Праваабарончая арганізацыя Respect — Protect — Fulfill падрыхтавала справаздачу пра дыскрымінацыю жанчын ва ўмовах несвабоды. Пераказваем яе зьмест.
Юрысткі арганізацыі грунтоўна апыталі 12 рэспандэнтак — былых зьняволеных. Сярод іх былі ня толькі асуджаныя па „палітычных“ артыкулах, але таксама пакараных абмежаваньнем волі паводле звычайных крымінальных артыкулаў.
«Спадзяемся, што палітзьняволеных неўзабаве стане значна менш або ўвогуле не застанецца. Але ўсё адно жанчыны будуць трапляць у месцы несвабоды. І хацелася б, каб умовы ўтрыманьня іх там былі не прыніжальныя для чалавечай годнасьці. Інтэрвію адной жанчыны доўжылася тры дні. Мы вывучалі ня толькі тое, што яны апавядалі, але і дакумэнты — ад малюнкаў, зробленых за кратамі, да разьліковых лісткоў за працу на швейнай фабрыцы ў папраўчай калёніі № 4», — удакладняе юрыстка (супрацоўніцы арганізацыі не называюць сваіх імёнаў публічна з пытаньняў бясьпекі — РС).
Адна з мэтаў дасьледаваньня — данесьці інфармацыю да ўплывовых міжнародных арганізацыяў, у першую чаргу да Камітэту ААН у пытаньнях ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын. А гэта ня так проста, апавядае другая юрыстка Respect — Protect — Fulfill.
«Усяго мы падалі 6 скаргаў, 4 зь іх зарэгістраваныя. Але часам ёсьць непаразуменьне з боку Камітэту. Нам задавалі пытаньне, чаму мы ня вычарпалі ўнутраных рэсурсаў (спосабаў абскардзіць умовы ўтрымання на нацыянальным узроўні. — РС) аб жанчынах, якія знаходзіліся ў рэжыме інкамунікада. Не хапала аргумэнтаў — чаму гэта немагчыма ва ўмовах Беларусі. Яшчэ адна мэта — юрыдычная ацэнка правапарушэньняў», — тлумачыць юрыстка.
Гомельская жаночая калёнія. Жылая зона. Архіўнае фота
Аўтары дакладу кантактавалі з жанчынамі, якія былі ўвязьненыя ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) і ў ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ) на завулку Акрэсьціна ў Менску, у СІЗА ў розных гарадах Беларусі, у «Амэрыканцы» (СІЗА КДБ), у новым менскім СІЗА № 1, якое пераехала з вуліцы Валадарскага ў Калядзічы, а таксама ў жаночых папраўчых калёніях — гомельскай ПК-4 і рэчыцкай ПК-24 (для жанчын-рэцыдывістак).
«Арыентаваліся мы і на тэкст Канвэнцыі аб ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын. Там, на жаль, агульныя палажэньні, размытыя фармулёўкі.
Што тычыцца ўмоваў утрыманьня — у Канвэнцыі пра іх няма нічога. Але ёсьць агульныя рэкамэндацыі. Таму мы вывучалі таксама іншыя дакумэнты, да прыкладу, Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах», — тлумачыць юрыстка.
Вуаерызм (фр. voyeurisme) — падгляданьне
Жанчын і мужчын у месцах несвабоды павінны ўтрымліваць асобна, зьвяртаюць увагу аўтары дакладу. Гэта неканечне асобная ўстанова, можа быць крыло, жаночы корпус.
«Але, да прыкладу, на „Валадарцы“ ў так званым „жаночым корпусе“ знаходзіліся і мужчыны, а гэта парушэньне бясьпекі жанчын. Абавязкова павінен быць жаночы пэрсанал. Сэксуалізаваныя дамаганьні — гэта ня толькі дотык супрацоўніка-мужчыны да зьняволенай. Нават калі мужчына-назіральнік назірае за голай жанчынай — гэта таксама дамаганьне. Часта здараюцца сытуацыі, калі правядзеньне „голага вобшуку“ нічым не прадугледжана, але яго праводзяць», — канстатуе юрыстка.
Былы СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Менску, Скрыншот зь відэа motolkohelp, 2020 год
Паводле аўтараў справаздачы, адна рэспандэнтка апавядала, што калі жанчын прывозілі ў СІЗА, рэчы іх зьмяшчалі на стужку, як у аэрапорце, была мэталічная рамка. Пры гэтым прысутнічалі мужчыны. Другая рэспандэнтка расказала, што відэакамэры ў камэрах накіраваныя на прыбіральню альбо на ўмывальнік. Гэта таксама сэксуалізаванае дамаганьне, зьвяртаюць увагу дасьледнікі. У дакладзе зазначана, што за кратамі жанчыны чуюць шмат камэнтароў, зьнявагаў, зьвязаных з жаночым гендэрам: у ЦІП, ІЧУ жанчын называюць спрэс «цёткамі» альбо «бабкамі».
Дыскрымінацыйнымі можна лічыць і развагі, камэнтары, якія адлюстроўваюць стэрэатыпы аб жанчыне ў грамадзтве, накшталт «сядзелі б лепш у хаце», «лепш ды дзяцей нараджалі», «лепш бы баршчы варыла».
Мэдычная дапамога
Пра кепскі стан мэдыцыны за кратамі расказваюць усе былыя палітзьняволеныя жанчыны. Асаблівую ўвагу зьвяртаюць на стан гінэкалягічнай дапамогі.
«Абсталяваньне гінэкалягічных кабінэтаў у калёніях састарэлае, гінэкалягічнае крэсла — на першым паверсе, каля вакна. Жанчын не адвозяць у цывільныя мэдычныя ўстановы, хоць ім патрэбная адмысловая дапамога. Адмаўляюць жанчынам у гарманальных леках. Што да цяжарных, на паперы ўсё выглядае прыгожа: жанчынам, што чакаюць дзіця, належыць узмоцненае харчаваньне (у рацыён дадаюць масла, яйкі, тварог). Але на праверцы цяжарныя пры ўсякім надвор’і стаяць на дварэ па паўгадзіны — гэта дадатковы стрэс і ціск. Жанчыны нараджаюць у цывільных гарадзкіх бальніцах. Але вязуць іх туды пад канвоем у кайданках», — расказваюць юрысткі.
ІЧУ на завулку Акрэсьціна ў Менску, архіўнае фота
Пасьля родаў жанчын адпраўляюць у атрад ПК-4 вельмі хутка, літаральна праз пару тыдняў.
«Наладзіць грудное выкормліваньне дзіцяці — нерэальна. Кантактаваць зь дзіцем жанчына можа толькі па-за працай, а на працу на фабрыку яе накіроўваюць вельмі хутка», — сьцьвярджае юрыстка Respect — Protect — Fulfill.
Паводле аўтараў дакладу, некаторыя жанчыны ў інтэрвію апавядалі, што іх шантажуюць немагчымасьцю кантактаваць зь дзецьмі. Калі жанчына знаходзіцца ў ПК-24 (для рэцыдывістаў) у Зарэччы, і высвятляецца, што яна цяжарная, яе пераводзяць у ПК-4, яна там і застаецца
«Тут рэалізуюцца стэрэатыпы: трапіла ў турму — значыць ты дрэнная маці, маўляў, „мы самі вырашым, ці дазваляць табе кантактаваць зь дзіцем“», — гаврыць адна з аўтарак дасьледаваньня.
Ружовыя сукенкі
Дазволеная форма адзеньня жанчын у калёніі — ружовая сукенка, спадніца, пінжак колеру хакі. Сваё можна надзець толькі за гадзіну перад адбоем.
«Навошта ружовенькая сукенка? Нязручны для працы колер. Мужчынам можна насіць кальсоны, нацельную кашулю. А жанчыны ў спадніцы і пінжаку павінны штосьці разгружаць або прыбіраць сьнег — гэта ж так нязручна! „Не паложаны“ рукавіцы, пальчаткі. Чаравікі штучныя, дэрматынавыя, вусьцілкі папяровыя. А клетка ў гомельскай ПК-4 перад уваходам на фабрыку — гэта жах! У мужчынскіх калёніх такога няма. Туды жанчын зьмяшчаюць і ў мароз, і ўвечары, калі цёмна. А потым — у ШЫЗА, дзе вельмі халодна і няма пасьцельнай бялізны», — апавядае юрыстка Respect — Protect — Fulfill.
Ружовыя сукенкі, якія вязьні гомельскай жаночай калёніі носяць у цёплы пэрыяд году. Архіўнае фота
Аўтары дасьледаваньня таксама заўважаюць, што плян, выпрацоўка на фабрыцы завышаныя. Каб выканаць плян, жанчыны часта застаюцца працаваць і пасьля зьмены, выходзяць на фабрыку ў адзіны выходны.
Акрамя абавязковай працы — абавязковыя дзяжурствы або прымусовыя разгрузкі-пагрузкі. Што да аплаты працы — калі няма досьведу, ёсьць праблемы са зрокам, то жанчыны атрымліваюць літаральна капейкі за месяц працы.
Ёсьць і іншыя прыклады дыскрымінацыі, зьвяртаюць увагу юрысты. Яны датычаць людзей з інваліднасьцю, бываюць праявы эйджызму, дыскрымінацыі за колер скуры, ужываньне беларускай мовы. Таксама дасьледнікі зафіксавалі выпадкі прымушэньня «перабіваць» татуіроўкі, апавядае юрыстка.
«Жанчын прымушалі „перабіваць“ татуіроўкі: адну з нумарам вядомага артыкулу 23.34, другую — з так званым „кельцкім крыжам“. А „перакрыцьцём“ гэтых тату займалася жанчына зь ВІЧ і гепатытам», — кажа юрыстка, якая правяла некалькі інтэрвію з былымі зьняволенымі.
Яна таксама дадае, што за кратамі ў Беларусі жанчын часта дыскрымінуюць па ўзросьце. Пэнсыянэрак не вызваляюць ад дзяжурстваў. Ёсьць таксама праблемы з абскарджваньнем умоваў утрыманьня, цэнзура перапіскі, праблемы доступу да адвакатаў.