У Кіеве прэзэнтавалі кнігі «Сож» аўтарства Плоткі і «Дзеці Аліндаркі» Бахарэвіча ў перакладзе на ўкраінскую мову

Кнігі на прэзэнтацыі, сярод якіх два пераклады зь беларускай мовы — «Сож» і «Дзеці Аліндаркі»

У адной кнізе спалучаныя вершы беларускага паэта і здымкі іншых аўтараў. Другая — пераклад ужо вядомага беларусам твору.

У Кіеве 21 лютага адбылася прэзэнтацыя 11 кніг, сярод якіх дзьве, перакладзеныя на ўкраінскую зь беларускай мовы. Падзею прысьвяцілі Дню роднай мовы і найперш мовам, якія знаходзяцца пад пагрозай.

Пераклад зь беларускай вершаў Алеся Плоткі кнігі «Сож» суправаджаецца здымкамі Алеся Пілецкага і Станіслава Крупаржа. Украінскі паэт і перакладнік Вячаслаў Лявіцкі расказаў у сваім фэйсбуку пра выданьне.

«Не хачу рабіць гучных заяў, але аб’ектыўна гэта адна з самых сьмелых кніг у незалежнай беларускай паэзіі. Тут траўма і сорам не замоўчваюцца, а абвастраюцца, абмяркоўваюцца з болем і сарказмам, вагаючыся паміж самай прыземленай паўсядзённасьцю і фантасмагорыяй. Тут шмат сумленнасьці і запалу, але ня менш гарачага каханьня. У выніку вершы не ператвараюцца ў кучу плякатных фразаў.

Гэта таксама том з творамі паэта, які, як мала хто, адчувае і разумее Ўкраіну і нават піша па-ўкраінску. Яго прыватны Сож упадае ў Чорнае мора, якое чароўнае, хоць і замінаванае».

Грошы ад продажу кнігі пойдуць на рэабілітацыю параненых ўкраінскіх вайскоўцаў.

Кніга Алеся Плоткі ў перакладзе на ўкраінскую мову

Таксама Вячаслаў Лявіцкі адказаў на пытаньне беларускай Свабоды, што матывуе яго перакладаць у час вайны беларускіх аўтараў.

«Я не магу адарвацца ад велізарнага сантымэнту да незалежнай беларускай культуры. Гэты запал пераважыў іншыя пачуцьці, якіх часам не хапала ў апошнія гады. Для мяне як чытача і пісьменьніка каштоўна, што наймацнейшыя (і эстэтычна, і этычна) творы беларускіх пісьменьнікаў працягваюць ажываць ва ўкраінскім кантэксьце. І не па-за палітыкай: проста таленавіты, глыбокі твор, напісаны чалавекам з прынцыпамі, можа даказаць, лягчэй, чым дзясяткі гучных заяў, што беларускі народ адрозьніваецца ад цяперашняга нелегітымнага беларускага рэжыму, і тым больш — зусім не падобны да расейцаў. Нам варта быць больш уважлівымі да тых, каго гэты рэжым беспадстаўна назваў экстрэмістамі і хто цяпер актыўна падтрымлівае сувэрэнную Ўкраіну на ўсясьветных пляцоўках.

І, нарэшце, незалежная беларуская літаратура — гэта шматгранная мастацкая зьява, выразна бачная ў эўрапейскім культурным ляндшафце. У прыватнасьці, я ганаруся тым, што сёньня сярод яе прадстаўнікоў ёсьць такія мудрыя, гарэзьлівыя, вытанчаныя, высакародныя і, у добрым сэнсе, адважныя сябры Ўкраіны і мае асабістыя сябры, як Алесь Плотка».

На старонках кнігі

Верш і здымак. Паводле такога прынцыпу збудаваная кампазыцыя кнігі

Выдаць пераклад удалося дзякуючы гранту праграмы House of Europe. Гэта грант на праекты ў галіне тэатру, музыкі, танцу і выканальніцкіх мастацтваў, створаныя ў супрацы украінскіх і нямецкіх мастакоў. Між іншым, грант працягвае дзейнічаць і зьбірае заяўкі да 1 красавіка.

Аўтары імпрэзы расказалі, што іх матывавала зладзіць такую сустрэчу:

«Гэтай сустрэчай мы хацелі падвесьці вынікі важнага этапу працы па падтрымцы моў Украіны, якія знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня, прадставіць пераможцаў нашых грантаў, супольнага падкасту з Ukraїner „Мовне питання“, а таксама прыцягнуць увагу да актуальнасьці гэтай тэмы і пошуку новых спосабаў яе падтрымкі».

Што тычыцца кнігі Альгерда Бахарэвіча, дык яе зь беларускай на ўкраінскую мову перакладалі Лесік Панасюк і Дарына Гладун. Прычым варта адзначыць, што Панасюк цяпер служыць ва ўкраінскім войску і дзеля ўдзелу ў прэзэнтацыі кнігі ўзяў адпачынак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замежныя зоркі на дзень нараджэньня палітвязьня Андрэя Аляксандрава зачыталі пераклад ягонага вершу на ангельскую