Памёр нямецкі філёзаф і сацыёляг Юрген Хабермас, які выступаў за адзіную Эўропу і супраць правых папулістаў

Юрген Хабермас. Архіўнае фота

Нямецкі філёзаф і сацыёляг Юрген Хабермас памёр на 97-м годзе жыцьця ў баварскім горадзе Штарнберг. Пра гэта паведаміла выдавецтва Suhrkamp са спасылкай на ягоную сям’ю.

Хабермас быў адным з самых уплывовых палітычных мысьляроў сучаснасьці. Яго можна лічыць прадстаўніком Франкфурцкай школы — крытычнай тэорыі сучаснага грамадзтва, якая разьвівала ў тым ліку і ідэі марксізму. Сярод яго найболей вядомых прац Хабермаса — «Структурная зьмена публічнай сфэры» і «Тэорыя камунікатыўнага дзеяньня».

Хабермас нарадзіўся 18 чэрвеня 1929 года ў Дзюсэльдорфе і вучыўся ва ўнівэрсытэтах Гётынгена, Цюрыха і Бона. Свой навуковы шлях ён пачаў пад кіраўніцтвам аднаго з заснавальнікаў філязофскай антрапалёгіі Эрыха Ротхакера. Пасьля заканчэньня асьпірантуры Хабермас працаваў асыстэнтам аднаго з заснавальнікаў Франкфурцкай школы Тэадора Адорна. У пачатку 1960-х ён узначаліў катэдру філязофіі і сацыялёгіі ў Франкфурцкім унівэрсытэце.

У 50-я гады Хабермас выступаў супраць ядзерных выпрабаваньняў, у XXI стагодзьдзі — за дэмакратыю, адзіную Эўропу і супраць правых папулістаў.