызіснае ўпраўленьне.

«Думаю, у такіх выпадках можна скарэктаваць інфармацыю, даведацца больш дакладную дату нараджэньня, больш дакладнае напісаньне ў беларускім пашпарце лацінскімі літарамі таго чалавека, на каго накладзеныя санкцыі або якога ўнесьлі ў забаронны сьпіс», — кажа юрыст.