8 сакавіка ў сьвеце адзначаюць Міжнародны дзень жанчын. «Фэм-група Беларусь» падрыхтавала сьпіс імпрэзаў, прымеркаваных да Міжнароднага жаночага дня — беларускія ініцыятывы ў супольнай працы з каляжанкамі з іншых краінаў правядуць шэраг імпрэзаў.
Імпрэзы ахопяць Польшчу, Нямеччыну і Літву.
«Гэты дзень — пра нас, пра падтрымку, пра агульныя каштоўнасьці. Але навошта абмяжоўвацца ўсяго адным днём? Няхай увесь тыдзень будзе часам для сустрэч, размоў, дзеяньняў», — піша «Фэм-група Беларусь».
Актывісткі склалі падборку мерапрыемстваў на тэматыку абароны жанчын і жаночых спраў:
- сустрэча для жанчын у эміграцыі ў рамках Zero Discrimination Week. Варшава. Прастора «7 пакояў», 7 сакавіка;
- літаратурныя чытаньні з аўтаркамі зь Беларусі і Ўкраіны. Бэрлін. «Fem*Texturen. Літаратура паміж супрацівам, вайной і выгнаньнем», 7 сакавіка;
- марш літоўскіх фэміністак на 8 сакавіка. Вільня;
- варштат «Цела, голас, прысутнасьць». Бэрлін, 8 сакавіка;
- фэм-стэндап: у Вільні (8 сакавіка) і Варшаве (9 сакавіка);
- онлайн-сустрэча «Як распазнаць дыскрымінацыю ў працоўным асяродзьдзі» у рамках Zero Discrimination Week, 10 сакавіка;
- онлайн-трэнаваньне «Не падалося: рамантызацыя цкаваньня ў масавай культуры і нармалізацыя ў беларускім грамадзтве», 11 сакавіка;
- онлайн-курс «Унутраная сіла і ўстойлівасьць», 12-14 красавіка, запоўніць анкету да 10 сакавіка.