Нямецкія вайскоўцы заявілі, што Расея і Беларусь парушаюць іх сыстэмы сувязі на Балтыцы

Нямецкі танк Leopard 2 на вучэньнях у Літве. Архіўнае фота

Цяпер Нямеччына стварае сваю вайсковую брыгаду ў Літве, за чым уважліва сочаць Расея і Беларусь.

Чакаецца, што нямецкую брыгаду разгорнуць у Літве да канца 2027 году. Яе мэта — паслаць Маскве сыгнал запалохваньня, каб захоўваць мір, кажа камандзір брыгады Крыстаф Губэр.

Пры патрэбе мы будзем абараняць «кожны сантымэтар тэрыторыі NATO», каб адстаяць свабоду, заявіў брыгадны гэнэрал.

Нядаўна сыстэмы сувязі на Балтыцы былі парушаныя, гэта апошні з сэрыі вядомых інцыдэнтаў, у тым ліку стварэньня перашкодаў GPS-навігацыі, перадае Радыё Баварыі (Bayerischer Rundfunk).

Як пацьвярджае Бундэсвэр, у мінулым нямецкія сыстэмы сувязі зазнавалі спарадычныя ці пэрыядычныя перабоі, справакаваныя «расейскімі або беларускімі войскамі». Такія перабоі часам ствараюць праблемы, бо без надзейнай сувязі камандаваць падразьдзеламі цяжка. Відавочна, што гэтыя перабоі — частка цэлай сэрыі інцыдэнтаў, якія таксама ўплываюць на цывільныя паветраныя і морскія перавозкі ў Балтыйскім рэгіёне.

Пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну гэтыя шкодныя інцыдэнты з боку Расеі пачасьціліся, гаворыцца ў заяве Міністэрства абароны Літвы. Ідзецца аб безупынных перашкодах для GPS-навігацыі. Паводле нямецкага віцэ-адмірала Томаса Даўма, на месцы можна назіраць «увесь спэктар шкодных захадаў» — ад кібэратак і глушэньня радыёлякацыйнай сувязі ці сувязі авіядыспэтчараў да кампаніяў дэзынфармацыі.

Даўм як генэральны інспэктар узначальвае нямецкія сілы кібэр- і інфармацыйнай прасторы (CIR). Спэцыялістаў гэтай галіны ўзброеных сілаў Нямеччыны рэгулярна накіроўваюць у краіны Балтыі, растлумачыў Даўм у інтэрвію Баварскаму радыё.

Даўм заявіў, што адпаведныя расейскія дзеяньні былі даказаныя:

«Салдаты маюць уражаньне, што яны не адны ў размове з сваімі блізкімі дома. Вядома, усё гэта мае шмат розных прычын. Гэта таксама мае на мэце пасеяць няпэўнасьць».

Даўм падкрэсьлівае, што расейскія вайскоўцы маюць значныя магчымасьці ў радыёэлектроннай барацьбе. Ёсьць адпаведныя падразьдзелы, перадусім у Калінінградзе. Расея разглядае радыёэлектронную барацьбу як асноўны кампанэнт сваіх ваенных апэрацыяў, выкарыстоўваючы яе для асьляпленьня і аглушэньня ворага і тым самым падтрымкі ўласных апэрацыяў, зазначае Даўм.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва пачала будаваць базу для нямецкіх вайскоўцаў непадалёк ад мяжы зь Беларусьсю