Сьвятлана Курс: Існасьць беларускага народу немагчыма скалечыць ніякімі расейскімі штучкамі-дручкамі

Сьвятлана Курс на прэзэнтацыі яе кнігі ў Вільні, 26 лютага 2026 году

На Віленскім кніжным кірмашы прэзэнтавалі пераклад на літоўскую мову аповесьці Евы Вежнавец (Сьвятланы Курс) «Па што ідзеш, воўча?» («Ko ateini, vilke?») Поўная заля чытачоў вітала беларуску авацыяй.

26 лютага адкрыўся Віленскі міжнародны кніжны кірмаш — найбуйнейшае ў балтыйскіх краінах кніжнае сьвята, на якім ужо трэці год запар прэзэнтуюць і навінкі беларускай літаратуры. Чатыры новыя кнігі паказала на кірмашы выдавецтва «Вясна», яшчэ 8 новых кніг прывезла выдавецтва «Пфляўмбаўм». Таксама яно выставіла на сваіх паліцах навінку ад выдавецтва «Kitos knygos» — перакладзеную на літоўскую мову аповесьць Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?», якую беларускае выдавецтва выдала ў 2020 годзе, а з таго часу яе пераклалі ўжо на 11 эўрапейскіх моваў.

На прэзэнтацыі літоўскага перакладу кнігі «Па што ідзеш, воўча?»

На прэзэнтацыю аповесьці па-літоўску ў павільёне выставачнага комплексу LITEXPO сабраліся каля ста літоўскіх і беларускіх чытачоў, якія авацыямі віталі беларуску Сьвятлану Курс (сапраўднае імя аўтаркі) і літоўку, перакладчыцу Юргіту Яспаніце-Буракене.

«Муж параіў прачытаць, а мне рэдка што падабаецца. Але пачала чытаць і адразу сказала, што нарэшце зьявілася тое, чаго хачу», — патлумачыла перакладніца, чаму адразу пагадзілася ўзяцца за няпросты для працы твор.

Перакладніца Юргіта Яспаніце-Буракене

А яшчэ Яспаніце-Буракене адзначыла падабенства характараў герояў-беларусаў з аповесьці да характараў яе суайчыньнікаў, як і шматлікія паралелі ў гісторыі суседніх народаў.

Сьвятлана Курс таксама прызналася ў вялікай сымпатыі да Літвы, яе сталіцы Вільні ды яе насельнікаў. «Вы копія маёй бабулі ў маладосьці, але вы — анёл, а яна была чортам у спадніцы», — сказала яна сваёй літоўскай перакладніцы. Яшчэ ня раз заля будзе дружна сьмяяцца з жартаў беларускі, дзякаваць пісьменьніцы за трапнасьць і дасьціпнасьць выразаў, шчырасьць прызнаньняў.

Сьвятлана Курс

«Беларусы вельмі падобныя да літоўцаў. Так, пакуль яны выглядаюць ня вельмі прыгожымі, але мы выправімся», — паабяцала пісьменьніца.

Таксама яна прызналася, што вельмі зайздросьціць літоўцам, бо яны маюць галоўнае — свабоду. «Прыяжджаю да вас і плачу ад кайфу: вы — шчасьлівыя», — сказала яна на разьвітаньне з чытачамі.

Аповесьць «Па што ідзеш, воўча?» раскажа літоўцам пра беларуску Рыну, якая працавала сядзелкай у Нямеччыне, але мусіла вярнуцца ў Беларусь на пахаваньне бабулі. Жанчына трапіла ў забытую богам глухмень, дзе яе чакае неспадзяванка, бо старыя грахі і спадчына маюць доўгія цені. Алькагалізм, бяднота, роспач. Ці можна выправіць жыцьцё, калі сам ня цягнеш на ўзор паводзінаў? Гэтае пытаньне аўтарка задае сваёй гераіні, сабе, усім чытачам.

Пасьля прэзэнтацыі, адстаяўшы даўгую чаргу па аўтограф, пытаюся ў Сьвятланы пра тое, што яна думае пра Беларусь і яе будучыню.

«Толькі што паверыла, што хутка прыйдуць сьветлыя часы. Не баюся выглядаць дурной, аптымісткай, бо сапраўды веру, што мы дажываем самыя горкія часы, што гэта апошняя цёмная пара перад сьвітанкам. І чакаю дажыць да таго часу, калі паеду ў Беларусь. А погляд мой на Беларусь ніколі не зьмяняўся, бо калі ты бачыш існасьць твайго народу, то яна ніколі не зьмяняецца, скалечыць гэта немагчыма. Ніякімі расейскімі штучкамі-дручкамі Беларусь не скалечыць. Таму я спакойна жыву, нічога ў мяне не зьмяняецца. Як мне здаецца, я люблю рэчы нязьменныя, важныя, якія робяць нас людзьмі, беларусамі. Так што аптымістычна, ясна і сьветла я гляджу ў будучыню, хаця, магчыма, гэта наіўнасьць».

Сьвятлана Курс

Летась стала вядома, што ў Сьвятланы Курс дактары знайшлі рак. Пісьменьніца не хавае, што змаганьне з хваробай замінае, але не падае выгляду, наколькі ёй складана. Гэта як у яе кнізе, дзе сьмерць, як той воўк, заўсёды побач.

«А як жа бязь сьмерці? Гэта частка жыцьця, бязь сьмерці няма жыцьця — ведаю, што гавару. Але ўсё, здаецца, заканчваецца аптымістычна, бо вядзьмарка паляцела на неба, за ёй паляцела яе сьвіта, ёй абавязкова патрэбная сьвіта, а двое недасканалых людзей любяць адно аднаго недасканалай любоўю ў недасканалым сьвеце. Усё кляс!»

Пра творчасьць Сьвятлана Курс кажа: «Цяпер у мяне выбар: альбо жыць, альбо пісаць. Я жыву. Можа, прыйдзе час, калі што і напішу. З пугай нада мной ніхто не стаіць».

Віленскі кніжны кірмаш будзе працаваць да 1 сакавіка. Уваход — ад 12 да 18 эўра. У нядзелю, 1 сакавіка, а 14-й гадзіне ў Беларускім доме (Vilniaus g., 20) адбудзецца творчая сустрэча з удзельнікам кірмашу, беларускім перакладнікам Сяргеем Шупам і аўтаркай перакладзенага ім раману «Silva rerum», папулярнай літоўскай пісьменьніцай Крысьцінай Сабаляўскайце. Гэта чатырохтомная сямейная сага ў віхуры падзеяў XVII–XVIII стагодзьдзяў на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку на цяперашніх беларускіх землях.

Сярод навінак выдавецтва «Пфляўмбаўм», выстаўленых на віленскім кірмашы, — мэмуары Бэлы Шагал, жонкі славутага мастака Марка Шагала, раман Югасі Каляды «Перамена месцаў», а таксама зборнік эсэ «Іду да вас», складзены з твораў 18 беларускіх аўтарак, якія пасьля 2020 году апынуліся за межамі Беларусі.

«Такога збліжэньня з Эўропай, як цяпер, у беларусаў ніколі не было. Ідзе асэнсаваньне розных культур, новага досьведу, які абавязкова нам спатрэбіцца ў той новай Беларусі, пра якую мы ўсе марым», — напісала пра гэты зборнік ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі Сьвятлана Алексіевіч.

Выдавецтва «Пфляўмбаўм» трэці год стала працуе на міжнародным Віленскім кніжным кірмашы, выпусьціўшы за гэты час больш за 20 кніг беларускіх і замежных аўтараў.

«Мы вельмі хочам, каб літоўцы таксама ведалі навінкі беларускай літаратуры, а беларусы не забывалі пра сваю ідэнтычнасьць і эўрапейскасьць», — сказала дырэктарка выдавецтва Нярынга Левансявічуце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чалавек — студня і капальня, радасьці знойдзе ва ўсім». Сьвятлана Курс пра рак, Калядны цуд і расейскую культуру як «маргарын з нафты»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грошы для падтрымкі хворай на рак пісьменьніцы Сьвятланы Курс сабралі за адзін дзень