Вярхоўная Рада спрасьціла візавыя патрабаваньні для замежных валянтэраў і гуманітарных работнікаў. За дакумэнт прагаласавалі 254 дэпутаты, ніхто ня быў супраць, адзін устрымаўся, піша ўкраінская служба Свабоды.
Закон прадугледжвае, што ў час ваеннага становішча ва Ўкраіне і на працягу году пасьля яго патрабаваньне аб атрыманьні доўгатэрміновай візы для дазволу на часовае пражываньне не распаўсюджваецца на замежнікаў або асоб без грамадзянства (акрамя грамадзян Расеі), якія:
- прыбылі для працы ў кампаніях, зарэгістраваных за мяжой, якія зьяўляюцца атрымальнікамі гуманітарнай дапамогі;
- прыбылі для ўдзелу ў міжнародных і рэгіянальных валянтэрскіх праграмах або ў дзейнасьці арганізацый і ўстаноў, якія прыцягваюць валянтэраў да сваёй дзейнасьці ў адпаведнасьці з Законам «Аб валянтэрскай дзейнасьці».
Згодна з тэкстам, замежнікі і асобы без грамадзянства, якія ўехалі ва Ўкраіну пасьля 24 лютага 2022 году і на працягу 60 дзён з дня ўступленьня ў сілу гэтай нормы падалі заяву аб атрыманьні дазволу на часовае пражываньне, «лічаццатымі, хто часова законна знаходзіцца на тэрыторыі Ўкраіны».
Адзін з ініцыятараў законапраекту, прадстаўнік партыі «Слуга народа» Валерый Зуб, у тлумачальнай запісцы адзначае, што агульная працэдура атрыманьня дазволу на жыхарства «істотна ўскладняе» легалізацыю знаходжаньня гэтай катэгорыі замежнікаў і асоб без грамадзянства ва Ўкраіне ў той час, калі гуманітарныя работнікі з досьведам працы ў іншых зонах канфліктаў «надзвычай запатрабаваныя для прафэсійнага аказаньня гуманітарнай дапамогі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Закахаўся і паехаў ва Ўкраіну. Былы беларускі палітвязень дапамагае кіяўлянам перажыць зіму пад расейскімі абстрэламі