Урад Беларусі назваў найбольш «упарадкаваныя» гарады краіны

Чэрыкаў, архіўны здымак

Сьпіс утрымлівае пералік раёнаў і гарадоў па выніках 2025 году.

Летась улады праводзілі так званы «Год добраўпарадкаваньня», і цяпер урад дзяржавы падвёў пэўныя вынікі кампаніі.

Найлепшай названая Гомельская вобласьць, а ў ёй — Калінкавіцкі раён. Пра гэта паведаміў Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.

У Берасьцейскай найлепшым назвалі Бярозаўскі раён, у Віцебскай — Чашніцкі, у Горадзенскай — Лідзкі, у Менскай — Маладэчанскі, у Магілёўскай — Шклоўскі. Сярод раёнаў сталіцы — Першамайскі раён.

Гарады былі падзеленыя паводле колькасьці насельніцтва. Сярод абласных гарадоў, паводле санітарнага стану і ўпарадкаваньня, па-за канкурэнцыяй была Горадня, сярод раённых цэнтраў — Ліда і Наваполацак. Сярод ІІІ катэгорыі — Астравец, Заслаўе і Пружаны, а сярод ІV катэгорыі — Чашнікі, Чэрыкаў, Бялынічы і Кастрычніцкі.

Урэшце ў V катэгорыі, сярод найменшых населеных пунктаў, перамагла вёска Домжарыцы Лепельскага раёну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прапанаваў правесьці чыгунку ў Лагойск. Чаму гарады-спадарожнікі не растуць, як плянавалі чыноўнікі?