«Будзе літара Z над Купалаўскім». Спыталі ў актора і філёзафа, навошта нацыянальнаму тэатру расейскі мастацкі кіраўнік

Прызначэньне Дзьмітрыя Акімава на пасаду мастацкага кіраўніка Купалаўскага. Фота выданьня "Культура і мастацтва"

Мастацкім кіраўніком Купалаўскага тэатру стаў расеец Дзьмітры Акімаў. Экспэрты лічаць, што Беларусь траціць сваю культурную аўтаномію і незалежнасьць. А былыя акторы жартуюць, што, магчыма, гэта ўжо агонія рэжыму.

10 сакавіка стала вядома, што ў тэатры імя Янкі Купалы новы мастацкі кіраўнік — грамадзянін Расеі Дзьмітрый Акімаў. Міністар культуры Руслан Чарнецкі зьвязаў зь яго прызначэньнем пачатак «новай старонкі ў гісторыі славутага, флягманскага тэатру Беларусі».

«Мая першачарговая мэта — рэалізацыя стратэгіі разьвіцьця тэатру на доўгі пэрыяд, каб мы ўсе адчулі і асэнсавалі яго місію і кірунак. Мы павінны зразумець, якім ён мусіць быць па ўсіх паказьніках: творчым, эканамічным і грамадзка-палітычным. Буду рабіць усё магчымае, каб тэатар адпавядаў свайму высокаму статусу», — сказаў Дзьмітрый Акімаў.

Расказваем падрабязьней, чым Акімаў займаўся да прыходу ў адзін зь вядучых тэатраў Беларусі і якімі яшчэ нацыянальнымі ўстановамі зараз кіруюць расейцы.

Ня першы расеец

Летась мастацкім кіраўніком Вялікага тэатру опэры і балету быў прызначаны Арцём Макараў. Родам ён з Уфы, народны артыст Рэспублікі Башкартастан. У 2023 годзе Макарава спачатку прызначылі галоўным дырыгентам опэрнага, з траўня 2025 ён стаў мастацкім кіраўніком і адразу павёз артыстаў на гастролі ў Нікарагуа. У гэты ж час таленавітыя беларускія дырыгенты (да прыкладу, Віталь Алексяёнак) заваёўваюць галоўныя эўрапейскія сцэны Нямеччыны й Італіі.

У рэпэртуары Тэатру опэры і балету з амаль сарака спэктакляў цяпер толькі два на музыку беларускіх кампазытараў: опэра Ўладзімера Солтана «Дзікае паляваньне караля Стаха» і балет Яўгена Глебава «Маленькі прынц».

Галоўны ўваход у "Купалаўскі". Жнівень 2020

П’есы беларускіх аўтараў рэдка ставяць і ў драматычных тэатрах краіны. Да прыкладу, ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры зараз ідзе толькі адзін спэктакль па-беларуску — «Трыбунал» паводле п’есы Андрэя Макаёнка. У Берасьцейскім абласным — «Дзікае паляваньне» паводле Ўладзімера Караткевіча. Астатнія пастаноўкі — спрэс расейская клясыка: Ляскоў, Тургенеў, Лермантаў, Купрын, Дастаеўскі, Гогаль.

Манаеў, Белахвосьцік, Пінігін

Пасьля фактычнага разгрому Купалаўскага ў 2020-м годзе і звальненьня дырэктара тэатру Паўла Латушкі з тэатру сышлі амаль 80% трупы: народныя артысты Беларусі Зоя Белахвосьцік, Віктар Манаеў, Аляксандар Падабед, Арнольд Памазан; заслужаныя артысты Алена Сідарава, Юлія Шпілеўская, Ігар Дзянісаў, Натальля Качаткова, Георгі Маляўскі; артысты Павал Харланчук, Раман Падаляка, Міхась Зуй, Дзьмітры Есяневіч, Валянціна Гарцуева, Сьвятлана Анікей, Марта Голубева, Дыяна Камінская ды іншыя. Пайшлі мастацкі кіраўнік Мікалй Пінігін і ўсе рэжысэры.

На афіцыйным сайце гісторыя Купалаўскага тэатру сканчаецца 2013 годам. Апошні радок такі: «У сакавіку 2013 году завяршылася маштабная рэканструкцыя будынку, мэтай якой было вяртаньне яму вонкавага выгляду 1890 году».

Пералік мастацкіх кіраўнікоў увогуле сканчаецца 2009 годам. На сайце пазначана, што Валеры Раеўскі быў мастацкім кіраўніком з 1973 па 2009 гады. Мікалай Пінігін зь ягонымі зорнымі пастаноўкамі зусім ня ўзгадваецца. Менавіта пры ім на спэктаклях Купалаўскага быў аншляг, людзі куплялі квіткі за некалькі месяцаў.

Мастацкія кіраўнікі Купалаўскага тэатру. Скрыншот з афіцыйнага сайта

Фота папярэдняй мастацкай кіраўніцы Вольгі Няфёдавай толькі 12 сакавіка перамясьцілі з разьдзелу «Мастацкае кіраўніцтва» ў разьдзел «Трупа». Здымку Акімава і інфармацыі пра яго пакуль на сайце няма, толькі выява тэатральнай маскі.

«Правал у сярэднім пакаленьні актораў»

Пасьля масавага сыходу трупы ў жніўні 2020 году тэатар некалькі месяцаў наагул не працаваў. На час прастою легендарную сцэну аддавалі пад выступы поп-гуртам, танцавальным і харавым калектывам. 1 чэрвеня 2021 году мастацкай кіраўніцай тэатру была прызначана акторка тэатру Вольга Няфёдава. Тады ж яна атрымала званьне заслужанай артысткі. Пра сябе яна казала ў інтэрв’ю БТ:

«Я руская, народжаная ў Беларусі… Я нарадзілася тут, я лічу сябе беларускай, зразумела. Для мяне Беларусь… — я нават скажу „Беларусія“, для мяне гэта цяплей, — гэта Радзіма».

Мастацкая кіраўніца і акторка Купалаўскага тэатру Вольга Няфёдава запомнілася сьлязьмі на сустрэчы з Лукашэнкам, калі яна згадвала, як «прэзыдэнт з аўтаматам бараніў краіну», і асуджала «дэмарш» калегаў. І яшчэ тым, як разам з народнай артысткай Беларусі Тамарай Міронавай выступала ў строях з спэктаклю «Паўлінка» на адкрыцьці алькагольнай крамы «Белтаможсервис» у Маладэчне.

Лукашэнка на сцэне "абноўленага" Купалаўскага. Люты 2021

Мастацкая кіраўніца Няфёдава пачала абвяшчаць кастынгі ў трупу Купалаўскага, усяго іх было каля дзясятка. Вакантныя месцы занялі некалькі актораў абласных тэатраў Беларусі, студэнты. Таксама прыйшлі акторы і рэжысэры з расейскіх правінцыйных тэатраў.

Актор Барыс Цяцёркін прыехаў з Тулы, Сьвятлана Гусарава — зь Пензы, Інэса Ісакава — з Караганды (Расейскі абласны драматычны тэатр, Казахстан), Галіна Мешчаракова — масквічка. Натуральна, усе яны — бязь веданьня беларускай мовы.

Але праблемы з трупай застаюцца. Месяц таму народная артыстка Беларусі Тамара Міронава ў інтэрвію газэце «СБ. Беларусь сегодня» прызналася:

«У нас правал у сярэднім пакаленьні актораў. Ня можам ставіць клясыку, дзе ўсё напісана на гэты ўзрост — 50+. І кадравы рэжысэрскі голад. Ня могуць знайсьці рэжысэраў».

Чарамхоўскі, Томскі, Матыгінскі тэатры

Дзьмітрый Акімаў — грамадзянін Расеі, ён скончыў факультэт рэжысуры тэатральнага інстытуту імя Шчукіна ў Маскве ў 2018 годзе. Акімаў раней працаваў рэжысэрам у сібірскіх тэатрах — Томскім, Чарамхоўскім і Матыгінскім.

Яшчэ адзін «прышлы» ў Купалаўскі рэжысэр Ігар Малоў працаваў у Шадрынскім драматычным тэатры ў РФ.

Дзьмітрый Акімаў зьняўся ў некалькіх расейскіх мастацкіх фільмах: «Горад спакусаў», «МУР МУР», «Варажбітка», «Кацюша».

Новая трупа

У Купалаўскім рэжысэр Акімаў паставіў спэктаклі «А зоры тут ціхія» (прэм’ера адбылася ў сьнежні 2024 году) і «Дзядзечкаў сон» (прэм’ера была ў лістападзе 2025 году).

Міністар культуры Руслан Чарнецкі зьвязаў з прызначэньнем Акімава «пачатак новай старонкі ў гісторыі славутага, флягманскага тэатру Беларусі». Адказ новага мастацкага кіраўніка нагадваў дзяжурныя штампы чыноўніка:

«Мая першачарговая мэта — рэалізацыя стратэгіі разьвіцьця тэатру на доўгі пэрыяд, каб мы ўсе адчулі і асэнсавалі яго місію і кірунак. Мы павінны зразумець, якім ён мусіць быць па ўсіх паказьніках: творчым, эканамічным і грамадзка-палітычным. Буду рабіць усё магчымае, каб тэатар адпавядаў свайму высокаму статусу», — сказаў Дзьмітрый Акімаў.

«Кадравы вакуум»

На думку прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў нацыянальным адраджэньні, філёзафа Паўла Баркоўскага, Беларусь траціць сваю культурніцкую аўтаномію і незалежнасьць.

Павал Баркоўскі

«Праз рэзкі канфлікт з грамадзтвам, інтэлектуальнымі і творчымі элітамі, якія трапілі пад бульдозэр рэпрэсіяў, рэжым Беларусі апынуўся ў кадравым вакуўме і ня здольны падтрымліваць сучаснае культурнае жыцьцё ўласнымі сіламі. Паказальны прыклад Купалаўскага тэатру як галоўнага нацыянальнага тэатру краіны, кіраваць якім давялося запрасіць правінцыйнага расейскага рэжысэра, тым самым пацьвердзіў правінцыйны статус Менску як аднаго з рэгіянальных расейскіх гарадоў», — кажа спадар Баркоўскі.

На яго думку, панаваньне расейскіх дзеячоў у беларускіх установах культуры сёньня тлумачыцца выразнай лініяй на ліквідацыю нацыянальнай беларускай культуры і яе дзеячоў, непублічнай забаронай на беларускую мову, рэпрэсіямі супраць тых, хто спрабуе ствараць нешта незалежнае ад дзяржавы, як, напрыклад, незалежныя беларускія выдавецтвы.

«Беларусь празь міжнародную ізаляцыю і страту ўласных творцаў, змушаных да эміграцыі ці маўчаньня, усё больш ператвараецца ў расейскую культурную пэрыфэрыю, куды прывозяць свае праекты расейскія рэжысэры, прадусары і мастацкія куратары. І гэта пагражае ўжо стратаю культурнага сувэрэнітэту ў галовах звычайных беларусаў, якіх пакідаюць па-за выбарам — якую культуру ім выбіраць.

Бо нават спажываньне незалежнай беларускай культуры з-за мяжы часта крымінальна абмежаванае. Таму, вырашаючы свае вузкія палітычныя задачы, рэжым Лукашэнкі фактычна гандлюе незалежнасьцю і сьвядомасьцю грамадзян Беларусі, спараджаючы рэжым „нацыянальнага выраджэньня“», — перакананы Павал Баркоўскі.

«Можа, гэта агонія?»

Актор Дзьмітры Есяневіч трапіў у Купалаўскі адразу пасьля сканчэньня Беларускай акадэміі мастацтваў і ўжо ў 23 гады граў Чычыкава, быў улюбёнцам Валерыя Раеўскага. Звольніўся разам з большасьцю калег у жніўні 2020-га. На яго думку, вельмі прыкра, што Купалаўскі запаланілі расейцы. Але Есяневіч аптыміст і ніколі ня траціць пачуцьця гумару.

«„Всё великолепно“, усё ідзе як мае быць! Можа, гэта агонія?» — задае рытарычнае пытаньне былы «купалавец». І дадае, што, мабыць, улады і ня мелі выбару.

Дзьмітры Есяневіч

«Наша „кубанская казачка“ Волечка Няфёдава 6 разоў абвяшчала набор у трупу Купалаўскага. Давялося заганяць „прыгонных актораў“ і рэжысэраў з Расеі. Цяпер „пяцігодка“ Волечкі скончылася. Няхай працуе новы рэжысэр. Можа, ён будзе лепш спэктаклі ставіць, чым гэта „кубанская казачка“. Хацелася б паглядзець, як яны спрабуюцца разам: Волечка ж усіх даводзіла, на ўсіх раўла. Як яна ўжывецца з новым мастацкім кіраўніком? Ці працягнуць актрысы тэатру адкрываць віна-гарэлачныя крамы ў строях з спэктаклю „Паўлінка“? Гэта іхны узровень», — кажа Дзьмітры Есяневіч.

Ён дапускае, што цяпер у Купалаўскім і пра вайну Расеі супраць Украіны могуць паставіць спэктакль.

«Загоняць туды дзетак, каб глядзелі, могуць вывесіць літару Z на Купалаўскім. І міністар Чарнецкі з сваёй усьмешачкай будзе ўсё гэта падтрымліваць — ён жа сказаў, што будуць рабіць „новую старонку ў гісторыі славутага флягманскага тэатру Беларусі“», — іранізуе Дзьмітры Есяневіч.