Аўтарка гістарычнай сагі аб ВКЛ Silva Rerum Крысьціна Сабаляўскайце: «Падчас напісаньня раману наведвала Беларусь і пачувалася як дома»

Крысьціна Сабаляўскайце. Вільня, 1 сакавіка 2026

У Вільні, у Беларускім доме, дзясяткі аматараў гістарычнай прозы сабраліся 1 сакавіка на прэзэнтацыю беларускага перакладу вядомага раману Silva Rerum літоўскай пісьменьніцы Крысьціны Сабаляўскайце.

Першы том раману Крысьціны Сабаляўскайце Silva Rerum выйшаў у 2008 годзе, наступныя — у 2011, 2014 і 2016-м. З таго часу толькі па-літоўску раман перавыдаваўся 23 разы. Агульны наклад усіх літоўскіх выданьняў чатырох тамоў склаў каля 300 тысяч экзэмпляраў.

У 2025 годзе да перакладаў на іншыя эўрапейскія мовы дадалося выданьне бэстсэлеру па-беларуску.

Пераклад зрабіў вядомы літаратар і мовазнаўца, былы журналіст Радыё Свабода Сяргей Шупа. Silva Rerum па-беларуску выйшла ў праскім выдавецтве «Вясна». Паводле Сяргея Шупы, беларусам гэтая кніга будзе цікавай і блізкай.

Прэзэнтацыя беларускага перакладу кнігі Silva Rerum, сустрэча з аўтаркай Крысьцінай Сабаляўскайце і перакладчыкам Сяргеем Шупам у Вільні, 1 сакавіка 2026

Раман захапляльна расказвае пра жыцьцё ў Вялікім княстве Літоўскім у складзе Рэчы Паспалітай, калісьці супольнай для літоўцаў, беларусаў, палякаў гістарычнай радзіме, а дзеяньне трэцяга тому цыклю ўвогуле цалкам адбываецца на тэрыторыі сучаснай Беларусі, у Нясьвіжы й Наваградку. Да першых двух беларускамоўных тамоў цыклю, якія прадаваліся ўжо ў канцы мінулага году, цяпер дадаліся трэці і чацьверты.

Аўтар раману Крысьціна Сабаляўскайце і перакладнік Сяргей Шупа выступілі перад чытачамі, адказалі на іх пытаньні, падарылі аўтографы на асобніках раману.

Прэзэнтацыя беларускага перакладу кнігі Silva Rerum, сустрэча з аўтаркай Крысьцінай Сабаляўскайце і перакладчыкам Сяргеем Шупам у Вільні, 1 сакавіка 2026

Бальшыня тых, хто прыйшоў на сустрэчу зь літаратарамі, ужо ведалі, чаму аўтарка абрала такую назву. Silva Rerum — па-лацінску «лес рэчаў». Так звалася папулярная сярод шляхты ВКЛ у XVI–XVIII стагодзьдзях «сямейная кніга», у якой ня толькі запісвалі значныя жыцьцёвыя падзеі, як даты нараджэньня, вясельля або сьмерці, але зьбіралі і гэтак перадавалі з пакаленьня ў пакаленьне розныя сэнтэнцыі, вершы, прыказкі, віншавальныя прамовы й панэгірыкі.

У гістарычных архівах, дзе працавала над дысэртацыяй мастацтвазнаўца Крысьціна Сабаляўскайце, яна знайшла шмат падобных дакумэнтаў, у тым ліку якія тычыліся шляхоцкага роду Нарвойшаў. Менавіта прадстаўнікоў гэтага роду пісьменьніца і вырашыла зрабіць героямі свайго раману.

Крысьціна Сабаляўскайце ў Вільні, 1 сакавіка 2026

«Памятаю той момант, гэта было ў Варшаве, у Лазенках, дзе я працавала ў архіве. Выйшла пакурыць, я тады яшчэ курыла, і раптам падумала, што пра тыя неверагодныя гісторыі можна напісаць манаграфію, але яе прачытаюць некалькі вучоных, а яны вартыя большага».

Назва раману, паводле пісьменьніцы, нарадзілася лёгка, але праца над ім заняла нямала часу — ажно 8 гадоў, цягам якіх пісьменьніца, зь яе словаў, двойчы перажыла вельмі цяжкія моманты. Як і задумала яшчэ да напісаньня кнігі, атрымалася чатыры часткі, прысьвечаныя чатыром розным пакаленьням Нарвойшаў.

«Часткі выходзілі асобнымі кнігамі, паміж другой і трэцяй быў найбольшы перапынак — у некалькі гадоў, таму чытачы пачалі непакоіліся, калі выйдзе наступная, ці выйдзе ўвогуле? Але ўсё ж літоўцы людзі цярплівыя, дачакаліся», — хваліць суайчыньнікаў Крысьціна Сабаляўскайце.

Перакладчык Сяргей Шупа

Таксама пісьменьніца згадала першага выдаўца, якому прапанавала кнігу для публікацыі, а той паставіў умову — скарачэньне і пазбаўленьне іншамоўных цытатаў. Але для яе было прынцыповым усебакова паказаць гісторыю аднаго з тысяч шляхоцкіх родаў максымальна поўна, на тле рэальных гістарычных падзеяў XVII і XVIII стагодзьдзяў, якія яна лічыць надзвычай важнымі для краіны. Да таго ж была і асабістая прычына — Крысьціна па маці сама з роду Нарвойшаў.

Паводле пісьменьніцы, яе раман — мастацкі твор, але большасьць падзеяў у ім не прыдуманая, а ўзятая з архіўных дакумэнтаў — лістоў, апісаньняў маёмасьці, справаздачаў, вартых даверу гісторыкаў. Да таго ж упартай дасьледніцы шанцавала знаходзіць пацьверджаньне пэўных падзеяў у некалькіх крыніцах. Гэтак, пра падзеі ў Вільні ў сярэдзіне XVII стагодзьдзя, якія яна апісала паводле ліставаньня Нарвойшаў, фактычна тое ж самае расказаў іншы жыхар сталіцы княства, запісы якога таксама знайшла аўтарка раману. Таму Сабаляўскайце кажа, што яе раман не прыдуманы, а дадуманы.

Прэзэнтацыя перакладу кнігі Silva Rerum, сустрэча з аўтаркай Крысьцінай Сабаляўскайце і перакладчыкам Сяргеем Шупам у Вільні, 1 сакавіка 2026

«Гэта як ты ведаеш маршрут з пункту А да Б, і гэта застаецца, а твая фантазія толькі мусіць падказаць, як адбылося перасоўваньне», — падзялілася прафэсійным сакрэтам пісьменьніца.

Паводле Крысьціны Сабаляўскайце, на яе як аўтарку гістарычнай прозы пэўны ўплыў аказаў славуты францускі пісьменьнік Марыс Друон. А беларусам, якія цікавяцца гісторыяй Вільні і Літвы, яна раіць абавязкова прачытаць «Даліну Ісы» Чэслава Мілаша, «Віленскі покер» Рычардаса Гавяліса і «Лес багоў» Баліса Сруогі (першыя дзьве кнігі выйшлі ў беларускіх перакладах, пераклад трэцяй рыхтуе Сяргей Шупа. — РС).

А яшчэ літоўская пісьменьніца раіць няспынна вучыць замежныя мовы, «як мага больш». Сама яна гаворыць на шасьці, цяпер вучыць сёмую, марыць авалодаць ня менш як дзесяцьцю мовамі. Паводле пісьменьніцы, веданьне моваў — гэтак як валоданьне ключамі да розных культураў. Беларуская мова здаецца ёй мілагучнай і прыгожай, вартай авалоданьня.

Першы том кнігі Silva Rerum

Пры размове з чытачамі, якую па дамоўленасьці з аўдыторыяй Крысьціна Сабаляўскайце вяла па-польску, аўтарка разумела і беларускамоўныя пытаньні. Перакладам свайго раману на беларускую пісьменьніца, зь яе словаў, вельмі задаволеная. Сяргей Шупа сказаў аматарам прозы Сабаляўскайце, што працаваў над перакладам кнігі з захапленьнем і асалодай, нічога не «дапісваючы».

На разьвітаньне Крысьціна Сабаляўскаце прызналася, што беларусы для яе блізкія і зразумелыя людзі, калісьці яе далёкія сваякі жылі пад Ашмянамі.

«Калі я зьбірала матэрыял для трэцяга тому, то прыяжджала ў ваш Нясьвіж і пачувалася там цалкам як дома: такія ж краявіды, такія ж прыязныя людзі», — згадала літоўская пісьменьніца паездку ў Беларусь. Яе гідам па Радзівілаўскім замку быў Мацей Радзівіл, а дырэктар музэю падчас экскурсіі быў побач і слухаў аповеды нашчадка славутага роду зь велізарнай цікаўнасьцю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Курс: Існасьць беларускага народу немагчыма скалечыць ніякімі расейскімі штучкамі-дручкамі