«Праз 82 гады магутны сімвал барацьбы Эстоніі за свабоду нарэшце вяртаецца дадому», — напісаў у сваім Х міністар замежных спраў Эстоніі Маргус Цахкна.
У верасьні 1944 году, калі савецкія войскі наступалі на Талін пасьля некалькіх гадоў іншай акупацыі — нямецкай, — малады эстонец Эўген Вільдэр ускараскаўся на флагшток у Кадрыёрскім палацы і выратаваў нацыянальны эстонскі сьцяг, каб той ня трапіў у рукі Саветаў. Дзесяцігодзьдзямі гэты самы сьцяг захоўваўся далёка ад радзімы ў Аўстраліі — у гэтую краіну ад савецкіх акупантаў уцёк Вільдэр.
Сіня-чорна-белы сьцяг быў над Кадрыёргам толькі некалькі кароткіх дзён у час ураду Ота Ціфа — у кароткі момант незалежнасьці Эстоніі паміж крахам нацысцкай акупацыі і прыходам савецкай.
Вільдэр вымушаны быў пакінуць радзіму ў тыя ж дні разам з сваёй маці і маленькай сястрой.
Праз шмат гадоў сьцяг у доме Эўгена Вільдэра знайшлі ягоныя нашчадкі ў жніўні 2025 году.
«Цяпер, больш чым праз восем дзесяцігодзьдзяў, сьцяг вяртаецца ў Эстонію як напамін пра мужнасьць, супраціў і нязломную волю нацыі, якая адмаўлялася забыць сваю свабоду», — дадаў Цахкна.
Рэліквію асабіста перадалі міністру ў час ягонага візыту ў Сыднэй.
У 1944 годзе ўрадавы палац, дзе вісеў сьцяг, быў у парку Кадрыёрг. Сёньня ў Кадрыёрскім палацы месьціцца Нацыянальны музэй мастацтваў. А гістарычны сьцяг адправіцца ў іншае месца — у Нацыянальны музэй у Тарту, дзе ў экспазыцыі ёсьць і першы сьцяг Эстоніі, які выкарыстоўваўся пры абвяшчэньні незалежнасьці Эстоніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мяне так уразіла двухслойная туалетная папера ў лесьнічоўцы ў глушы!» Плюсы і мінусы жыцьця ў Эстоніі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Reuters: Як балтыйскія дзяржавы плянуюць масавую эвакуацыю ў выпадку нападу Расеі. ФОТА