У сумеснай заяве старшыні Эўрапейскай рады Антонію Кошта і старшыні Эўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен адзначаецца, што падзеі ў Іране «выклікаюць вялікую занепакоенасьць», а Брусэль знаходзіцца ў цесным кантакце з партнэрамі ў рэгіёне.
У ЭЗ падкрэсьлілі адданасьць рэгіянальнай бясьпецы і стабільнасьці, а таксама «крытычную важнасьць» ядзернай бясьпекі і захаваньня глябальнага рэжыму нераспаўсюджаньня ядзернай зброі. Зьвяз нагадаў, што ўжо ўвёў санкцыі супраць іранскіх уладаў і працягвае настойваць на дыпляматычным урэгуляваньні пытаньняў, зьвязаных з ядзернай і балістычнай праграмамі Тэгерану.
Брусэль таксама паабяцаў у каардынацыі з дзяржавамі-сябрамі прыняць «усе неабходныя захады» для падтрымкі грамадзян ЭЗ, якія знаходзяцца ў рэгіёне, і заклікаў да «максымальнай стрыманасьці, абароны цывільнага насельніцтва і поўнай павагі да міжнароднага права».
Пазыцыя Лёндану і Парыжу
Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Кір Стармэр заявіў, што Іран «ніколі не павінен атрымаць ядзерную зброю», а Лёндан і надалей будзе падтрымліваць спробы перамоўнага ўрэгуляваньня. Паводле брытанскага ўраду, у рэгіёне ўжо ўзмоцненыя абаронныя магчымасьці, але Вялікая Брытанія «не жадае далейшай эскаляцыі».
Прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон прапанаваў склікаць тэрміновае паседжаньне Рады Бясьпекі ААН і папярэдзіў, што далейшая эскаляцыя «небясьпечная для ўсіх і павінна быць спыненая». Ён таксама заявіў, што ўлады Ірану мусяць вярнуцца да «добрасумленных перамоваў» адносна ядзернай і балістычнай праграм.
Міністар замежных спраў Бэльгіі Максім Прэво падкрэсьліў, што «іранскі народ не павінен плаціць за выбар свайго ўраду», і выказаў шкадаваньне, што папярэднія дыпляматычныя высілкі не прынесьлі выніку.
Кіраўнік МЗС Нарвэгіі Эспэн Барт Эйдэ заявіў, што «прэвэнтыўны ўдар», пра які заяўляе Ізраіль, не адпавядае міжнароднаму праву без наяўнасьці непасрэднай і неадкладнай пагрозы.
Пазыцыя Беларусі і Расеі
Міністэрства замежных спраў Беларусі заклікала «ўцягнутыя ў абмен ударамі краіны» адмовіцца ад «небясьпечнай канфрантацыі» і вярнуцца да «вырашэньня ўсіх рознагалосьсяў палітыка-дыпляматычным шляхам».
У МЗС Расеі апэрацыю ЗША і Ізраілю назвалі «безразважным крокам» і «небясьпечнай авантурай», якая парушае нормы міжнароднага права. У РФ лічаць, што ЗША і Ізраіль дамагаюцца «разбурэньня канстытуцыйнага ладу і зьнішчэньня кіраўніцтва непажаданай ім дзяржавы, якая адмовілася падпарадкоўвацца сілавому дыктату і гегеманізму».
Як разьвіваліся падзеі
Раніцай 28 лютага Армія абароны Ізраілю паведаміла пра ўдар па тэрыторыі Ірану. У Тэгеране прагучалі выбухі. Ізраільскі бок назваў атаку «раптоўнай» і распаўсюдзіў агульнанацыянальнае папярэджаньне з заклікам заставацца паблізу сховішчаў.
Міністар абароны Ізраіля Ізраэль Кац заявіў, што распачатая «прэвэнтыўная ваенная апэрацыя» накіраваная на нэўтралізацыю пагрозы з боку Тэгерану.
Прадстаўнік ЗША ў камэнтары Радыё Свабода пацьвердзіў удзел Амэрыкі ў апэрацыі. Пазьней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што вайсковая кампанія пачатая «для ліквідацыі пагрозаў з боку дзейнага рэжыму».
Іран, паводле паведамленьняў ізраільскага боку, у адказ запусьціў ракеты ў напрамку Ізраілю. Паводле ЦАХАЛ, сыстэмы супрацьпаветранай абароны перахоплівалі ракеты, а ў розных раёнах краіны гучалі сыгналы трывогі.
Пазьней зьявіліся паведамленьні пра іранскія ракетныя ўдары па вайсковых аб’ектах у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Катары і Бахрэйне, а таксама пра выбухі ў Кувэйце.