У Польшчу пасьля 2020 году вымушаныя былі зьехаць больш за 50 беларускіх гісторыкаў

Ілюстрацыйнае фота

Перад гэтым на сталай працы ў Польшчы знаходзіліся ня больш за 20 дасьледнікаў зь Беларусі.

Такія лічбы агучылі на круглым стале «Беларускія дасьледнікі і дасьледаваньні Беларусі ў Польшчы: магчымасьці і праблемы», які праходзіў у межах ініцыятывы дзеля разьвіцьця супольнасьці (Community Building Initiatives) праграмы Эўрапейскага Зьвязу EU4BELARUS: Support to Advanced Learning and Training (SALT II).

Суарганізатарамі выступілі Форум гістарычных дасьледаваньняў Беларусі Нямецкага таварыства дасьледаваньня Ўсходняй Эўропы (Бэрлін), Беларускі дасьледчы ўнівэрсытэт імя Астафея Валовіча (Варшава) і Беларуская асацыяцыя адукацыі і навукі (Вільня).

«Пасьля 2020 году ў Польшчу былі вымушаныя выехаць больш за 50 прафэсійных гісторыкаў з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, унівэрсытэтаў, музэяў і архіваў. Гэтая вымушаная міграцыя стала вынікам рэпрэсіўнай палітыкі ў Беларусі, але адначасова прывяла да ўзмацненьня беларусацэнтрычных дасьледаваньняў у Польшчы», — адзначаецца ў прэс-рэлізе аб выніках круглага стала.

Пасьля пераезду частка дасьледнікаў займела міжнародную і польскую падтрымку, што дазволіла ім заставацца ў прафэсіі. Некаторыя атрымалі сталыя працоўныя месцы ў польскіх навуковых і адукацыйных установах. Вынікі працы беларускіх дасьледнікаў замежжа публікуюцца ў навуковай пэрыёдыцы і выходзяць у выглядзе манаграфіяў на беларускай, польскай і ангельскай мовах.

У Польшчы надалей выходзіць спэцыялізаваныя ў беларускай праблематыцы выданьні, у тым ліку «Беларускі гістарычны агляд», заснаваны ў 1994 годзе, «Беларускі гістарычны зборнік» (Białoruskie Zeszyty Historyczne), «Гадавік Цэнтру беларускіх дасьледаваньняў» (Rocznik Centrum Studiów Białoruskich), «Беларусь і Сьвет» і The Free Belarus Journal («Часопіс Вольнай Беларусі»).

У той жа час гэтыя выданьні сутыкаюцца зь фінансавымі цяжкасьцямі і маюць абмежаваную прысутнасьць у міжнародных рэйтынгавых базах. У значнай ступені яны арыентаваныя на беларускую аўдыторыю, што стварае рызыку фармаваньня замкнёнай акадэмічнай прасторы, —зазначалі дыскутанты.

Удзельнікі таксама зьвярнулі ўвагу на скарачэньне кантактаў паміж дасьледнікамі за мяжой і тымі, хто працягвае працаваць у Беларусі. Гэта можа прывесьці да паступовага разыходжаньня акадэмічных дыскурсаў, як гэта ўжо адбывалася ў пэрыяд БССР.

«Сур’ёзным выклікам застаецца рыхтаваньне новага пакаленьня беларусацэнтрычных спэцыялістаў. Многія маладыя гісторыкі і грамадазнаўцы, вымушаныя пакінуць Беларусь, маюць абмежаваныя магчымасьці атрыманьня грантаў, абароны магістарскіх і доктарскіх дысэртацыяў і працягу акадэмічнай кар’еры. Ідэі адкрыцьця магістарскіх праграмаў зь беларускай мовай навучаньня і абароны дысэртацыяў у беларускай праблематыцы па-беларуску абмяркоўваюцца, але сыстэмныя рашэньні пакуль ня знойдзеныя», — адзначаецца ў паведамленьні.

Як першачарговыя задачы ўдзельнікі вылучылі ўзмацненьне каардынацыі беларускага дасьледчага асяродзьдзя за мяжой, пашырэньне тэматыкі дасьледаваньняў і публікацыяў, шырэйшы доступ да навуковых працаў беларусаў замежжа, а таксама супрацу зь беларускім бізнэсам у Польшчы й іншых краінах для пошуку дадатковых крыніц фінансаваньня дасьледаваньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі гісторык Смалянчук атрымаў польска-літоўскую прэмію