Пачынаючы з 24 лютага 2022 году Расея актыўна выкарыстоўвала тэрыторыю Беларусі як пляцдарм для ўварваньня ва Ўкраіну і паўнавартаснай вайны супраць яе. Сярод іншага, расейская вайсковая тэхніка масава перамяшчалася па беларускай чыгунцы. Некаторыя беларусы спрабавалі перашкодзіць руху вайсковых эшалёнаў, дзеля чаго выводзілі з ладу сыгнальнае абсталяваньне і інфраструктуру, адзначаюць праваабаронцы «Вясны».
Справы «рэйкавых партызанаў»
Дывэрсіі на беларускай чыгунцы сталі рэгулярна адбывацца неўзабаве пасьля поўнамаштабнага ўварваньня расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году, сьцьвярджаюць праваабаронцы.
Гэтак, 40-гадоваму Віталю Мельніку на судзе паставілі ў віну, што ён у сакавіку 2022 году на чыгуначным перагоне Навасады — Барысаў падпаліў рэлейную шафу сьвятлафора аўтаматычнага блякаваньня, чым вывеў з ладу сыстэму сыгналізацыі чыгункі. Паводле сьледзтва, дзеяньні прывялі да спыненьня руху дзясяткаў цягнікоў і стварылі рэальную пагрозу аварыі на чыгунцы.
Беларускія сілавікі затрымалі Віталя Мельніка 30 сакавіка, пры гэтым яму прастрэлілі каленныя суставы. У канцы сьнежня 2022 году мужчыну асудзілі на 13 гадоў пазбаўленьня волі паводле пяці крымінальных артыкулаў, сярод якіх «Акт тэрарызму».
Гомельскі абласны суд 27 сьнежня 2022 году вынес прысуд у справе «рэйкавых партызанаў» траім мужчынам са Сьветлагорску, якіх абвінавацілі ў «тэрарызьме» і «здрадзе дзяржаве». Дзяніса Дзікуна асудзілі на 23 гады зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, Дзьмітрыя Равіча — на 22 гады, Алега Малчанава — на 21 год. Ім паставілі ў віну падпал рэлейнай шафы, інфармацыю пра які яны нібыта перадалі пляну «Перамога» і ByPol.
Сяргея Глебку затрымалі ў ноч з 1 на 2 сакавіка 2022 году ў Стоўпцах. Паводле інфармацыі МУС, каб запаволіць рух цягнікоў, мужчына падпаліў бярвёны на чыгуначных каляінах. Супраць Глебкі ўзбудзілі крымінальную справу за акт тэрарызму (арт. 289 Крымінальнага кодэксу). Пасьля затрыманьня Сяргея білі — сьляды пабіцьця на твары палітвязьня праваабаронцы ўбачылі ў ягоным «пакаяльным відэа». 19 кастрычніка 2022 году ў Менскім гарадзкім судзе Сяргею прызначылі 11 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 300 базавых велічыняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Думалі, што іх цягнікі будуць кідаць пад адхон». Як беларускія партызаны на тыдзень спынілі расейскія эшалёныЯк судзілі фігурантаў справы «Чорных салаўёў»
У адказ на падпалы на Беларускай чыгунцы ўлады Беларусі прызналі такія дзеяньні «актамі тэрарызму» і ўнесьлі зьмены ў крымінальнае заканадаўства. Цяпер сьмяротнае пакараньне ў Беларусі можа пагражаць ня толькі за такі падпал, але і за замах на яго зьдзяйсьненьне.
Дзяржаўная прапаганда ў 2024 годзе паведаміла пра затрыманьне групы навучэнцаў каледжаў і тэхнікумаў з гэтак званай групоўкі «Чорных салаўёў» — юнакоў, якія, паводле сілавікоў, рыхтавалі тэрарыстычныя акты на замову замежнай спэцслужбы.
Дагэтуль невядома, што менавіта плянавалі затрыманыя «чорныя салаўі», аднак «Вясна» ўведала прысуды, вынесеныя маладым людзям.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, паводле ч. 1 артыкулу 14 і ч. 3 арт. 289 КК (замах на акт тэрарызму, які ня быў даведзены на канца) Аляксандры Пуліновіч, якой на момант затрыманьня ня споўнілася 18 гадоў, прызначылі 10 гадоў і 3 месяцы зьняволеньня, Марыі Місюк, якой таксама ў момант арышту было толькі 17 гадоў, суд прызначыў 13 гадоў, Дзьмітрыю Захарошку — 10,5 году, Трафіму Барысаву і Сяргею Жыгалёву — па 12 гадоў зьняволеньня. Данілу Гарасіму прызначылі 10 гадоў калёніі, а таксама штраф у 600 базавых велічыняў.
У лістападзе 2025 году палітзьняволеная Марыя Місюк была вывезеная ва Ўкраіну ў складзе групы грамадзян гэтай краіны (31 чалавек), якіх памілаваў Лукашэнка. Іншыя фігуранты справы таксама былі прызнаныя палітвязьнямі, паводле «Вясны», іх трымаюць у розных беларускіх вязьніцах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна»: у Беларусі паводле «тэрарыстычных артыкулаў» КК асудзілі 133 чалавек ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі за «здраду дзяржаве» асудзілі 88 чалавек, — праваабаронцы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чорныя салаўі». Як у Беларусі ў тэрарызьме і здрадзе дзяржаве абвінавачваюць падлеткаў і моладзь ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі за «здраду дзяржаве» перасьледуюць як мінімум 55 чалавек