Пра вынік закрытага суду, які пачаўся ў чэрвені 2024 году, паведаміла «Наша ніва» з спасылкай на праваабаронцу і былога палітвязьня Ўладзімера Лабковіча, які правёў зь Цюхаём некалькі месяцаў у адной камэры магілёўскай турмы № 4.
Паводле Лабковіча, Уладзімер Цюхай сьцьвярджаў, што меў пра некаторых беларускіх вайскоўцаў з Генэральнага штабу і апарату Міністэрства абароны Беларусі кампрамэтацыйную інфармацыю — аб тым, што яны гомасэксуалы. Ён спрабаваў шантажаваць іх, каб атрымаць сакрэтныя зьвесткі, якія маглі б быць цікавыя Ўкраіне.
«Ён пачаў шантажаваць гэтых вайскоўцаў, каб яны перадавалі яму сакрэтную інфармацыю, якую можна было б прадаць Украіне. Як я зразумеў, у яго быў выключна камэрцыйны інтарэс. Ён думаў так падзарабіць. Ніякіх ідэалягічных ці каштоўнасных матываў у яго не было», — лічыць Лабковіч.
Праваабаронца кажа, што аднойчы Цюхай нават паказаў яму фрагмэнт перапіскі з КДБ, дзе згадваліся гэтыя эпізоды. Вайскоўцы пра шантаж паведамілі спэцслужбам, завялі крымінальную справу. У выніку — закрыты працэс, абвінавачаньне ў «здрадзе дзяржаве» і 17 гадоў зьняволеньня.
Што вядома пра Цюхая
Уладзімеру Цюхаю каля 40 гадоў. Ён закончыў менскі Інстытут парлямэнтарызму і прадпрымальніцтва, быў актывістам БРСМ, яго выбіралі сакратаром Менскага гаркаму Камуністычнай партыі, ад якой ён спрабаваў стаць дэпутатам. Займаўся бізнэсам, працаваў дырэктарам некалькіх фірмаў, у тым ліку акцыянэрнага таварыства «Выдавецкі дом «ВіАлВі».
Зь імем Уладзімера Цюхая зьвязана некалькі гісторыяў у беларускіх СМІ.
9 траўня 2007 году актывіст Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі Ўладзімер Цюхай удзельнічаў у спальваньні эстонскага сьцяга падчас пратэсту каля эстонскага консульства ў Менску.
У 2008 годзе ў судзе ён пхнуў маці журналіста Аляксандра Баразенкі, калі тая абурылася ягонымі паводзінамі.
У 2010 годзе Ўладзімер Цюхай быў сябрам выбарчай камісіі на прэзыдэнцкіх выбарах, у інтэрвію дзяржаўным СМІ называў выбары «дэмакратычнымі і празрыстымі», пасьля разгону пратэстаў 19 сьнежня 2010 году называў пратэстоўцаў «нецьвярозымі маладзёнамі, якіх вялі палітычныя банкруты».
У 2013 годзе ён апынуўся ў цэнтры гісторыі, зьвесткі пра якую распаўсюдзілі так званыя «жодзінскія змагары з пэдафіламі». Паводле гэтых добраахвотнікаў, Уладзімер Цюхай нібыта адгукнуўся на прапанову аб сустрэчы, зробленую падчас перапіскі ў інтэрнэце нібыта ад імя 15-гадовага падлетка.
Восеньню 2020 году зь дзяржаўных СМІ стала вядома, што Ўладзімер Цюхай зь дзевяцьцю знаёмымі як сябра «народнай дружыны» па выходных удзельнічаў у патруляваньні менскіх вуліц і двароў з мэтай дапамагчы міліцыі змагацца з пратэстамі.
Суд над Уладзімерам Цюхаём пачаўся ў менскім гарадзкім судзе 21 чэрвеня 2024 году, праходзіў за зачыненымі дзьвярыма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судзяць былога актывіста БРСМ, які патруляваў вуліцы падчас пратэстаў. Што пра яго вядома