«Па Лагойску мы гаворым, што гэта спадарожнік Менска. Трэба нейкую, можа быць, чыгуначную нітку правесьці. Я паглядзеў. Можа быць, нават па ўзбочыне ў адзін і другі бок пакласьці рэйкі і пусьціць... Штосьці трэба рабіць. Трэба заканчваць у Менску ўсялякае жыльлёвае будаўніцтва і ва ўсіх гэтых спадарожніках будаваць жытло. Людзі за 20–30 хвілін у Менску. Адпрацавалі — назад вярнуліся», — адзначыў ён.
На сёньня Лагойск ня мае чыгуначнай станцыі. Найбліжэйшая — у Смалявічах, прыкладна за 25 кілямэтраў ад райцэнтру. Да Менску людзі дабіраюцца аўтобусамі і маршруткамі, дарога бярэ ў сярэднім 40–60 хвілін, у залежнасьці ад трафіку.
Лагойск — невялікі раённы цэнтар Менскай вобласьці. Тут жыве каля 12–13 тысяч чалавек. Людзей, якія перабіраюцца сюды на жытло, прывабліваюць ніжэйшыя кошты на жытло, спакойнае асяродзьдзе, магчымасьць жыць ва ўласным доме пры адноснай блізкасьці да сталіцы.
Адлегласьць Лагойска да Менску — каля 40 кілямэтраў, гэта зручна для штодзённых паездак на працу. Побач вядомыя гарналыжныя комплексы — Лагойск і Сілічы, якія робяць раён цэнтрам зімовага турызму.
Цяперашнія спадарожнікі Менску — гэта Дзяржынск, Фаніпаль, Смалявічы, Лагойск, Заслаўе і пасёлак Рудзенск. Улады ня першы раз гавораць пра неабходнасьць іх разьвіцьця.
Амбітныя пляны росту гарадоў-спадарожнікаў чыноўнікі агучылі яшчэ ў 2014 годзе. Плянавалася, што за 10-15 гадоў прырост жыхароў там складзе 120-130 тысяч. Толькі зь Менску, паводле плянаў, туды мусілі пераехаць 50-60 тысяч чалавек.
Аднак за 10 гадоў колькасьць жыхароў усіх гарадоў-спадарожнікаў вырасла толькі на 21 тысячу 31 чалавека. Гэта ў шэсьць разоў менш за заплянаванае. Людзі, якія пераяжджаюць сюды жыць са сталіцы, скардзяцца на няразьвітую інфраструктуру, адсутнасьць дактароў, дрэнную якасьць вады.