Пракуратура Смаргонскага раёну падтрымала дзяржаўнае абвінавачаньне ў справе аб хуліганстве, паведамілі БелТА ў службе інфармацыі пракуратуры Горадзенскай вобласьці.
Справу разглядалі ў дачыненьні 16-гадовага і 17-гадовага мясцовых жыхароў, якім інкрымінавалі злоснае хуліганства з ужываньнем гвалту, якое вылучаецца выключным цынізмам. Як выявілі ў час судовага сьледзтва, нецьвярозыя падлеткі ў вячэрні час 4 жніўня 2025 году паблізу дому № 1 па вул. Дзяругі «з хуліганскіх памкненьняў прынізілі чалавечую годнасьць 15-гадовага мясцовага жыхара, праявіўшы да яго п’яную ўдаласьць і нічым не апраўданую агрэсію».
У прыватнасьці, 17-гадовы абвінавачаны схапіў пацярпелага рукой за горла, пасьля чаго нанёс яму ня менш як адзін удар у жывот. Затым абодва абвінавачаныя схапілі пацярпелага пад рукі і прымусілі прайсьці ў сутарэньні аднаго з дамоў.
Там яны пачалі біць хлопца: нанесьлі ня менш за 18 удараў рукамі і нагамі ў галаву, па руках і тулаве. Прымусілі стаць на калені і папрасіць «прабачэньня», пры гэтым іншая асоба запісвала падзеі на камэру мабільнага тэлефону. Відэазапіс пазьней змантавалі з накладаньнем візуальных і гукавых эфэктаў і разьмясьцілі ў закрытай супольнасьці ў Telegram.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пабіць малога за 126 рублёў. Чаму ўлады Беларусі ня могуць спыніць гвалт над дзецьміЗ улікам пададзеных дзяржаўным абвінаваўцам доказаў суд Смаргонскага раёну вынес абвінаваўчы прысуд. На падставе ч.2 арт.339 Крымінальнага кодэксу 17-гадоваму абвінавачанаму прызначылі пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 2 гады, а да яго 16-гадовага прыяцеля прымянілі прымусовую меру выхаваўчага характару — на 2 гады адправілі ў адмысловую выхаваўчую ўстанову.
Вырак у законную сілу не ўступіў, ён можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апэляцыйным парадку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я ненавідзеў сваіх аднаклясьнікаў». Як і чаму цкуюць у беларускіх школах?