Факт сьмерці Георгія Галенчанкі пацьвердзіла жонка выбітнага навукоўца.
Георгій Галенчанка нарадзіўся 28 лютага 1936 году ў Петразаводску (Карэлія). Якраз ён вярнуў Скарыну сапраўднае імя: знайшоў дакумэнт, які паказвае, што насамрэч «Георгіус» — не другое імя друкара, а прыкрая памылка, зробленая перапісчыкам у копіі дакумэнту: замест «выдатнага» — «egregius» — Францыск Скарына стаў «georgius’ам».
Расейскім гісторыкам хапіла гэтага, каб сьцьвярджаць пра прыналежнасьць Скарыны да «праваслаўнага сьвету», піша «Наша ніва». У той час як Скарына быў у сучасным разуменьні чалавекам сусьвету: друкаваў Біблію для усяго «народу руськага» ў ВКЛ, а не для пэўнай канфэсіі.
Маштабнай працай Галенчанкі стала факсымільнае выданьне Бібліі Скарыны — вялікафарматны трохтомнік у чырвонай вокладцы. Галенчанка разам з фатографам езьдзіў па сьвеце і адшукваў кнігу за кнігай, каб урэшце выдаць для беларусаў поўны камплект.
Галенчанка скончыў гістфак БДУ і асьпірантуру Гісторыка-архіўнага інстытуту ў Маскве. Толькі ў Маскве ў той час можна было абараніць настолькі культуралягічную і беларусацэнтрычную дысэртацыю — «Гісторыя беларускага кнігадрукаваньня XVI–XVIII стагодзьдзяў».
Галенчанка першы адкрыў для шырэйшага кола чытачоў кнігі, выдадзеныя на беларускіх землях у першыя стагодзьдзі існаваньня кнігадрукаваньня.
У каталозе «Кніга Беларусі 1517—1917» ён даў ня толькі падрабязна апісаньне ўсіх кніг, але і выклаў іх зьмест, што было сьмелым крокам у тагачаснай савецкай Беларусі — старадрукаваныя кнігі былі рэлігійнымі, а ўлады СССР змагаліся зь верай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Георгій Галенчанка: ня ўсе ў Маскве прызнаюць Скарыну заснавальнікам усходнеславянскага кнігадрукаваньня