Як паведаміў Telegram-канал Руху рэпрэсаваных беларусак «Ружовыя касынкі», Карына знаходзілася ў зьняволеньні 1 год і 2 месяцы.
Карына расказала, што ў яе цягам году не было мэнструацыі. Яна гэта зьвязвала з праблемамі са здароўем, якія пачаліся пасьля знаходжаньня на Акрэсьціна.
«У ІЧУ Акрэсьціна я моцна пераахаладзілася — ляжала на падлозе ў адной майцы і тонкіх штанах. Гэта быў канец верасьня, ацяпленьня яшчэ не было. Пазьней, калі мяне вазілі да лекара ў горадзе, мне паставілі аднэксіт — запаленьне, таму практычна год не было месячных, і я меркавала, што гэта праз пераахалоджваньне і стрэс», — паведаміла яна.
Увосень 2025 году ў яе было спатканьне з мужам. Празь месяц пасьля яго Карына зьвярнулася да гінэколяга СІЗА. Яе турбавалі моцныя болі ў грудзях і цягнучыя адчуваньні ўнізе жывата.
«Я сказала, што грудзі баляць так, што да іх немагчыма дакрануцца, і што цягне ніз жывата, нібыта вось-вось пачнуцца месячныя, але яны не прыходзяць. Гэта была мая другая цяжарнасьць, і я разумела, што гэта могуць быць яе прыкметы. Я вельмі прасіла зрабіць тэст», — расказала Карына.
Але ў тэсьце ёй адмовілі і накіравалі на ўльтрагукавую дыягностыку (УГД).
«Лекарка доўга глядзела і сказала, што па фалікулу бачна: месячныя пачнуцца літаральна праз пару дзён. Яны сказала, што я на 100 адсоткаў не цяжарная і ўсё гэта праз стрэс», — дадала яна.
Праз тыдзень яна зноў зьвярнулася да лекара і папрасіла тэст.
«Мне сказалі, что грудзі баляць праз вітаміны, якія я прымала, а затрымка — праз стрэс. Прызначылі прэпарат для нармалізацыі цыкля і сказалі папрасіць сваякоў прыслаць яго ў мэдбандэролі. Мяне запэўнілі, што на УГД цяжарнасьць дакладна была б ужо бачная», — загадала яна.
Пасьля гэтага Карына перастала настойваць на дапамозе, а пасьля вызваленьня даведалася, што яна ўжо пятым месяцы цяжарнасьці.
«У мяне нібыта вырас жывот. Спачатку я думала, што паправілася менавіта ў жываце. Яшчэ адчувала пульсацыю — нават жартавала мужу, што ў мяне нібыта кішкі варушацца. Я гугліла, і там пісалі, што гэта можа быць пульсацыя брушнай аорты і трэба ісьці да лекара», — расказала дзяўчына.
Спачатку яна вырашыла набыць гомэапатычныя кроплі для аднаўленьня цыклю, а ў інструкцыі да іх было напісана, што перад іх ужываньнем пажадана зрабіць тэст на цяжарнасьць.
«Я падумала: ну мала што, раптам я зацяжарыла ўжо пасьля таго, як прыехала да мужа ў Нямеччыну», — сказала Карына.
Тэст паказаў цяжарнасьць і яна запісалася да гінэколяга. Лекарка ёй паведаміла, што цяжарнасьць ужо на другім трымэстры.
«Я тады не адчула радасьці. Я вельмі спалохалася. Таму што за гэты час было шмат нагрузак: на інвэнтарных работах я цягала камяні, насіла цяжкія сумкі. У першым трымэстры хварэла на грып і бранхіт, прымала лекі, якія нельга цяжарным. Плюс сталы стрэс і пераезды — Беларусь, Украіна, Польшча, Нямеччына — усё за кароткі час», — падзялілася яна.
Паводле яе, падчас агляду лекарка доўга маўчала, а потым сказала, што ўсё добра.
«Паказала сардэчка і дала паслухаць, як яно б’ецца. Я некалькі разоў перапытала, ці дакладна ўсё добра, і яна мяне запэўніла, што так».
Карына сказала, што сама цяжарнасьць стала для яе радаснай навінай, бо яна хацела другое дзіця.
«Шокам быў менавіта тэрмін. І яшчэ крыўдна, што гэтага не пабачылі на УГД або, магчыма, не захацелі пабачыць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля вызваленьня 123 палітвязьняў дакладчык ААН заявіў, што прыкмет зьмены палітыкі рэпрэсій у Беларусі няма