Імправізаваныя кірмашы з кветкамі — адмысловы знак, што неўзабаве 8 сакавіка. Звычайна там прадаюць тульпаны, ружы, мімозы. І чым бліжэй 8 сакавіка, тым вышэйшыя цэны. Паглядзелі, адкуль гэтыя кветкі прывозяць у Беларусь, і параўналі цэны на іх у суседніх сталіцах.
Адкуль у Беларусі кветкі
За год Беларусь сама вырошчвае больш за 20 мільёнаў кветак (у 2022 годзе — 23,3 мільёна зрэзаных бутонаў і кветак).
У асноўным гэта ружы — самая папулярная кветкавая культура, якою займаюцца буйныя цяплічныя гаспадаркі. Таксама ў Беларусі займаюцца тульпанамі, хрызантэмамі, гвазьдзікамі. Частка беларускіх кветак ідзе на экспарт у Расею. Раней, да 2022 году, быў таксама рээкспарт у Расею кветак з краін Эўразьвязу.
Акрамя вырошчваньня на месцы, Беларусь актыўна закупляе кветкі за мяжой. Напрыклад, у 2021 годзе з-за мяжы завезьлі 156 мільёнаў бутонаў і кветак, згодна з статыстыкай Белстату (апошняя дасяжная статыстыка). Асноўныя краіны-пастаўнікі — Эквадор, Нідэрлянды, Кенія. Для параўнаньня, у 2020 годзе кветак закуплялі ў 6 разоў больш. Такая ж розьніца за гэты час і ў статыстыцы экспарту кветак зь Беларусі. Асноўны пакупнік — Расея. Гэтыя лічбы могуць сьведчыць аб актыўным рээкспарце ў 2020 годзе і яго зьмяншэньні ў 2021-м.
Ружы ў Беларусь дагэтуль часткова трапляюць праз Нідэрлянды. Ілюстрацыйнае фота
Нідэрлянды лічацца галоўным міжнародным вузлом, дзе кветкі закупляюць усе краіны. Яны могуць паходзіць зь іншых месцаў, але праз аўкцыёны прадаюцца там. Праз санкцыі некаторыя пастаўнікі цяпер адмаўляюцца працаваць зь Беларусьсю, кажуць спэцыялісты. У выніку гэта ўплывае і на канчатковую цану кветак у Беларусі.
Частку тульпанаў беларусы вырошчваюць у сябе на лецішчах, у падвалах і дома. Пра гэта расказалі Свабодзе на ўмовах ананімнасьці некалькі чалавек, датычных да кветкавай галіны.
«На лецішчы проста ставіць цяпліцу, якую абаграваюць невялікай печкай. Насеньне тульпанаў замаўляюць загадзя ў Нідэрляндах. Так вырошчваюць кветкі да 14 лютага і 8 сакавіка. Некаторыя адмыслоўцы вырошчваюць іх дома, некаторыя — у падвале і проста застаўляюць імі ўсё да двух гэтых сьвятаў», — расказаў суразмоўца.
Ружы ў Беларусі ёсьць свае, а ёсьць прывазныя. У крамах кажуць, што гэта кветкі з Кеніі, Эквадору, Расеі і таксама Нідэрляндаў. Напрыклад ружы — і беларускія, і прывазныя — у некаторых крамах каштуюць амаль аднолькава: 6–6,5 рубля.
Што з цэнамі перад сьвятам
У Беларусі звычайна часовыя шапікі з кветкамі зьяўляюцца за некалькі дзён да 8 сакавіка. І цэны на кветкі пачынаюць расьці літаральна на вачах. Такі прыклад прывёў адзін з суразмоўцаў Свабоды, які акурат выйшаў па кветкі ў краму.
«Я паглядзеў, потым вырашыў у краму зайсьці. Пакуль хадзіў, тульпаны падаражэлі на 50 капеек. Было 4 рублі, стала 4,5», — расказаў суразмоўца.
Крама з кветкамі ў Менску. Архіўнае фота
Калі параўнаць цэны на розныя кветкі ў суседніх сталіцах і Менску на вечар 5 сакавіка, то гэта будзе выглядаць так (узялі самыя танныя знойдзеныя варыянты некаторых відаў кветак, цану падаем за адну кветку):
Менск
- Тульпаны: 3,50–4,50
- Ружы: 4,50–6,50
- Нарцыс белы: 4–5 рублёў
Варшава
- Тульпаны: 1,5–3,9 рубля (2–5 злотых)
- Ружы: 7,8 рубля (9,99 злотых)
- Нарцысы: 3,1 рубля (3,99 злотых)
Вільня
- Тульпаны: 5–6,72 рубля (1,5–2 эўра)
- Ружы: 12,7–16,4 рубля (3,80–4,90 эўра)
- Нарцысы: 5–7,4 рубля (1,5–2,2 эўра)
Чаму цэны на кветкі ў Беларусі «кусаюцца»
Паводле старшай навуковай супрацоўніцы Beroc Анастасіі Лузгіной, у Беларусі на цану кветак уплываюць цяжкасьці зь лягістыкай, выкліканыя санкцыямі. Таму кветкі могуць быць даражэйшымі, чым у багацейшай Варшаве.
Анастасія Лузгіна
«Раней, да санкцыяў, да ковіду, прывезьці кветкі ў Беларусі было значна прасьцей і таньней. Межы з ЭЗ былі адкрытыя, можна было купляць тыя ж тульпаны ў Нідэрляндах з значна меншымі выдаткамі. Зараз гэта, безумоўна, патрабуе больш складанай лягістыкі, да таго ж кветкі — прадукт нядоўгага захоўваньня.
Усе гэтыя выдаткі пастаўнікі закладваюць у канчатковую цану. Калі мы параўноўваем цэны на тыя ж тульпаны ў Польшчы і ў Беларусі, то, натуральна, для Польшчы ва ўмовах адзінага рынку ЭЗ тульпаны зь Нідэрляндаў завезьці значна прасьцей і таньней», — кажа эканамістка.