Кіеў: Беларусь працягвае трымаць свае войскі паблізу мяжы з Украінай

На беларуска-ўкраінскай мяжы. Ілюстрацыйнае фота

У той жа час у памежнай службе Ўкраіны адзначылі, што нестандартных перамяшчэньняў войскаў і тэхнікі не назіраюць.

Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка заявіў, што ўкраінскі бок працягвае ўмацоўваць фартыфікацыі на мяжы зь Беларусьсю праз пагрозы, якія застаюцца з боку Беларусі ад моманту расейскага ваеннага ўварваньня ў 2022 годзе.

«Беларусь працягвае трымаць пэўную колькасьць сваіх падразьдзелаў у памежжы на кірунку нашай мяжы, такімі дзеяньнямі намагаючыся паказаць, што чакае нейкай пагрозы менавіта з тэрыторыі Ўкраіны. Але ў цэлым нестандартных сытуацыяў на мяжы зь Беларусьсю няма», — сказаў Андрэй Дземчанка на прэсавай канфэрэнцыі, паведаміла агенцтва «Укрінформ».

Паводле яго, беларускі кірунак па-ранейшаму становіць пагрозу для Ўкраіны, таму галоўная задача ўкраінскага войска — нарошчваць абаронную здольнасьць і ўмацоўваць беспасярэднюю лінію мяжы.

«Гэта робіцца для таго, каб кожны складнік Сілаў абароны нашай краіны, якія знаходзяцца на гэтым кірунку, меў усе магчымасьці процідзейнічаць якой-хаця пагрозе, калі такая адбудзецца паўторна з тэрыторыі Беларусі», — адзначыў Андрэй Дземчанка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чатыры гады вайны на зьнясіленьне: наступствы для Расеі, Украіны і Беларусі


  • Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
  • Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
  • У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
  • За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за 100 тых, хто ваяваў на баку Расеі.