У Беларусь ужо вярнуліся з выраю жаўрукі, гусі, кнігаўкі і прынамсі адзін белы бусел. А суворая зіма нагадала птушкам, якія засталіся зімаваць, пра іхныя міграцыйныя звычкі.
Першымі прыляцелі жаўрукі
Беларускі эколяг Яўген* (імя суразмоўцы зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) расказаў Свабодзе, якія птушкі ўжо вярнуліся ў Беларусь, а якіх можна чакаць неўзабаве.
Першыя пералётныя птушкі паказаліся ў Беларусі толькі нядаўна, у пачатку сакавіка, калі прыйшло цяпло і сонца, бо дагэтуль ляжаў сьнег, было холадна.
«Я нават не кажу „міграцыя“, бо фактычна гэта „рух“ птушак, якія зімуюць вельмі блізка ад нас, у Эўропе, на мяжы сьнегу, і чакаюць, калі надвор’е ім дазволіць. Яны адчуваюць зьмены лякальнага эўрапейскага надвор’я і, калі вясна раньняя, могуць прылятаць вельмі рана, нават у лютым», — кажа назіральнік за птушкамі.
Жаўрук вяртаецца ў Беларусь першым зь пералётных птушак
Першымі ў Беларусь паляцелі жаўрукі.
«Жаўрукі — адныя зь першых весьнікаў вясны — сьпяваюць над нашымі галовамі. Лічыцца, калі жаўрук прыляцеў, гэта ўжо вясна. Таксама кнігаўкі, белалобая гусь, гуменьніца», — расказвае эколяг.
Сьвіргулі чакаюць кузурак
Пазьней прылятаюць далёкія мігранты, якія зімуюць у Афрыцы. Яны ня ведаюць, якое надвор’е ў Беларусі, але арыентуюцца на падаўжэньне сьветлавога дня і ляцяць паводле раскладу. З далёкіх мігрантаў ужо зафіксавалі берасьцянку.
«Была ўжо першая веснавая песьня берасьцянкі», — адзначае птушкар.
Берасьцянка
Таксама ў Беларусі ўжо зарэгістравалі першага белага бусла, масава іх чакаюць неўзабаве, як і іншых птушак, якія зімуюць у Афрыцы.
«Зь першымі асобнымі птушкамі — і з буслом, і зь берасьцянкай — няясна, ці яны зімавалі блізка (бо ў малых колькасьцях яны зімуюць тут), ці яны прыляцелі (здалёк)», — тлумачыць эколяг.
Белы бусел
Ён працягвае, што ў сакавіку ў Беларусь маюць прыляцець амаль усе пералётныя птушкі. Але некаторыя віды вернуцца пазьней, бо яны разьлічваюць на добрае размнажэньне кузурак.
«Аднымі з апошніх прылятаюць сьвіргулі, якім патрэбныя стабільныя кліматычныя ўмовы, стабільная цеплыня, вялікая маса кузурак у паветры, бо яны харчуюцца пасіўным спосабам — разяўляюць дзюбу, лётаюць і зьбіраюць кузурак, фільтруючы паветра», — тлумачыць Яўген.
Чаромашнік вяртаецца пазьней, у канцы красавіка — у пачатку траўня. Гэта рэдкі від, які выбраў іншы шлях міграцыі, чым большасьць птушак. Ён зімуе ў Індыі.
«Гэта робіць чаромашніка ўнікальным відам», — адзначае Яўген.
Суворая зіма
У апошні час птушкі прылятаюць у Беларусь раней — нават тыя, якія зімуюць у Афрыцы, бо кліматычныя ўмовы ў Беларусі таксама зьмяняюцца, тлумачыць эколяг. Калі раней раньнімі вяртанцамі былі адзінкі, то цяпер яны ляцяць масава.
Таксама апошнім часам усё больш відаў не вылятаюць зь Беларусі ў вырай, а застаюцца на зіму, бо зімы становяцца больш мяккімі, расказвае экспэрт. Сярод іх — шпакі і вадаплаўныя птушкі. Аднак такая зьмена звычак у сувязі з агульнай зьменай клімату аказалася сёлета небясьпечнай для асобных прадстаўнікоў крылатых.
Шпакі апошнімі гадамі заставаліся зімаваць у Беларусі
«Такія суворыя зімы, як гэтая, вельмі добра могуць ачышчаць папуляцыю птушак ад асобінаў, што не мігруюць. Моцнае замярзаньне вадаёмаў дало ім добрую навуку. Гэты год незвычайны, бо была надзвычай доўгая зіма. Яна вымушае вадаплаўных птушак, якія не мігравалі, успамінаць свае міграцыйныя звычкі і адвандроўваць у цяплейшыя краі, але гаворка не ідзе пра Афрыку», — падкрэсьліве эколяг.
Веснавое паляваньне
Вырай бальшыні «беларускіх» птушак — у Афрыцы: Цэнтральнай або Паўднёвай. Усе машкаедныя птушкі ляцяць туды. Белыя буслы далятаюць ажно да канца афрыканскага кантынэнту і зімуюць у паўднёвай яго частцы. Далёкія мігранты пралятаюць вялікія адлегласьці, ляцяць цераз Сахару, расказвае эколяг.
«Лічыцца, што міграцыя ў птушак нават важнейшы этап, чым зімоўка і гнездаваньне, бо гэта вельмі энэргаёмісты і вельмі небясьпечны працэс. У жыцьцёвым цыклі пра яе думаюць мала, але гэта адзін з самых адказных пэрыядаў», — тлумачыць спэцыяліст.
Белая чапля
Птушкі мігруюць ня толькі ў Беларусь, але і церазь Беларусь, адзначае ён.
«Большасьць птушак, якіх мы бачым увесну, ляцяць не да нас, а цераз нас. Ім у дарозе трэба назапашваць энэргію. Тое, што яны ляцяць церазь Беларусь, сьведчыць, што нашая экасыстэма, нашая прырода дае мажлівасьць энэргетычнай падтрымкі», — разважае суразмоўца.
Навуковец зьвяртае ўвагу на праблему Беларусі ў сувязі з міграцыяй птушак — гэта адна зь нешматлікіх краінаў, дзе дазволена веснавое паляваньне на многія віды птушак.
Кнігаўка
«Птушак забіваюць і птушак пужаюць, нават калі палююць не на іх. Птушкі ня могуць нармальна адпачыць, назапасіць рэсурсаў для далейшага пералёту. Нават былі дасьледаваньні, што на месца міграцыі такія птушкі прылятаюць не гатовыя да размнажэньня, не назапасіўшы дастаткова энэргіі. Таму вадаплаўныя, кулікі асабліва пакутуюць», — кажа эколяг.
Дзе назіраць
Назіраць птушак цяпер зручней за ўсё ў небе, на вадаёмах або на палях, асабліва дзе стаіць крыху вады. Там можна ўбачыць шмат кулікоў, гусей, журавоў, іншых вадаплаўных птушак.
«У кожным лесе цяпер можна пачуць, як лес ажывае, пачуць і тых, хто прыляцеў, і тых, хто зімаваў. Птушкі зараз паводзяць сябе зусім па-іншаму. Нават сініцы, якіх мы прызвычаіліся бачыць, паводзяцца па-новаму. Можна ня бегчы, не шукаць далёкіх мігрантаў, а ўбачыць тых, хто ўвесь час быў побач з намі», — кажа Яўген.
Сініца
На ягоную думку, галоўнае, чым людзі цяпер могуць дапамагчы птушкам, — даць месца дзікай прыродзе.
«Калі мы штучна штосьці робім — штучнае гняздоўе, або кармушка, або высыпаем кукурузу, каб паелі жураўлі, — гэта добра, але гэта не сыстэмныя рашэньні. Сыстэмныя рашэньні — даць прыродзе змогу жыць сваім жыцьцём, даць месца, дзе яна магла б жыць», — кажа эколяг.
Ён тлумачыць, што ў гэтым сэнсе важныя і сыстэма ахоўных тэрыторыяў, каб прырода разьвівалася, але таксама і месцы ў горадзе і вёсцы, дзе жывуць людзі.
«Прырода можа жыць і ў горадзе. Весьці гаспадарку ў горадзе так, каб там былі кавалачкі дзікай прыроды, каб птушкі самі маглі знайсьці для сябе разнастайную ежу і магчымасьць гнездаваньня замест таго, каб будаваць ім штучнае гняздо ці шпакоўню. У горадзе, сельскай мясцовасьці або на сваім лецішчы мы можам пакінуць кавалак дзікай тэрыторыі для прыроды, і там птушкі знойдуць мажлівасьць гнездавацца або есьці так, як яны хочуць», — падсумоўвае Яўген.