Аднак і на стары будынак ва ўладаў ёсьць пляны: імаверна, неўзабаве там пройдзе маштабны рамонт, даведалася «Наша ніва».
Згодна з пашпартам аб’екту, разьмешчаным на будаўнічым плоце па адрасе вуліца Карвата, 74, зь верасьня 2025 году тут вядзецца рэканструкцыя будынку пад разьмяшчэньне ЦІП. Пераабсталяваньне распрацаваў інстытут «Белдзяржпраект», заказчыкам выступае Ўпраўленьне капітальнага будаўніцтва (УКБ) Менгарвыканкаму, а падрадчыкам — Будаўнічае ўпраўленьне № 94 Будтрэсту № 1.
Будаўніцтва фінансуецца зь бюджэту Менску і павінна завяршыцца праз год, у студзені 2027 году.
Раней на гэтым месцы знаходзіўся трохпавярховы будынак з шэрай сілікатнай цэглы, пабудаваны ў канцы 1960‑х гадоў як казарма асобнага навучальнага батальёну сувязі ВПС (в/ч 40858). У 1997 годзе частку расфармавалі, і апошнія гады будынак стаяў закінутым, як і многія іншыя аб’екты былога вайсковага гарадку ў Сьцяпянцы.
Падрыхтоўка да будаўніцтва пачалася яшчэ летам 2023 году, а ўжо ў чэрвені 2024‑га быў гатовы праект. Апошнія зьмены па заўвагах дзяржаўнай экспэртызы ў яго ўнесьлі ў траўні 2025 году.
Згодна з праектам, новы ЦІП — цэлы комплекс будынкаў. Нягледзячы на тое, што работы афіцыйна называюцца «рэканструкцыяй», старую казарму зносяць амаль цалкам, да падмурку, на якім узвядуць новы двухпавярховы адміністрацыйны корпус.
Цокальны паверх адміністрацыйнага будынку аддадзены пад спорт: тут разьмесьцяцца мацоўня і заля рукапашнага бою. Мяркуючы па памерах разьдзявальняў, мужчын сярод пэрсаналу будзе ўтрая больш, чым жанчын.
Першы паверх новага будынку ЦІП на Карвата. Фіялетавым колерам пазначана памяшканьне загрузкі і выгрузкі затрыманых, ружовым — пакой вобшуку са «стаканамі», сінім — душавыя, зялёным — дэзынфэкцыйная, блакітным — прагулачныя дворыкі, чырвоным — камэры
На другім паверсе разьмесьцяцца кабінэты начальства з дывановым пакрыцьцём замест керамагранітнай пліткі, якой высьцеленыя падлогі астатніх памяшканьняў, пакоі адпачынку, гардэробы, душавыя для супрацоўнікаў, бухгальтэрыя, архіў і іншае.
Да паўночнага тарца адміністрацыйнага корпусу прымыкае сам ізалятар — трохпавярховы будынак з падземным узроўнем для архіваў і тэхнічных памяшканьняў.
Генплян. 1 — адміністрацыйны будынак (рэканструкцыя існага), 2 — будынак ЦІП, 3 — КПП, 4 — ангар для захоўваньня транспарту, 5 — трансфарматарная падстанцыя, 6 — падвышальная помпавая станцыя, 7 — дызэль-генератарная ўстаноўка, 8 — помпавая станцыя пажаратушэньня (падземная)
Лягістыка прыёму затрыманых прадумана да дробязяў, адзначае выданьне. Аўтазак заяжджае проста ўнутр будынку праз пад’ёмныя вароты. Адтуль затрыманы трапляе ў калідор, дзе яго чакаюць пакой разбіральніцтва і памяшканьне для вобшуку з дванаццацьцю «стаканамі» (вузкімі боксамі памерам 1,3×1 м). Далей — або душавыя без выразнага падзелу паводле полу, або дэзынфэкцыя.
На першым паверсе таксама разьмяшчаюцца пакоі адпачынку пэрсаналу, прыёму ежы, захоўваньня спэцсродкаў, буфэтная і тэхнічныя памяшканьні.
Варта адзначыць, што новы ЦІП быццам наўмысна разьмешчаны ў адным з самых аддаленых і цяжкадаступных месцаў гораду, дзе няма аніякай жылой забудовы, а толькі закінуты вайсковы гарадок, прамзона і глухі лесапарк абапал. У жніўні 2020 году запісы з жылых дамоў таго, што адбывалася на тэрыторыі Акрэсьціна і крыкі людзей за яго агароджай, пацьвердзілі жорсткія катаваньні пратэстоўцаў. Цяпер, праўдападобна, улады хочуць унікнуць імавернасьці таго, што нехта запіша нешта падобнае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За такія злачынствы амністыя не дапускаецца», — адзін з аўтараў расьсьледаваньня пра масавыя катаваньні на АкрэсьцінаШто чакае Акрэсьціна?
Адначасна з будаўніцтвам новага комплексу улады рыхтуюцца да маштабных работаў у ізалятары на Акрэсьціна. Згодна з дакумэнтацыяй, з 2 сакавіка па 30 чэрвеня 2026 году ў будынку ЦІП на 1‑м завулку Акрэсьціна проста заплянаваны рамонт. Аднак сьпіс работаў выглядае вельмі маштабна. Згодна з каштарысам, у камэрах плянуецца разабраць 387 м² дашчаных падлог.
У пляне будынак мае памеры прыкладна 33 м х 13,5 м. Такім чынам, плошча аднаго паверха складае каля 445 м². У праекце новага ЦІП на вуліцы Карвата плошча ўсіх камэр на адным паверсе складае блізу 60% агульнай плошчы паверха. Можна меркаваць, што і стары будынак уладкаваны падобным чынам. Тады гэта азначае, што мяняць падлогі будуць у камэрах на некалькіх паверхах.
Замест дошак там зальюць палімэрнае пакрыцьцё па бэтоне. Гэта значыць, што ўмовы для «палітычных», якім часта даводзіцца спаць на падлозе ў перапоўненых камэрах, могуць стаць яшчэ больш жорсткімі — ляжаць на тонкім палімэры будзе халадней і цьвярдзей, чым на дрэве.
Таксама на тое, што работы закрануць усе камэры, можа ўказваць тое, што ў каштарысе прапісаная замена 100 м² аконных праёмаў і кратаў. Улічваючы невялікі памер турэмных вокнаў (1,5-2,2 м² у камерах на вул. Карвата), гэта можа азначаць замену вокнаў практычна ва ўсім будынку.
Правядзеньне такіх работ немагчымае бяз поўнага высяленьня вязьняў. Куды перавядуць людзей на час рамонту, пакуль невядома. Афіцыйна пра закрыцьцё старога ізалятара ўлады нічога не пісалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–сьнежань 2020. Мы — сьведкі.„Таварыш з аўтаматам зьвяртаўся да нас «бандыты»“. АБНАЎЛЯЕЦЦА