Пра гэта паведаміла Дыяна Давіцян, кіраўніца службы сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Рустама Умерава.
Яна не расказала аб дэталях сустрэчы, адзначыўшы, што перамовы 18 лютага працягваліся прыблізна дзьве гадзіны і што сустрэчы завяршылі абедзьве падгрупы — вайсковая і вайскова-палітычная.
Рустам Умераў у выніку перамоваў заявіў, што «праца была інтэнсіўнай і змястоўнай»:
«Мы дзякуем амэрыканскім партнэрам за тое, што працэс не спыняецца і павінен працягвацца. Мы дзякуем швайцарскаму боку за гасьціннасьць і нададзеную плятформу.
У складзе дэлегацыі працавалі палітычны і вайсковы блёкі. Мы абмеркавалі парамэтры бясьпекі і мэханізмы рэалізацыі магчымых рашэньняў. Некаторыя пытаньні былі ўдакладненыя, у той час як у асобных выпадках працягваецца дадатковая каардынацыя.
Мы сканцэнтраваныя на дэталізацыі ключавых палажэньняў, неабходных для завяршэньня працэсу. Гэта складаная праца, якая патрабуе згоды ўсіх бакоў і часу. Прагрэс ёсьць, але пакуль без дэталяў.
Наступны этап — дасягненьне неабходнага ўзроўню каардынацыі, каб вынесьці распрацаваныя рашэньні на разгляд прэзыдэнтаў. Наша задача — падрыхтаваць рэальную, а не фармальную, аснову для гэтага. Украіна працуе канструктыўна. Канчатковая мэта нязьменная — справядлівы і ўстойлівы мір».
Будынак, у якім праходзілі перамовы, Жэнэва, 18 лютага 2026 году
Прадстаўнік Расеі на перамовах Уладзімір Мядзінскі заявіў, што перамовы «былі цяжкімі, але дзелавымі». Паводле яго, перамовы 17 лютага ішлі «вельмі доўга» ў розных фарматах.
«І вось яшчэ сёньня каля дзьвюх гадзін. Яны былі цяжкія, але дзелавыя. Неўзабаве адбудзецца наступная сустрэча. Гэта ўсё, што мы хацелі сказаць», — сказаў ён.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі расказаў журналістам, што ў Жэнэве абмяркоўваліся два кірункі — вайсковы і палітычны, у вайсковым кірунку ўсе бакі былі канструктыўнымі. Маніторынг спыненьня агню сапраўды быў бы пры ўдзеле амэрыканскага боку, сказаў ён, назваўшы гэта канструктыўным сыгналам.
«Што тычыцца палітычнага складніку — гэта адчувальныя пытаньні. Усход, а таксама станцыя. Будзе шырэйшы даклад. Пакуль пазыцыі розныя, бо перамовы былі няпростымі. Дамовіліся ісьці далей і працягваць. Такога прагрэсу, як у вайсковым пляне, я не пачуў», — цытуе Зяленскага «Суспільне».
У інтэрвію Axios прэзыдэнт Зяленскі раней паведаміў, што ўкраінцы адпрэчаць мірнае пагадненьне, калі яно будзе прадугледжваць аднабаковы вывад украінскіх войскаў з Данбасу і перадачу гэтага рэгіёну Расеі.
«Эмацыйна людзі ніколі гэтага не прабачаць. Ніколі. Яны не прабачаць мне, яны не прабачаць [ЗША]», — сказаў ён, дадаўшы, што ўкраінцы ня могуць зразумець, чаму ад іх патрабуюць саступіць зямлі.
«Гэта частка нашай краіны, усе гэтыя грамадзяне, сьцяг, зямля», — дадаў прэзыдэнт Украіны.
Ён зноў падкрэсьліў, што найлепшы спосаб дабіцца прарыву ў пытаньні тэрыторыяў — гэта яго асабістая сустрэча з прэзыдэнтам Расеі.
Зяленскі сказаў, што даручыў сваёй камандзе ўдакладніць магчымасьць будучай сустрэчы на ўзроўні лідэраў у Жэневе.
Папярэдні раўнд перамоваў адбыўся 4–5 лютага ў Абу-Дабі і быў ахарактарызаваны ўсімі бакамі як канструктыўны. У яго выніку Расея і Ўкраіна абмяняліся ваеннапалоннымі ў фармаце «157 на 157».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Жэнэве праходзіць новы раўнд перамоваў паміж ЗША, Украінай і Расеяй