Як адзначаецца ў відэаматэрыяле тэлеканалу «1+1», у Міністэрстве абароны Ўкраіны заявілі, што мова ідзе не пра ліквідацыю, а пра маштабную трансфармацыю.
«Цяпер падразьдзелы іншаземцаў становяцца лінейнымі батальёнамі штурмавых палкоў і атрымліваюць больш рэсурсаў і бронетэхнікі», — адзначаецца ў матэрыяле.
Іншаземцы, якія ваююць у падразьдзелах Інтэрнацыянальнага легіёну, паведамілі журналістам тэлеканалу, што яны нікуды ня зьніклі. «Мы і так пяхотны батальён Інтэрнацыянальнага легіёну Ўкраіны. Брэнд захоўваецца. Полк не ўспрымае нас асобна, мы ўжо адна сям’я», — сказаў іншаземец, які ваюе ў адным з замежных падразьдзелаў пад пазыўным «Чачэн».
Паводле яшчэ аднаго вайскоўца з пазыўным «Мота», у ранейшай структуры замежныя падразьдзелы, якія працуюць з дронамі, мелі абмежаваныя магчымасьці. «Мы вельмі эканомілі нашыя (дроны) „Вампіры“, паколькі гэта быў наш адзіны сродак. Але цяпер у складзе Code 9.2 у нас больш рэсурсаў, больш дронаў, больш бомб. Мы можам разбамбіць больш расейцаў і маем шанц забраць акупаваную імі зямлю», — дадаў вайсковец.
Камандзір роты бесьпілётнікаў у адным з падразьдзелаў легіёну з пазыўным «Джэфры» таксама зьняпраўдзіла інфармацыю аб тым, што іншаземцаў пачалі адпраўляць у пяхотныя атакі.
«Усе людзі пайшлі на тыя ж пасады, якія ў іх былі. Пілёты пайшлі ў пілёты, пяхота пайшла ў пяхоту. Ніводнага пілёта з майго падразьдзелу не забралі ў штурмавікі», — адзначыла «Джэфры».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хто вырашыў бараніць Украіну, ужо трапіў у палітыку». Што цяпер адбываецца з палком КаліноўскагаЛетам 2025 году стала вядома, што падразьдзелы Інтэрнацыянальнага легіёну, у тым ліку палка Каліноўскага, перападпарадкавалі ўкраінскім падразьдзелам розных відаў войскаў, а таксама Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны.
Летась у кастрычніку камандзір палку Каліноўскага Павал «Дзядзька» Шурмей апублікаваў відэаазварот, у якім паведаміў пра зьмены ў кіраўніцтве фармаваньня, а таксама агучыў пляны пашырэньня палітычнай дзейнасьці. Паводле яго, усе ключавыя рашэньні будзе прымаць рада камандзіраў.
У ліпені 2024 году полк імя Кастуся Каліноўскага абвясьціў пра закрыцьцё свайго рэкрутынгавага цэнтру ў Варшаве. Тады паведамлялася, што за 2,5 года вайны празь яго прайшлі некалькі тысяч беларусаў і тоны важных тавараў для фронту. Спыненьне ўласнага рэкрутынгу было зроблена на выкананьне кіраўніцтва Інтэрнацыянальнага легіёну Мінабароны Ўкраіны. Пасьля гэтага новых байцоў набіралі праз сыстэму гэтага легіёну ва Ўкраіне.